Ліда верне статус статысячнага горада? Ад знакавай мяжы аддзяляюць усяго 24 нараджэнні

14 Апреля 2015 3048

Першыя месяцы 2015 года даюць магчымасць падвесці некаторыя вынікі. Па стане на 1 красавіка ўсяго ў раёне пражывае 132 291 чалавек. Ліду ад знакавай 100-тысячнай мяжы аддзяляюць усяго 24 нараджэнні. Сёння нас – 99 976 чалавек.

Пра галоўныя дэмаграфічныя паказчыкі Лідчыны карэспандэнту раёнкі расказала начальнік аддзела ЗАГС Лідскага райвыканкама Наталля Малышка.

Са студзеня па красавік у горадзе і раёне зарэгістравана 445 нараджэнняў, што на 60 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Прыемнай стала тэндэнцыя з'яўлення ў сем'ях трэцяга дзіцяці.

Статыстыка імёнаў таксама цікавая. За тры месяцы бягучага года бацькі найчасцей называлі дочак Ганнамі і Аляксандрамі (13 выпадкаў), а таксама Марыямі (10 выпадкаў). Толькі пачынае набіраць папулярнасць імя Аліса. У ліку рэдкіх жаночых імёнаў юных лідзянак: Усціння, Юльяна, Мяліна.

У мужчынскім імянным «топе» лідзіруюць Ягоры і Максімы (па 13 выпадкаў). Крыху менш прываблівае бацькоў імя Данііл (11 выпадкаў). Самыя арыгінальныя імёны, якія давалі хлопчыкам: Яфім, Валянцін і Дзямід. Варта адзначыць, што намецілася тэндэнцыя зваротаў бацькоў ва ўстановы ЗАГС з просьбай змяніць экзатычнае імя свайго дзіцяці на больш звыклае.

Вузамі Гіменея за першыя месяцы 2015 года сябе звязалі 175 пар, што на 32 менш леташняга паказчыка. Аднак нельга не ўлічваць, што пачатак года традыцыйна не вельмі папулярны ў маладых. Пік рэгістрацый у загсе чакаюць летам і ў пачатку восені.

Разам з тым, статыстыка разводаў не вельмі аптымістычная. За адзначаны перыяд былі скасаваны 122 шлюбы (28 у загсе, пры адсутнасці непаўналетніх дзяцей і маёмасных прэтэнзій, і 94 па рашэнні суда). Гэта лічба прыкладна адпавядае даным 2014 года.

Цешыць, што за Лідай працягвае замацоўвацца імідж «горада вяселляў». Маладыя з навакольных раённых цэнтраў (Воранава, Іўя, Смаргоні і іншых) аддаюць перавагу заключэнню шлюбаў менавіта ў Лідскім загсе.

Працягвае ўзрастаць колькасць шлюбаў з іншаземнымі грамадзянамі. Сярод іх лідзіруюць сямейныя саюзы з грамадзянамі Украіны.

За тры апошнія месяцы аддзелам ЗАГС Лідскага райвыканкама былі зарэгістраваны 440 смерцяў. Пайшлі з жыцця 260 гараджан (на 23 менш леташняга паказчыка) і 180 жыхароў раёна (на 14 менш, чым за адпаведны перыяд 2014 года).

Аналізуючы статыстыку, ёсць усе падставы меркаваць, што горадам-статысячнікам Ліда зноў стане ў бліжэйшы час.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться