У Лідскім раёне ўпершыню адбылося свята працы фермераў (фота)
Днямі ў аграгарадку Дворышча адбылося даволі незвычайнае мерапрыемства – свята працы фермераў Лідчыны. Раней такіх свят у раёне не ладзілі, але ідэя яго правядзення знайшла падтрымку сярод кіраўнікоў прыватных сельскіх гаспадарак – і «першы блін» не атрымаўся камяком! Хоць на парозе восені спраў у фермераў не менш, чым летам, яны вырашылі адкласці іх на адзін дзень, каб сабрацца разам, падвесці вынікі працы, адпачыць, ды і проста пабачыцца, абмяняцца думкамі.
Ініцыятарам і арганізатарам свята з’яўляецца раённая асацыяцыя фермераў, якую ўзначальвае Віктар Кудла. Віктар Іванавіч – вядомы дварышчанскі фермер. Непадалёку заснавалі свае фермерскія гаспадаркі і два яго сыны – Артур і Вадзім. Наогул, дварышчанская акруга – багатая на фермераў. Каму, напрыклад, не вядомы імёны Валянціна Капачэля, Віталія Міхаловіча? Таму не здаецца дзіўным, што месцам для правядзення першых «фермерскіх дажынак» абралі Дворышча. Вельмі ўдала была падабрана і пляцоўка для свята – коннаспартыўная школа.
Менавіта сюды сонечнай раніцай з’язджаліся фермеры з усяго раёна, прыбывалі запрошаныя на свята госці – першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чаркоўскі, кіраўнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Альфрэд Ненартовіч, першы намеснік начальніка інспекцыі міністэрства па падатках і зборах па Лідскім раёне Наталля Гурэнда, старшыня Дварышчанскага сельскага Савета Іван Ганевіч, дырэктар РСУП «Саўгас «Лідскі» Уладзіслаў Ірчыц.

Перад удзельнікамі свята выступае Сяргей Чаркоўскі.
І ўсе адразу траплялі ў незвычайнае асяроддзе – на выставу пад адкрытым небам сельскагаспадарчай тэхнікі і прылад, якімі ў мінулыя стагоддзі карысталіся вяскоўцы. Чаго тут толькі не было: ад сахі і плуга да жорнаў і малатарні. Гасцям патлумачылі, што гэтыя рэчы і механізмы з’яўляюцца ўласнай калекцыяй Віктара Кудлы, які вядомы яшчэ і як мясцовы краязнаўца. У арганізацыі выставы яму дапамагала загадчыца Дварышчанскай сельскай бібліятэкі Людміла Марцінкевіч (таксама вялікі аматар мясцовай гісторыі). Многія рэчы былі падпісаны, а частка – не. Фермеры павінны былі адгадаць іх назву і прызначэнне. У некаторых выпадках гэта было няпроста, але фермерам далі час падумаць. Тым часам старшы трэнер па конным спорце комплекснай ДЮСШ №4 Уладзімір Юркевіч прапанаваў агледзець стойлы са спартыўнымі канямі, а потым запрасіў на трыбуны канкурнага поля.

На выставе даўнейшых сельскагаспадарчых прылад.
На трыбунах і побач з імі ўжо было вельмі шматлюдна, бо на свята запрашаліся ўсе жыхары Дворышча. Прыходзілі і сталыя, і моладзь, было шмат сем’яў з дзецьмі. Напачатку перад фермерамі і ўсімі прысутнымі выступіў Віктар Кудла. Ён нагадаў гісторыю развіцця фермерства на Лідчыне, якая налічвае ўжо 25 гадоў, назваў самых першых фермераў. Сярод іх – Іван Борыс, Франц Барыла, Ян Кахно і іншыя. Паступова іх рады папаўняліся больш маладымі, адукаванымі фермерамі, а ў саміх гаспадарках з’яўлялася больш тэхнікі, у тым ліку новай.
На цяперашні час у раёне зарэгістраваны 44 фермерскія гаспадаркі. Самую вялікую плошчу займаюць угоддзі Валерыя Шарыча (370 га), сям’і Арлавец (220 га), Андрэя Венславовіча (164 га). У суме фермерскія землі на Лідчыне складаюць 2294 гектары, з іх 1692 гектары адведзены пад ворыва. Гэта няшмат (для параўнання: у раёне адно дзяржаўнае сельгаспрадпрыемства ў сярэднім займае каля 8 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку – каля 4,9 тысячы гектараў пад ворывам). Але ёсць усе падставы меркаваць, што фермерства на Лідчыне будзе пашырацца і развівацца. Усё больш цікаўнасці да гэтай справы праяўляе моладзь, больш разнастайнай становіцца спецыялізацыя гаспадарак.
Потым перад фермерамі выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чаркоўскі. Ён выказаў падзяку ў адрас усіх фермерскіх гаспадарак Лідчыны, адзначыўшы, што яны не проста выжываюць, а плённа працуюць у складаных умовах рыначнай эканомікі і тым самым прыносяць карысць дзяржаве, сваім сем’ям і ўвогуле лідскай зямлі, якую яны прыводзяць у парадак. «Таксама заслугоўвае вялікай павагі тое, што вы ствараеце новыя рабочыя месцы, забяспечваеце прадуктовую бяспеку краіны, паказваеце прыклад, як трэба па-сапраўднаму працаваць», – дадаў Сяргей Чаркоўскі і паабяцаў, што сёлета дасягненні фермерскіх гаспадарак абавязкова будуць адзначаны падчас раённых урачыстасцяў у гонар дзяржаўнага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
Пасля афіцыйнай часткі перад прысутнымі з канцэртнай праграмай выступілі артысты Ганчарскага Дома культуры. Затым увагай гледачоў завалодалі члены рыцарскага клуба «Дайнава», прадэманстраваўшы рэканструкцыю невялікага эпізоду з часоў Грунвальд-скай бітвы.
Потым на поле выйшлі выхаванцы коннаспартыўнай школы на чале са старшым трэнерам Уладзімірам Юркевічам. Спачатку юныя жакеі прадставілі гледачам лепшых коней школы, пасля чаго са сваімі чацвераногімі сябрамі прадэманстравалі сапраўдны талент у пераадоленні бар’ераў. Паралельна ля будынка коннаспартыўнай школы было арганізавана катанне дзяцей на канях: вярхом (у суправаджэнні трэнераў) і з бацькамі на павозцы (з кіроўцам-вознікам).

Віктар Кудла і Людміла Марцінкевіч (першыя на здымку злева направа) аб'яўляюць пераможцаў віктарыны. Імі сталі (далей па парадку на здымку) Валянцін Капачэль, Іван Дулько, Ганна Бадзяк.
Завяршылася святкаванне на канкурным полі падвядзеннем вынікаў віктарыны па адгадванні назваў даўнейшых сельскагаспадарчых прылад. Пераможцамі сталі фермеры, якія прадэманстравалі найлепшыя веды ў гэтай сферы, – Валянцін Капачэль, Ганна Бадзяк і Іван Дулько.

Апошнім пунктам у праграме свята стаў круглы стол у аграсядзібе «Гроты» Артура Вашкевіча, на якім вынікі работы фермераў і планы на будучае былі абмеркаваны больш грунтоўна.









