У Лідзе прайшло мерапрыемства з нагоды заканчэння навучальнага года ў літоўскай школе выхаднога дня

29 Мая 2019 1218
У мінулы аўторак грамадскае аб’яднанне літоўцаў “Рута” ладзіла імпрэзу з нагоды заканчэння навучальнага года ў літоўскай школе выхаднога дня. На гэтым мерапрыемстве пабываў журналіст “Лідскай газеты”.  Яшчэ да пачатку ўрачыстай часткі пагутарыў з некаторымі  прысутнымі.

– У гэтым навучальным годзе школу выхаднога дня, што працуе пры нашым грамадскім аб’яднанні, наведвала дваццаць дзяцей і дзесяць дарослых, – казала кіраўнік ГА літоўцаў “Рута” Марына Міцюкевіч. – Па традыцыі на мерапрыемстве так званага апошняга званка нашы навучэнцы дэманструюць у песнях і танцах, што спасціглі за час вучобы.

– У сярэдняй  школе №12, у якой займаюся, я вывучаю беларускую, рускую і англійскую мовы, а дадаткова, у вольны час, наведваю заняткі па вывучэнні літоўскай і польскай. Я згодна з бацькамі, якія кажуць, што сучасны чалавек павінен ведаць не толькі сваю мову і мову міжнародных зносін, але і мову суседніх з Беларуссю краін. Мне цікава вучыцца, і ў школе выхаднога дня аб’яднання “Рута” ў прыватнасці, – дзялілася сваімі думкамі Марта Карповіч.

– Літоўскую школу выхаднога дня наведвае ўнучка Дамініка, таму сёння я і прыйшоў на мерапрыемства з нагоды заканчэння навучальнага года. Задаволены, што ў Лідзе  арганізаваны такія заняткі, дзе маецца магчымасць вывучаць мову, культуру, гісторыю літоўскага народа. Для нашай сям’і гэта немалаважна, бо радавыя карані ідуць з Літвы.  Сам я там нарадзіўся. Потым, у часы Савецкага Саюза, набыўшы прафесію, аказаўся ў Расіі, а ў гады перабудовы з сям’ёй пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Ліду – на радзіму жонкі, – расказваў Альгімантас Струмскіс.

Падчас самой імпрэзы прысутныя  змаглі пераканацца, як дзеці засвоілі веды, што даюцца ім у школе. Яны чыталі вершы, танцавалі, спявалі. Добры настрой стваралі гледачам сваімі выступленнямі і дарослыя. Дружных воплескаў заслугоўвалі мастацкія гурты “Аўшра” і “Рута”.

Вядома, як на любым мерапрыемстве з нагоды заканчэння навучальнага года, гучалі віншаванні і падзякі. Слова трымалі многія з прысутных гасцей. Сярод іх трэці сакратар Генеральнага консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гродне Міндаўгас Дамьёнайціс. Ён не толькі звярнуўся да дзяцей і іх настаўнікаў, але і выказаў удзячнасць і мясцовай уладзе за тое, што  грамадскае аб’яднанне “Рута” і літоўская школа выхаднога дня не абдзелены ўвагай. Прадстаўнік Генеральнага консульства Літоўскай Рэспублікі выказаў надзею, што дадзенае супрацоўніцтва будзе прадоўжана. Даўнім сябрам ГА літоўцаў “Рута” з’яўляецца памочнік члена сейма Літвы Ніёле Бальчунене. Яна  не абмінула падзею ў жыцці грамадскага аб’яднання – заканчэнне навучальнага года ў школе выхаднога дня -- і прыехала на імпрэзу, каб выказаць  віншаванні навучэнцам і іх педагогам. Шчырымі і цёплымі былі таксама пажаданні намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ганны Кенць і галоўнага спецыяліста аддзела спорту і турызму райвыканкама Алены Каралевіч.

Планамі  на летнія канікулы для навучэнцаў школы выхаднога дня падзялілася кіраўнік грамадскага аб’яднання “Рута” Марына Міцюкевіч. Яна зазначыла, што на базе аб’яднання будзе функцыянаваць летні лагер, плануецца таксама экскурсія ў Літву. Усё гэта дапаможа тэарэтычны матэрыял, якім авалодалі ў час заняткаў, замацаваць на практыцы.

Прысутным была цікавай  інфармацыя, якой падзяліўся адзін з  гасцей імпрэзы – дырэктар сярэдняй школы №4 г. Ліды Ігар Радзінскі. Тыдзень назад дадзены старт праекту “Стварэнне сучаснага этнакультурнага асяродку ў гімназіі імя Францыска Скарыны і ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №4 г. Ліды”. У рамках яго ў час летніх канікул навучэнцы Вільнюскай гімназіі наведаюць Ліду і далучацца да беларускай культуры, а на наступны год лідскія школьнікі змогуць пазнаць этнакультуру Літвы. Па выніках рэалізаванага праекта будзе створаны электронны дапаможніка па этнакультуры дзвюх краін.
















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться