Ліда выбрала лепшую шматдзетную сям'ю (фота)
Добрай традыцыяй ў Лідзе стала вясной, напярэдадні Дня сям’і, (а ён святкуецца 15 мая) праводзіць раённы конкурс шматдзетных сямей. Увогуле, шматдзетнасць на Лідчыне не навіна, а нават увайшла ў моду: больш за паўтары тысячы такіх сямей пражывае ў нашым рэгіёне. Пяць з іх на мінулым тыдні выйшлі на сцэну Палаца культуры, каб расказаць, як у іх атрымоўваецца быць шчаслівымі.
Пад нумарам першым – звычайная вясковая сям’я Андрэя і Людмілы Пранюкоў з вёскі Вангі Беліцкага сельсавета, у якой выхоўваюцца чацвёра дзяцей. Толькі на першы погляд здаецца, што яны простая сям’я: тата працуе ў сельскай гаспадарцы, мама сацыяльны работнік, – на самой справе ёсць у гэтай сям’і нешта надзвычайнае. Тон задае тата, які калекцыяніруе прадметы даўніны: грашовыя банкноты і манеты, ордэны і медалі, прадметы побыту. Захапленне перадалося малодшаму сыну Іллю, які з’яўляецца экскурсаводам школьнага музея, ведае тэхніку рэстаўрацыі музейных прадметаў. Ды і мама ў іх асаблівая – добрая, чулая, клапатлівая, яе любяць і паважаюць не толькі дзеці і муж, але і пажылыя вясковыя людзі, якіх яна даглядае. У гэтай сям’і дзеці ва ўсім дапамагаюць бацькам. А бацькі імкнуцца прывіць дзецям любоў да працы і пачуццё адказнасці за сваеў чынкі. У сям’і Юрыя і Святланы Яльчанінавых, якія выхоўваюць траіх дочак-прыгажунь, пануе творчая атмасфера. Дзяўчынкі, як і мама, добра спяваюць. Старэйшая і сярэдняя, Ульяна і Васіліса, – салісткі ўзорнай студыі “Дамінанта”, удзельніцы і пераможцы шматлікіх конкурсаў. Імкнецца не адставаць ад іх і малодшая, чатырохгадовая, Ева, якая пакуль ходзіць у дзіцячы садок і займаецца ў школе развіцця “Праменьчык”. У аснову сваёй сям’і Яльчанінавы ставяць любоў і ўзаемапавагу адзін да аднаго. У сям’і Ўладзіслава і Веры Чарняк таксама трое дзяцей – здольных, таленавітых, дастойных сваіх бацькоў. Сям’я актыўна ўдзельнічае ва ўсіх школьных мерапрыемствах і ўвогуле шмат часу праводзіць разам: яе часта можна бачыць на лыжароллернай трасе, у Лядовым палацы або ў спартыўным комплексе “Алімпія”. За поспехі ў выхаванні дзяцей сям’я была ўзнагароджана Падзячным пісьмом Прэзідэнта і неаднаразова – падзячнымі пісьмамі СШ №14, дзе вучацца дзеці. Тыя, хто ведае сям’ю Руслана і Алесі Завацкіх, скажуць: ад іх зыходзіць неверагодная дадатная энергетыка! Там, дзе яны, радасць, смех, гумар, весялосць! Акрамя таго, у сям’і выхоўваюцца трое цудоўных дзяцей. Сярэдняя дачка Паліна па выніках мінулага года – ў ліку адораных дзяцей Лідчыны, займаецца ў студыі бальных танцаў “Феерыя дэнс” і ў дзіцячай школе мастацтваў. У сям’і Сяргея і Таццяны Радзівонавых, якія выхоўваюць траіх дочак, пануюць сяброўскія, даверлівыя адносіны – дэмакратычны стыль выхавання. Да ўсяго, сям’я жыве марской рамантыкай. Адпаведны настрой задае “рулявы” сямейнага карабля, тата, які з’яўляецца начальнікам выратавальнай станцыі на Лідскім возеры.
