Калі ў Лідзе з'явіліся першая тэлефонная лінія і тэлефонная станцыя

07 Сентября 2018 5593


Мікрараён Ферма. На скрыжаванні, дзе тэлефонная лінія зварочвала на поўнач, да замка, стаяла канструкцыя з трох слупоў.

Правадны тэлефон – гэта сёння рэч не проста банальная. Як сродак сувязі ён на нашых вачах імкліва становіцца ўстарэлым. А некаторыя наогул цудоўна абыходзяцца без яго. І цяжка паверыць, што не так даўно, яшчэ гадоў 20 назад, нямала людзей стаялі ў чарзе на ўстаноўку хатняга праваднога тэлефона, бо мабільнікаў у шырокім ужытку яшчэ не было. 

Ну а ў канцы ХІХ стагоддзя тэлефонная сувязь была амаль цудам. «Тэлеграфнае ўстройства, пры дапамозе якога можна перадаваць чалавечую гутарку», было запатэнтавана ў 1876 годзе ў Вашынгтоне. У першыя гады існавання «говорящего телеграфа» адлегласць яго дзеяння не перавышала 500 метраў. Але ўжо ў 1891 годзе ў ЗША быў атрыманы патэнт на аўтаматычную тэлефонную станцыю. Тэлефонныя сеткі хутка выйшлі за межы гарадоў. У першым дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя ў шэрагу еўрапейскіх краін і Расіі колькасць абанентаў лічылася ўжо ў сотнях тысяч. 

На тэрыторыі Беларусі першыя тэлефоны з’явіліся ў 1890 годзе – на мінскіх паліцэйскіх участках. А 14 лістапада 1896 года ў Мінску была здадзена ў эксплуатацыю першая ў гісторыі нашай краіны дзяржаўная тэлефонная станцыя – на 100 нумароў. У пачатку ХХ стагоддзя тэлефонныя станцыі таксама з’явіліся ў найбольш буйных і важных гарадах – у Пінску (1904 г.), Магілёве (1904 г.), Віцебску (1905 г.), Брэсце (1907 г.), Гродне (1907 г.), у тым ліку і ў Лідзе (1909 г).

Цікава, што самая першая тэлефонная лінія з’явілася ў Лідзе яшчэ да будаўніцтва станцыі. У 1907 годзе паміж піўнымі заводамі Мейлаха і Абрама Пупко і нашчадкаў Янкеля Папірмейстра была праведзена зусім кароткая лінія даўжынёй 200 метраў. 

28 верасня 1909 года камандзір 172-га Лідскага пяхотнага палка палкоўнік Уладзімір Раманаў звярнуўся да віленскага губернатара Дзмітрыя Любімава: «Ввиду разбросанности частей полка, расположенных в городе Лиде, прошу разрешения Вашего на проведение между ними телефона, по прилагаемому при сем плану, с обозначением телефонной линии». Губернатар і губернскае будаўнічае ўпраўленне далі  на гэта згоду, Віленская паштова-тэлеграфная акруга выдала дазвол.  

Паўночны гарадок у той час яшчэ толькі будаваўся, тры батальёны пяхотнага палка размяшчаліся ў горадзе на пастоі. 

Увесну 1910 года паветраная тэлефонная сетка аб’яднала падраздзяленні палка. Канструкцыя тэлефоннай сеткі ўяўляла сабой устаноўленыя ўздоўж вуліц драўляныя слупы, на якія былі падвешаны стальныя правады дыяметрам 2,2 міліметра. Усяго, у адпаведнасці з планам, было пастаўлена 38 слупоў. Адлегласць паміж імі складала да 70 метраў. Агульная даўжыня тэлефоннай лініі склала 2,3 кіламетра. 

Тэлефонны слуп з ізалятарамі на вуліцы Каменскай (зараз Ленінская).

Пачыналася тэлефонная сетка 172-га пяхотнага палка ад каталіцкіх могілак (зараз – старыя могілкі па праспекце Перамогі) і ішла ў напрамку замка. На скрыжаванні  (прыкладна там, дзе сёння скрыжаванне вуліц Радзюка і Камсамольскай), дзе лінія збочвала на поўнач, да крэпасці, стаяла цікавая канструкцыя з трох слупоў. Далей лінія перасякала мікрараён Ферма (сёння гэта тэрыторыя прыкладна паміж замкам і могілкамі па пр. Перамогі, чыгункай і Лідзейкай) і выходзіла на вуліцу Замкавую. За крэпасцю тэлефонная лінія працягвалася па вуліцы Крывой, перасякала вуліцу Каменскую (зараз Ленінская) і выходзіла на Садовую (сёння – прыкладна раён хімчысткі). З Садовай лінія зварочвала на Школьную (сёння – Кірава), перасякала ўсходнюю ўскраіну Выгана (сёння на месцы гэтага раёна – гарадскі парк) і даходзіла да вуліцы Крупаўскай (сёння – 8 Сакавіка). Адтуль тэлефонная лінія разгаліноўвалася. Асобнымі трыма адгалінаваннямі яна выходзіла на вуліцу Віленскую (зараз Савецкая) – да штаба палка (сёння на гэтым месцы – музвучылішча), месцазнаходжання 3-га батальёна і дома камандзіра 172-га пяхотнага палка (сёння ў ім месціцца аддзел садзейнічання занятасці).    

«Мозг» гэтага аб’екта – тэлефонная станцыя – размясціўся ў штабе палка. Кожнае падраздзяленне палка было злучана са станцыяй асобным провадам. На тэлефоннай станцыі сядзеў салдат, які злучаў на камутатары два правады. Каб здзейсніць званок, трэба было паслядоўна зрабіць шэраг дзеянняў. Вось што гаворыцца ў інструкцыі таго часу: «Абонент, желающий вести разговор, должен вызвать центральную станцию с помощью индуктивного звонка, но не снимая рецептора с аппарата. Не ожидая ответа звонком от центральной станции, следует указать номер требуемого абонента, и когда станция ответит «Готово», повторить вызов звонком. После окончания разговора следует повесить рецептор и дать три отрывистых звонка, уведомляя таким образом центральную станцию, что разговор окончен».


План тэлефоннай лініі 172-га пяхотнага палка ў горадзе Лідзе (пачатак ХХ стагоддзя)

Текст: Светлана Медуница (материал подготовлен на основе научных исследований старшего научного сотрудника Лидского историко-художественного музея В. Сливкина)Светлана Медуница (материал подготовлен на основе научных исследований старшего научного сотрудника Лидского историко-художественного музея В. Сливкина)
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться