Урок па-за школай. Неабыякавае сТАЎЛенне да ТАЎЛая
У дзявяты раз у нашай краіне прайшоў “Фэст экскурсаводаў” – штогадовая рэспубліканская акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, у рамках якой ва ўсіх рэгіёнах Беларусі можна было бясплатна наведаць экскурсіі самай рознай тэматыкі. Далучыліся да акцыі і некаторыя лідскія экскурсаводы. У іх ліку – навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун, які распрацаваў маршрут “сТАЎЛенне” (па аб’ектах нашага горада, звязаных з лідскімі старонкамі біяграфіі беларускага паэта, публіцыста, грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая) і правёў аднайменную аглядную пешаходную экскурсію па гэтым маршруце.
– Назва маршрута – “сТАЎЛенне” – прыдумана мной па аналогіі з назвай “ДАБРОўкі” (гульню-квест пад такой назвай праводзіць літаратурны музей імя Петруся Броўкі ў Мінску), – расказвае Алесь. – Назва ж “сТАЎЛенне” сугучная з прозвішчам Таўлай і як бы падкрэслівае неабыякавае стаўленне, неабыякавыя адносіны ўдзельнікаў экскурсіі да паэта, яго жыцця і літаратурнай спадчыны.
А ўдзельнічалі ў праведзенай Алесем Хітруном экскурсіі, прайшліся лідскімі шляхамі Валянціна Таўлая вучні 5-6-х класаў сярэдняй школы № 11, а таксама некаторыя сябры літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Экскурсія “сТАЎЛенне” праводзілася і ў мінулым годзе, аднак на гэты раз прагучалі ў аповедзе экскурсавода і новыя факты, якія датычацца лідскіх старонак жыцця Валянціна Таўлая (аб гэтых фактах Алесь даведаўся літаральна напярэдадні правядзення экскурсіі).
Зразумела, адпраўной кропкай маршруту быў так званы домік Таўлая (літаратурны аддзел гістарычна-мастацкага музея) па вуліцы Замкавай, у якім паэт жыў у 1939-1941 гадах, у перыяд сваёй працы ў газеце “Уперад” (папярэдніцы “Лідскай газеты”). Экскурсанты наведалі мемарыяльны пакой паэта, пачулі агульныя звесткі аб яго жыцці і творчасці, азнаёміліся з некаторымі фотаздымкамі з таго перыяду яго жыцця. Дарэчы, Алесь падзяліўся планамі адносна гэтага пакоя – заказаць крэсла-качалку (па ўспамінах сястры Таўлая Ніны Паўлаўны, такое крэсла тут некалі было, яна, на той час малое дзіця, любіла гушкацца, седзячы ў ім).
З доміка Таўлая экскурсанты накіраваліся на тэрыторыю мэблевай фабрыкі, дзе ў гады вайны знаходзілася фашысцкая турма, куды ў верасні 1943 года быў кінуты Валянцін Таўлай (разам з бацькам, мачахай і сястрой) за падпольную і партызанскую дзейнасць. Па папярэдняй дамоўленасці, экскурсію па памяшканнях колішняй турмы дапамагла правесці намеснік дырэктара фабрыкі па ідэалагічнай рабоце Ларыса Енза, за што Алесь падарыў ёй кнігу аб Валянціне Таўлаі “Этапы жыццёвых дарог”. Школьнікам і іншым удзельнікам экскурсіі было дазволена спусціцца ў сырыя, цёмныя падвальныя памяшканні цяперашняй фабрыкі, дзе некалі былі турэмныя камеры (і сёння ў дзвярах былых камер убачыш вочкі, у якія глядзелі фашысцкія наглядчыкі, “кармушкі”, куды клалі мізэрную ежу для вязняў). Наведванне гэтага пункта “таўлаеўскага” маршруту асабліва ўразіла дзяцей.
