Размова паміж журналістамі і святарамі (фота)
У сакавіку ў Баранавіцкім катэхетычным каледжы імя З. Лазінскага адбыўся семінар-практыкум «Хрысціянства ў свецкіх СМІ». Абмеркаваць магчымасці ўзаемадзеяння паміж радыё і хрысціянскімі супольнасцямі сабраліся не менш за 50 чалавек. Сярод слухачоў былі журналісты радыё, розных друкаваных і электронных выданняў Беларусі, сярод спікераў – адказны за СМІ пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ксёндз Аляксандр Амяльчэня, выкладчыца факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Марыя Анікіна, яе калега, карэспандэнт інфармагенцтва «РИА Новости» і выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Хруль, генеральны прадзюсар тэлеканала «Аб’яднанае тэлебачанне» з Санкт-Пецярбурга Міхаіл Фацееў.
Перадумовы для адкрытага і шчырага дыялогу паміж журналістамі і духавенствам былі сур'ёзнымі і, відаць, набалелымі для абодвух бакоў. Тэма рэлігіі, на жаль, не вельмі папулярная ў сродках масавай інфармацыі. На семінары выказалі думку, што недастатковае яе асвятленне, а падчас недакладнасць у рэлігійных тэрмінах і падзеях звязаны са спадчынай недалёкага атэістычнага мінулага, калі журналістам проста забаранялася пісаць пра Бога, дзейнасць храмаў, жыццё святароў.
На складанасці, з якімі падчас асвятлення тэмы рэлігіі сустракаецца журналіст, звярнуў увагу і карэспандэнт інфармагенцтва «РИА Новости», выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Хруль. Прыемна адзначыць, што Віктар Міхайлавіч – наш зямляк. Да сямнаццаці гадоў ён жыў у Лідзе. Да гэтага часу тут жывуць яго бацькі і родзічы. Віктар Хруль у тэме рэлігіі як рыба ў вадзе. У свой час скончыў Каледж каталіцкай тэалогіі. З 1997 по 2007 год ён быў рэдактарам рэлігійнай газеты «Свет Евангелля», якая выходзіла ў Маскве, і адначасова з’яўляўся прэс-сакратаром арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў той час нёс святарскую службу ў Расіі.

Нягледзячы на тое што семінар быў накіраваны выключна на практыкуючых журналістаў, ён выклікаў зацікаўленасць і сярод людзей, якія неабыякава ставяцца да хрысціянства і яго развіцця ў нашай краіне. Сярод слухачоў была лідчанка Вольга Ніканенка (на здымку). Дзяўчына вучыцца на чацвёртым курсе Інстытута журналістыкі, і тэма рэлігіі яе вельмі хвалюе. “Калі дазналася, што праходзіць семінар «Хрысціянства ў свецкіх СМІ», адразу падала заяву на ўдзел, – кажа Вольга. – Я будучы журналіст. Не выключаю, што буду пісаць на тэму рэлігіі, бо яна для мяне добра знаёмая і вельмі хвалюючая. Сённяшняя моладзь не разумее ўсю важнасць прыналежнасці да хрысціянства, ігнаруе рэлігію. Адсюль – шматлікія аборты, разводы, непаразуменні, падчас не зусім адэкватнае ўспрыманне асяроддзя. Задача журналістаў – дапамагчы людзям змяніць свой пункт гледжання, паўплываць на масавую свядомасць, зацікавіць аўдыторыю, дапамагчы ёй наладзіць дыялог з духавенствам. А гэта можна зрабіць толькі аб’ектыўна адлюстроўваючы ўсе падзеі, якія адбываюцца ў гэтай сферы. Прычым не дзелячы іх на “цікавыя” і “не вельмі”.

Напрыканцы семінара арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на пытанні журналістаў. Адным з самых набалелых, а таму і для ўсіх актуальных, было пытанне аб супрацоўніцтве ў Беларусі касцёла з праваслаўнай царквой. Мітрапаліт ацаніў узаемаадносіны станоўча і запэўніў, што яны развіваюцца досыць дынамічна. «Сумеснымі намаганнямі мы здолелі атрымаць ад Міністэрства аховы здароўя Беларусі дазвол на кансультацыйныя кабінеты ў некаторых абартыўных клініках краіны, – адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. – Гэта адзін са шматлікіх крокаў для дасягнення той бачнай еднасці паміж двума хрысціянскімі інстытутамі, якая існуе сёння». Яшчэ адно хвалюючае пытанне тычылася стана каталіцкіх святынь. Мітрапаліт зазначыў, што яно актуальнае і непакоіць у многіх беларускіх гарадах. На Магілёўшчыне і ў іншых рэгіёнах ёсць шмат касцёлаў, якія патрабуюць аднаўлення. Але ёсць камень спатыкнення – немалыя сродкі, якія патрэбны для гэтага. Другое важнае пытанне – хто будзе гэтыя святыні наведваць?

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не без падставы адзначыў, што ў некаторых парафіях колькасць вернікаў невялікая. А спонсары цікавяцца найперш колькасцю вернікаў, каб разумець, наколькі варта фінансаваць аднаўленне святыні.

…Як бы там ні было, тэма рэлігіі досыць актуальная для хрысціянскіх вернікаў і ігнараваць яе нельга. Актуальнасць яна набывае яшчэ і таму, што 2013 аб’яўлены сярод хрысціян Годам веры.











