Старыя дамы на карце Ліды (фота)

05 Февраля 2016 3776

Агульнавядомая думка, што старыя пабудовы – галоўная каштоўнасць гарадоў. Яны ствараюць утульнасць і адчуванне дотыку да сваёй гісторыі, выхоўваюць патрыятызм і павагу да свайго горада. Менавіта старыя дамы і старыя вуліцы ствараюць сапраўднае ўрбаністычнае асяроддзе, без іх няма горада, а значыць, і гараджан з гарадской культурай.

У гэтым сэнсе нашаму гораду моцна не пашанцавала. Два вялікія пажары – 1891 і 1941 гг. – два разы амаль што цалкам руйнавалі цэнтр нашага горада. Першы такі грандыёзны пажар адбыўся 6 кастрычніка 1891 г., згарэла 3/5 горада, практычна ўся цэнтральная частка. «Памятная кніжка Віленскай губерні» паведамляла: «Пажарам... знішчана 444 жылыя дамы і 283 халодныя пабудовы з рухомай маёмасцю пацярпелых (страты 679 408 р.).

Пры гэтым згарэлі: архіўныя справы, кнігі і некаторыя бягучыя паперы: Паліцэйскай управы, павятовага спраўніка, З'езду Міравых суддзяў, прадвадзіцеля дваранства, З'езду Міравых пасрэднікаў, павятовай Прысутнасці па воінскай павіннасці, Дваранскай Апекі, Гарадской Управы, Сірочага Суда, Мяшчанскай управы і метрычныя сшыткі яўрэяў, якія захоўваліся ў казённага рабіна”. І амаль што адразу пасля першага пажару, 10 кастрычніка, з-за неасцярожнага абыходжання з агнём узнік яшчэ адзін пажар, згарэлі 10 жылых і 9 халодных пабудоў з рухомай маёмасцю пацярпелых (страты 53 635 р.). Пажар 1891 г. таксама знішчыў узведзены ў XVIII ст. будынак Лідскай ратушы, які стаяў на рыначнай плошчы. Ратуша служыла вайсковай гаўптвахтай, а прыбудова – адрынай для пажарнікаў. У цэнтры непарушанымі засталіся практычна толькі Свята-Міхайлаўская царква і Фарны касцёл.

Стары лідзянін Іосіф Хруль (1929-2013) у свой час апавядаў мне: “Пра гэты пажар мне расказваў мой бацька (1880 г. н.). Пажар пачаўся ад дома, які стаяў недалёка ад праваслаўных могілак. У гэтым доме дзеці гулялі з мышкай, мышка схавалася ў кастрыцу. Каб злавіць мыш, кастрыцу падпалілі, пачаўся пажар, які хутка перакінуўся на ўвесь горад. Праз некалькі гадзін на конях прыехалі тушыць пажар пажарнікі з Вільні. З-за дыму нічога не было бачна, таму віленскія пажарнікі сталі на пачатку вуліцы Віленскай, якраз каля таго дома, дзе пажар пачаўся. Яны спыталі ў людзей, ці прамая вуліца далей. Дазнаўшыся, што не зусім прамая, паехалі проста ў агонь і дым у цэнтр горада. Ліда выгарала тады ўшчэнт. Гарэла сутак двое, згарэла ўся Віленская (зараз – вуліца Савецкая). Мне ў дзяцінстве было вельмі цікава, што на конях пажарнікі прыехалі Ліду тушыць з Вільні”.

4

Вул. Камсамольская, 14.

Гэты пажар прывёў да таго, што ў горадзе пачалi будавацца новыя мураваныя дамы з улікам патрабаванняў пажарнай бяспекі.

* * *Другі раз горад цалкам згарэў пасля бамбавання 22-23 чэрвеня 1941 г. Культурна-гiстарычны цэнтр горада перастаў iснаваць, засталiся касцёлы, замак, але памiж двума касцёламi (Фарным i пiяраў) не захавалася нiводная пабудова. Той жа Іосіф Хруль расказваў тое, што бачыў сваімі вачыма: “...Нямецкія самалёты Віленскую бамбілі. Яны яе не бамбілі, яны яе палілі. Кідалі нешта, людзі гаварылі, гарэла на бруку. ...Увесь цэнтр згарэў”.