Наступнай кропкай маршруту стаў раён бульвара Гедыміна і вуліцы Труханава (дзе знаходзіцца аптэка) – дзесьці ў гэтым раёне жылі бацька і мачаха Валянціна Таўлая, аднак дзе дакладна стаяў той бацькоўскі дом, сёння можна толькі меркаваць. Праліць святло на гэтае пытанне паспрабаваў мясцовы старажыл Мікалай Канстанцінавіч Чылек, з якім Алесь Хітрун выпадкова пазнаёміўся літаральна напярэдадні экскурсіі і якога папрасіў расказаць удзельнікам экскурсіі аб сваіх меркаваннях. На думку Мікалая Канстанцінавіча, драўляная хата, у якой жылі бацька і мачаха Валянціна Таўлая, знаходзілася насупраць аўтавакзала, амаль на тым месцы, дзе сёння стаіць дом № 2 па бульвары Гедыміна.
Наведалі экскурсанты і месца за паўночнай сцяной замка – у гэтым месцы некалі стаяла польская школа № 5 імя Людвіка Нарбута (там Таўлай атрымліваў пачатковую адукацыю, менавіта ў той час ён напісаў свой першы верш – “Верабейкі” (“Wrobelki”, на польскай мове)). Алесь Хітрун зачытаў успаміны Валянціна Таўлая аб той школе, паказаў фотаздымак, на якім вучні школы, у тым ліку маленькі Валя Таўлай, заснятыя на фоне заходняй замкавай сцяны. Школьнікі-экскурсанты сталі менавіта на тое месца каля сцяны, на якім амаль стагоддзе назад фатаграфаваліся тыя школьнікі – вучні 5-й польскай школы.
Пра астатнія кропкі маршруту “сТАЎЛенне” экскурсавод проста расказаў – яны знаходзяцца ў розных накірунках, і на наведванне іх пайшло б шмат часу. Згадваючы аб прыкладным месцы, дзе перад самай вайной знаходзілася рэдакцыя газеты “Уперад”, у якой працаваў Валянцін Таўлай (дзесьці недалёка ад завода харчканцэнтратаў), Алесь адзначыў, што літаральна на днях лідскі краязнавец Леанід Лаўрэш перавярнуў яго ўяўленне аб тым, дзе тады месцілася рэдакцыя. Леанід Лявонцьевіч лічыць, што будынак рэдакцыі знаходзіўся не каля сучаснай вуліцы Таўлая, а дзесьці за саборам, дзе зараз стаіць скульптура мядзведзя. Зразумела, згадаў Алесь і аб сучасным будынку рэдакцыі “Лідскай газеты” па вуліцы Ленінскай, на якім змешчана мемарыяльная дошка ў памяць аб паэце, аб вуліцы, якая носіць імя паэта, аб бібліятэцы-філіяле імя Таўлая па вуліцы Фурманава. Усё гэта – таксама прыпынкі “таўлаеўскага” маршруту.
Праведзеная экскурсія не пакінула абыякавымі яе ўдзельнікаў, спадабалася і запомнілася ім.
– Цікава было прайсціся дарогамі Валянціна Таўлая, – гаворыць вучаніца 5-га класа 11-й школы Ксенія Краснадубская, – убачыць і ўявіць, дзе ён жыў, вучыўся, адбываў зняволенне. Наведванне месца былой турмы мяне асабліва ўразіла. Уразіў і мемарыяльны пакой у доміку Таўлая. Думаю, у будучым я яшчэ не раз наведаюся ў літаратурны аддзел, даведаюся аб Валянціне Таўлаі яшчэ больш.
– Я як быццам падарожнічала ў часе, – дадае Ганна Юнда, равесніца Ксеніі. – Не толькі слухаць аповед аб паэце, але і прайсціся яго шляхамі – вельмі цікава і пазнавальна, жыццё паэта тады становіцца бліжэй, звесткі аб ім лягчэй западаюць у памяць. Дзякуй арганізатару экскурсіі за прадастаўленую магчымасць здзейсніць падарожжа па “таўлаеўскай” Лідзе, па лідскіх старонках жыцця Валянціна Таўлая.