Калонка рэдактара. Знайдзі час сказаць Інтэрнэту «не»
Неяк ідучы раніцай на работу, звярнула ўвагу на дзяўчынку і хлопчыка, якія ішлі са мной у адным напрамку. Хутчэй за ўсё, яны трымалі кірунак у школу. Час летні – мо, патрэбна практыку праходзіць? А куды яшчэ могуць ранкам накіроўвацца дзевяці-дзесяцігадовыя дзеці? Могуць быць розныя варыянты, але справа не ў гэтым. Я нават не ўбачыла, ці звярнулі яны ў школу. Не змагла гэтага зрабіць па той простай прычыне, што дзеці ішлі вельмі марудна. У руках яны трымалі смартфоны, і ўся іх увага была прыкаваная да экранаў настолькі, што я хацела зрабіць ім заўвагу, каб глядзелі пад ногі. Ды толькі абарвала сябе, прыгадаўшы выраз “Да ўсяго мне сягоння справа”. А дзе бацькі? Ім усё роўна, што іх дзеці вольны час, у які могуць адпачыць ад заняткаў, вучэбных нагрузак, набрацца сіл, такім вось чынам трацяць?
І гэта толькі адзін эпізод, а праблема настолькі глыбокая, што падключаюцца да яе рашэння не толькі педагогі, але і псіхатэрапеўты, бо інтэрнэт-залежнасць фарміруецца хутка, а лечыцца гэтак жа павольна, як і іншыя залежнасці. Мне ж больш бачыцца не медыцынскі аспект, а сацыяльны. Дзеці, якія з малых гадоў на “ты” з камп’ютарнай тэхнікай, без кантролю бацькоў, педагогаў вельмі хутка пачынаюць віртуальнае жыццё прымаць за рэальнасць.
Наперадзе ў моладзі – цэлае жыццё. Якім яно будзе, калі не адрывацца ад планшэтаў, айфонаў і г. д., можна ўявіць. Я бачыла такую маладую сям’ю на адпачынку ў санаторыі. Ім год, мо, па дваццаць, ці крыху больш, дзіцяці два гады. Малады чалавек ужо ў акулярах і заўсёды з планшэтам у руках, над клавіятурай пальцы проста лятаюць. Мо, праграміст? Не ведаю, не пыталася. Без камп’ютарнай тэхнікі бачыла яго ў спартзале, куды ён прыходзіў, бо ў постаці выяўлялася сутуласць.
У групе ён быў самы малодшы, старэйшаму год шэсцьдзясят. А ведаеце, хто найгорш выконваў фізічныя практыкаванні? Правільна, малады чалавек: яму так не хапала гібкасці ў рухах, хуткасці, спрыту. Пяцідзесяцігадовыя давалі фору маладому чалавеку, і так прыкра было глядзець на гэта. Прыкра таму, што разумееш: тэндэнцыя такая, што моладзь усё менш часу аддае фізічным нагрузкам.
Нашы чытачы, канешне, памятаюць, якімі былі нашы заняткі ў дзяцінстве, юнацтве. Я нават не кажу пра фізічную работу ў агародзе, на поле. Я пра забаўкі… Яны праходзілі на вуліцы, у рухомых гульнях – “штандар”, “бэрак”. Пазней веласіпед, зімой – лыжы… І хапала ж часу вучыцца, чытаць кнігі, удзельнічаць у конкурсах, перамагаць… Ды што там казаць, час быў іншы, залежнасць ад тэлевізара не магла з’явіцца, бо цікавымі былі дзве-тры перадачы, нешматлікія фільмы.
Вельмі парадавала спартыўнае свята, якое адбылося ў мінулую суботу, – спаборніцтвы па плаванні “на чым папала”, балотным футболе і вулічным валейболе. Так радасна было бачыць маладых (і не вельмі) людзей, якія, нягледзячы на дробны спорны дождж, дэманстравалі выдатную фізічную падрыхтоўку.
Падалося сімвалічным, што начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Кадлубай быў на вёслах самаробнага плаўсродка, а яго намеснік Вольга Зыгмундаўна не толькі падкрэслівала ў размове, што гэтае мерапрыемства праводзіцца для таго, каб заахвоціць лідчан да актыўнага адпачынку, але і сама прыняла ўдзел у флэшмобе, заклікаўшы і мяне, як члена журы гэтага мерапрыемства. Вось калі прыйшлося пашкадаваць, што красоўкі засталіся ў прыхожай незапатрабаванымі.
…Хачу, каб мяне правільна зразумелі. Я не супраць Інтэрнэту як з’явы і не заклікаю адмовіцца ад цывілізацыі, яе даброт. Інтэрнэт – вельмі карысная рэч, у працы – незаменная. Я пра тое, каб ён быў рабочым інструментам, не краў наш час, здароўе і не замяняў адносіны з блізкімі, адпачынак на прыродзе, усё тое, што дорыць радасць жыцця і напаўняе яго сэнсам. А падмурак разумення гэтага закладваецца з дзяцінства.