2

 Вул. Замкавая, 5.

А вось як апiсвае ранiцу 24 чэрвеня лідзянка Е. Ярмант у сваiх мемуарах: “...Знiклі бiблiятэка, куды я часта заглядвала, i гатэль, дзе я нi разу не была, быццам растварылася ў паветры маленькая кнiжная крама панi Шкоп разам са школьнымi падручнiкамi. ...Знiклi кiнатэатры з непранумераванымi месцамi, дзе можна было праглядзець некалькi сеансаў запар. Зруйнавалicя ўсе крамы, вялiкiя i малыя, тыя самыя, з элегантнымi вiтрынамi, аб шкло якiх расплюшчвалiся нашыя насы ў захапленнi ад шакаладных зайчыкаў, абаранкаў i яек з сюрпрызамi ўнутры. I тыя, з абуткам, у якiх прадавец садзiў маленькага клiента на столiк i, стоячы на каленях, прымяраў яму некалькi пар боцiкаў. ...Перасталi iснаваць крамы вопраткi, дзе прадавец сам адзяваў клiента, расхвальваючы тавар так, што кожная наступная рэч, па яго меркаванні, была больш шыкоўная... Толькi ва ўcпамiнах засталicя тэкстыльныя крамы, гаспадары якiх сустракалi кожнага патэнцыяльнага пакупнiка, шмат разоў пакланiўшыся, i асабiста праводзiлi да дзвярэй, запэўнiваючы ў сваёй гатоўнасцi служыць i далей. А гэтыя мясныя крамкi, каля якiх немагчыма прайсцi з-за пахаў... Гэты свет знiк... Па абодва бакі вул. Сувальскай... узвышалiся высокiя завалы з абпаленай цэглы i жалеза”.

Пачнём з дамоў каля сэрца горада – Лідскага замка. На жаль, пра гэтыя дамы інфармацыі няшмат.

1

 Вул. Замкавая, 3. 

Каля замка захаваліся да нашага часу чатыры цікавыя будынкі (калі не лічыць дом Таўлая). Насупраць замкавай сцяны стаіць, як называлі яго старыя лідзяне, “дом з калонамі”, Замкавая, 3. У цэнтры галоўнага фасада гэтага дома паміж дзвюма калонамі – лоджыя. Сцены будынка завершаны карнізам, у сярэдзіне якога трохвугольны франтон порціка. Датаванне будаўніцтва гэтага дома вызначыць цяжка, але дакладна вядома, што да канца 1920-х гг. дом ужо існаваў. Ад пачатку яго існавання тут месцілася адна з аптэк горада, якой валодаў А. Шуф. Магчыма, ён быў і гаспадаром усяго дома. Цікавы калаж зрабіў мой сябар В. Бурак. Калаж сумяшчае сучасны від гэтага дома з фотаздымкам 1930-х гг.

На захад ад “дома з калонамі” стаіць двухпавярховы дом канца 1920-х гг. (Замкавая, 8).

3

Вул. Замкавая, 8.

Цікавы ў архітэктурным сэнсе дом (Замкавая, 5) стаіць адразу каля замка. Дом мае складаную шматгранную канфігурацыю са скругленым вуглом, а яго агульны выгляд кажа пра тое, што архітэктар распрацаваў праект дома пад уз-дзеяннем моднага з канца 1920-х гг. стылю “функцыяналізм”. Магчыма, гэта першая пабудова ў гэтым стылі ў нашым горадзе, і ў наступных артыкулах я раскажу пра асноўныя пабудовы горада ў стылі “функцыяналізм”, якія да нашага часу ўпрыгожваюць Ліду.

У некалькіх сотнях метраў на поўнач ад замка стаіць прыгожы гмах 1927 г. – Камсамольская, 12. Верагодна, у гэтай утульнай пабудове знаходзіўся гарадскі суд.

У наступных артыкулах я пачну расказваць пра будынкі, якія існавалі і захаваліся па вуліцы Савецкай (Віленская, Сувальская).

Для “Лідскай газеты” будзе напісаны цыкл артыкулаў пра гісторыю будынкаў горада, якія былі пабудаваны пасля 1891 г. і цудам захаваліся да нашага часу.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться