Лідчане сустрэліся з народным пісьменнікам Мікалаем Чаргінцом
Падчас свята беларускага пісьменства ў лідчан была ўнікальная магчымасць сваімі вачыма ўбачыць вядомых дзеячаў Беларусі – палітыкаў, кампазітараў, навукоўцаў, спевакоў і, канечне, літаратараў. Знакавай для многіх стала сустрэча з народным пісьменнікам Мікалаем Чаргінцом, якая адбылася ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. На творчы вечар таксама завіталі вядомы кампазітар Эдуард Ханок, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч і старшыня Саюза пісьменнікаў Аляксандр Карлюкевіч.
Мікалай Чаргінец – асоба сусветнага маштабу, яго імя ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса, а кнігі перакладзены на 20 моў свету. Многія раманы трапілі ў спіс лепшых твораў свету.
Творчасць Мікалая Іванавіча шматгранная. Ён адзін з першых адкрыў у беларускай літаратуры новую старонку – дэтэктыў. Так, яго дэтэктыўны раман “Фінал краба” і кінафільм “Мяжа" сталі лаўрэатамі прэміі СССР.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны праходзіць чырвонай ніткай праз усю творчасць пісьменніка. Мікалай Іванавіч – дзіця вайны. Яго маці, Алена Пятроўна, падчас акупацыі змагла захаваць шасцярых сваіх дзяцей, аднак у памяці пісьменніка назаўсёды засталіся зверствы, якія фашысты чынілі на тэрыторыі Беларусі. Яго раманы “Вам – заданне” і “За секунду да выстралу” перавыдаваліся больш за дзесяць разоў у Беларусі, Расіі, Венгрыі, Балгарыі. Заваяваў пісьменнік шмат і літаратурных прэмій.
Дарэчы, Мікалай Чаргінец – не толькі беларускі пісьменнік, але і дзяржаўны дзеяч Беларусі, генерал-лейтэнант унутранай службы, кандыдат юрыдычных навук, прафесар, заслужаны работнік МУС СССР. Усю гісторыю жыцця і творчасці Мікалая Іванавіча нельга апісаць за адзін вечар. Лепш пазнаць душу гэтага чалавека можна толькі праз яго творы.
– Мікалай Чаргінец – гэта жывое ўвасабленне сучаснай літаратуры і творчасці. Яго творы вучаць любіць краіну, быць яе сапраўдным патрыётам. Я з захапленнем прачытаў многія кнігі Мікалая Іванавіча, асабліва запалі ў душу “Загад №1”, “За секунду да выстралу”, “Таямніца чорных гор". Таму вялікая радасць бачыць гэтага славутага чалавека ў Лідзе. Абавязкова папрашу ў яго аўтограф і зраблю фотаздымкі на памяць! – деліцца сваімі ўражаннямі навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун.