Вось такім багатым колькасным складам выступілі сёлета шматдзетныя сем’і Лідчыны. Дарэчы, крыху пазней, падчас падвядзення вынікаў, старшыня журы, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк, скажа: сёлетні конкурс стаў адным з самых цікавых і яскравых. Сапраўды, так яно і ёсць... На першым конкурсным этапе – “Нашы ручкі залатыя” – сем’і прадставілі ўсё, на што здольныя: кулінарныя вырабы (пальчыкі абліжаш!), вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (сапраўднага мастацтва!) і аздобілі ўсё гэта паэтычнымі словамі, уклаўшы ў іх кавалачак душы сваёй сям’і. На наступных этапах – “Радавод” і “Мая краіна – мая сям’я” – расказалі аб сваіх каранях і аб тым, дзеля чаго і як жывуць. У сям’і Пранюкоў вучаць памятаць і берагчы свае карані і даражыць духоўнай спадчынай. Яльчанінавы прэзентацыю нездарма назвалі “Свет, намаляваны сэрцам”: усёй сям’ёй яны малявалі дрэва, лісток за лістком, і расказвалі аб самых галоўных рэчах у сваім жыцці. Сям’я Чарняк у песні пад гітару расказала аб каштоўнасцях і тым, у чым бачыць сваё жыццёвае прызванне. Калі на сцэне з’явілася сям’я Завацкіх, узнікла ўражанне, што гэта – цэлая каманда КВЗ: так весела, удала-тэатральна выступалі бацькі і дзеці. На сцэне не было месца пачуццям і эмоцыям, а на тварах членаў сям’і (і гледачоў) не знікалі шчаслівыя ўсмешкі. Глава сям’і Радзівонавых, Сяргей Пятровіч, прызнаваўся: “У маім жыцці былі дзве мары: сям’я і мора. З сям’ёй усё склалася: у мяне цудоўная жонка і дзеці. А вось з морам... Амаль таксама – жыццё звязала мяне з лІдскім возерам, любімым месцам многіх лідчан”. Дарэчы, клопат аб лідскай жамчужыне, узялі на сябе малодшыя Радзівонавы, якія ініцыіравалі і разам з аднакласнікамі рэалізуюць праект “Чысты бераг”.
Немагчыма абысці ўвагай падтрымку сямей-канкурсантаў у зале. Тут сабраліся аднакласнікі і педагогі дзяцей з СШ №1, 13, 14, гімназіі №1, Пескаўскай школы, а таксама бабулі, дзядулі, шматлікія сваякі, блізкія і знаёмыя людзі, якія штохвіліну перажывалі за ўдзельніц. Так, сям’ю Чарняк прыйшлі падтрымаць бабуля з дзядулем Валянціна Пятроўна і Іосіф Станіслававіч. “Не хвалюемся нават, а проста радуемся, – дзялілася Валянціна Пятроўна, – за дзецей і ўнукаў”.
Члены журы, у якое ўвайшлі намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнаму абслугоўванню Галіна Касяк, намеснік дырэктара цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Вольга Тарбашыновіч, старшыні раённых арганізацый “Саюз жанчын” – Святлана Івуць і “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа” – Кацярына Сапега, спецыялісты аддзела адукацыі, спорта і турызма, адзначалі: выдзеліць найлепшую сям’ю з прадстаўленых было вельмі і вельмі цяжка. І ўсё ж... Пераможцы былі названыя: выдатная сям’я Пранюк, збіральніца скарбаў з Вангоў, заняла трэцяе месца. Другога месца ўдастоена вытанчаная, гарманічная сям’я Яльчанінавых. І, нарэшце, першае месца заняла сям’я, у якой шчасце, (Самі пераможцы прызналіся: “У вялікай сям’і яго значна больш!”) б’е праз край, – гэта сям’я Завацкіх.
Усе сем’і-канкурсанты атрымалі падарункі ад спонсара, ААТ “Лідскі малочна-кансервавы завод”. А сям’я Завацкіх будзе рыхтавацца годна прадставіць Лідчыну на абласным конкурсе шматдзетных сем’яў.