Урачыстыя залы і самарэклама. Якімі былі аб'екты гандлю паўстагоддзя назад?
Не перастаю ўспамінаць добрым словам той дзень, калі быў сабраны першы фотаапарат. Дакладней, нават не проста сабраны, а выпушчаны ў масавую вытворчасць. З гэтых пор альбом з чорна-белымі здымкамі стаў абавязковым атрыбутам кожнай савецкай сям’і.
Нагадваем, што ўладальнікаў цікавых старых фота горада Ліды і раёна мы запрашаем паўдзельнічаць у рубрыцы “Фота ў стылі рэтра”. Тэлефон фотаадзела рэдакцыі «Лідскай газеты»: 52-32-87.
Пасля публікацыі здымка цэнтральнага ўнівермага у рэдакцыю звярнуўся лідчанін, у якога таксама знайшлася пара цікавых старых фота, якія тычацца гандлю ў савецкі час. Віктар Сухойда гісторыяй свайго роду захапляецца даўно і сур’ёзна. Гэта адразу разумееш, калі бярэш у рукі фотакарткі з яго асабістага архіва. Нават выцвілыя старыя партрэты тут старанна адрэтушаваны і надрукаваны на новай паперы. (Яднае здымкі тое, што на кожным з іх сваякі Віктара Іванавіча.)
На першым фота памяшканне таго самага ўнівермага, які нашы чытачы ў першым выпуску рубрыкі бачылі звонку. Цяпер яго можна разгледзець знутры. Вялікую частку выявы займае калектыўны партрэт працаўніц і загадчыка крамы. Фота зроблена неўзабаве пасля адкрыцця, прыкладна ў сярэдзіне 50-х. Злева можна разгледзець кут печкі. А значыць, ацяпленне тут было ўсё яшчэ пячным. Але, нягледзячы на гэта, антураж аб'екта савецкага гандлю традыцыйна ўражваў: калоны, вялізныя вокны, дэкор столі… Адны толькі бра выклікаюць асацыяцыі з фае тэатра.

Калектыў універмага з загадчыкам Мікалаем Антонавічам Паўлюкевічам перад пачаткам змены.
Разглядаючы здымак, і наконт знешняга выгляду прадаўцоў сёе-тое можна адзначыць. Супрацоўніцы апрануты лаканічна, стрымана, пераважна ў цёмныя тоны. Строгія лініі крою пінжакоў, акуратна прыбраныя валасы, ніякіх табе руш і валанаў. З упрыгожванняў – белыя каўнерыкі, хусцінкі ды капялюш -“таблетка”, які нейкім цудам трапіў у кадр.
На другім здымку Віктара Іванавіча – супрацоўнікі яшчэ аднаго гандлёвага аб'екта. На гэты раз – ювелірнай крамы «Жамчужына». Фота зроблена значна пазней. Яно таксама калектыўнае, зроблена з нагоды атрымання крамай пераходнага чырвонага сцяга. Адразу кідаецца ў вочы, што гандлёвая зала «Жамчужыны» прасторная, але без раскошы. У кадры можна ўбачыць прылаўкі з рознай сувенірнай прадукцыяй: як з дэкаратыўнымі статуэткамі, так і з афіцыйнымі настольнымі бюстамі.

Быць лепшымі – адказнасць і пашана (калектыў магазіна “Жамчужына”).
Віктар Іванавіч успамінае, што, па расказах яго цёткі, загадчыцы крамы (на здымку другая справа, Надзея Мікалаеўна Касянкова. – Заўв. аўтара), першы пасляваенны ювелірны магазін размяшчаўся паблізу цэнтральнага ўнівермага. Цікава, што гэта быў сціплы драўляны будынак. І толькі праз некаторы час каштоўнасці сталі прадаваць у адпаведным памяшканні. Зрэдку маленькаму Віцю дазвалялі паглядзець, як прымаецца сувенірная прадукцыя. Відовішча гэта яму вельмі падабалася. Мудрагелістымі фігуркамі ў шэрай пакавальнай паперы была абстаўлена ўся падлога службовага памяшкання. А потым абгортку здымалі… Ну дзе яшчэ можна палюбавацца столькімі «цацкамі» адразу!
Дарэчы, упрыгожванні на прадаўцах сцвярджэнне аб «шаўцы без ботаў» аспрэчваюць. Хаця цалкам магчыма, што тады завушніцы, кулоны, брошкі, каралі і гадзіннікі павінны былі падкрэсліваць прыналежнасць супрацоўнікаў да спецыялізаванай крамы і ў той жа час рэкламаваць тавар.







