Колькі каштуюць дары лета?
Хто – у лес, хто – на дачу, а хто – на рынак, дзе садавіну, агародніну і ягады можна купіць у гатовым выглядзе. Што і пачым, цікавіўся карэспадэнт “Лідскай газеты”.
...Ідучы па вул. Камсамольскай, міжволі звяртаю ўвагу на вялізную чаргу да аўтамашыны, з якой гандлююць памідорамі і агуркамі. Чарга нагадвае часіны дэфіцыту. За чым так заўзята стаяць? За агуркамі па 7 000 і памідорамі па 14 000 рублёў. Ды па той жа самай цане такія ж памідоры і такія ж агуркі, напэўна, можна купіць і на самім рынку, без усякай чаргі.
Хутка ўпэўніваюся, што так яно і ёсць: на прылаўках рынку колькі хочаш агуркоў і таматаў – па 7 000 і 14 000 адпаведна. Магчыма, пакупнікоў ля машыны прываблівае асаблівы смак прадукцыі канкрэтнага вытворцы? Крыху даражэй каштавалі сартавыя памідоры, накшталт малінаўкі, – па 20 000. Калі казаць пра агародніну, то бульбу сёлетняга ўраджаю на рынку прадавалі па цане ад 3 000 да 9 000 рублёў за кілаграм у залежнасці ад памеру, капусту – па 8 000, каляровую капусту – па 15 000, кабачкі – па 6 000-10 000, цыбулю рэпчатую – ад 5 000 да 8 000, у той жа час пучок зялёнага пер’я з маладзенькімі галоўкамі можна было набыць за 3 000 рублёў. Цана на моркву – ад 6 000 (за невялікую) да 13 000 за адборную. У продажы перац – па 20 000 за кілаграм, баклажаны – па 15 000-20 000 рублёў.
Што тычыцца садавіны, то кавуны прадавалі па 9 000, персікі – па 30 000-35 000 (другасортныя можна было набыць і за 15 000), абрыкосы – па 25 000-30 000, вінаград кішміш – па 40 000-45 000, бананы – па 17 000, чарэшню – па 45 000, сліву – па 50 000 рублёў.
Багата на рынку самых разнастайных мясцовых ягад: чарніцы, маліны, парэчкі розных колераў... Самай высокай цаны традыцыйна трымаліся чарніцы: за літр прадаўцы прасілі 30 000 рублёў. Самай нізкай – чырвоныя парэчкі (каля 10 000 за літр). Маліны прадавалі ў асноўным па 20 000, але можна было купіць іх і танней, нават за 10 000. Чорныя парэчкі вагаюцца ад 10 000 да 20 000. Літровы слоічак вішні каштаваў 20 000, але вядро можна было купіць і за 150 000. Былі на рынку клубніцы, прывезеныя з Дуброўні, – цёмна-чырвоныя, спелыя і салодкія, іх прадавалі па 25 000 за кілю. Літр агрэсту можна было купіць за 20 000. Былі на рынку і грыбы лісічкі: за літровы слоічак іх прасілі 25 000 рублёў.
Сёлетні ўраджай дароў лесу і агародаў нядрэнны, таму на асартымент на рынку не паскардзішся: выбраць ёсць што і ёсць з чаго. Таму няма чаго адкладваць на заўтра, а трэба брацца за нарыхтоўкі сёння. Літр-другі варэння з ягад зімой як знойдзеш.







