А сам 80-гадовы юбіляр падарыў прысутным песню

28 Февраля 2025 2676

Прадаўжаецца добрая традыцыя, закладзеная па ініцыятыве старшыні райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага  –  урычыста ўшаноўваць з нагоды юбілейных дзён нараджэння слынных жыхароў Лідчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё раёна і маюць ганаровыя званні, узнагароджаны ордэнамі Рэспублікі Беларусь, СССР і БССР. Днямі Аляксандр Людвігавіч спецыяльна адправіўся ў Ваверку, каб павіншаваць і ўручыць Ганаровую грамату райвыканкама 80-гадоваму юбіляру Дыанізу Іосіфавічу Машкале. 

Дыаніз Іосіфавіч шчыраваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам. Ён мае 54 гады працоўнага стажу, з іх больш за сорак гадоў як камбайнер удзельнічаў у жніве. А як  адносіўся да справы сцвярджае і той факт, што  Дыаніз Іосіфавіч узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Пашаны.Шчыра дзякуючы за працу і ўручаючы віноўніку ўрачыстасці грамату, на гэта звярнуў увагу Аляксандр Вярсоцкі. Ён выказаў удзячнасць у адрас тых кіраўнікоў, якія ў свой час заўважылі працавітасць, стараннасць механізатара, ацанілі вынікі яго работы і прадставілі да ўзнагарод. Бо адданыя сваёй прафесіі людзі заўсёды заслугоўвалі і заслугоўваюць павагі.

Трэба адзначыць, што мерапрыемства з нагоды віншавання Дыаніза Машкалы, якое было арганізавана ў Ваверскім Доме культуры, выдзялялася надзвычай цёплай, добразычлівай атмасферай. Акрамя Аляксандра Вярсоцкага, Дыаніза Іосіфавіча віншавалі і дарылі падарункі кіраўнікі раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Ваверскага сельскага Савета,  КСУП “Ваверка-Агра”, намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце і старшыня прафкама гэтай жа гаспадаркі, работнікі Ваверскага Дома культуры. Атрымаў віноўнік урачыстасці і  музычныя віншаванні ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. У сваю чаргу Дыаніз Іосіфавіч знаходзіў у адрас кожнага прысутнага добрыя словы. А потым юбіляр узяў у рукі гармонік, зайграў і заспяваў “Кацюшу”. Падпяваць яму пачалі ўсе прысутныя. Аказваецца, Дыаніз Машкала, нягледзячы на ўзрост, да гэтага часу з’яўляецца актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, выступае на рознага роду імпрэзах, якія праводзяць мясцовыя культработнікі. А некаторы час назад яго майстэрства па заслугах ацанілі і па-за межамі раёна. Гэта адбылося на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур на Аўгустоўскім канале. 

Пазней Дыаніз Іосіфавіч расказаў журналісту “Лідскай газеты”, што навучыўся іграць на гармоніку яшчэ ў юнацтве. Дапамагла суседка, якая вучылася ў музычнай школе. 

“Нічога складанага у тым няма, каб асвоіць які-небудзь занятак, калі маеш хоць трохі здольнасцей, патрэбна жаданне і добры настрой”, – казаў Дыаніз Машкала. Такая яго  ўпэўненасць грунтуецца на ўласнай практыцы. Пачаў займацца пчалярствам – добра ідуць справы. Вядзе ўласную падсобную гаспадарку, дык нават сам можа вылечыць жывёлу, калі яна, здарыцца, захварэе.  І іншае.  

А яшчэ Дыанізу Машкале заўсёды дапамагала яго працавітасць, якая была закладзена з дзяцінства. Бацька памёр, калі сыну было тры гады. Яго і двух дачок гадавала адна маці. 

“Жылі мы небагата, – успамінае Дыаніз Іосіфавіч. – Таму пасля заканчэння сямі класаў я пайшоў працаваць у калгас прыцэпшчыкам. Праз два гады, калі закончыў курсы трактарыстаў, даверылі мне трактар. За сезон  акрамя грошай зарабіў тону зерня! Памятаю, мама ажно расплакалася ад шчасця, калі прывёз яго дадому. Мы змаглі пашырыць гаспадарку. А мне мае заробкі тады  дапамаглі здзейсніць мару – купіць матацыкл”.

Час ішоў, жыццё паляпшалася. Не прымусілі сябе доўга чакаць павага і аўтарытэт, якія прыйшлі да Дыаніза Іосіфавіча, як да работніка калгаса,  гаспадара, сем’яніна. Дарэчы будзе сказаць, што наш юбіляр разам са сваёй жонкай Ядзвігай Валяр’янаўнай выхавалі такіх жа працавітых, прыстойных, як і самі, дзяцей. Сын, Віктар Дыанізавіч, пайшоў па слядах бацькі:  набыў прафесію механізатара і пачаў працаваць у мясцовай гаспадарцы. Бацька і сын у складзе сямейнага камбайнавага экіпажа  многа гадоў запар шчыравалі на жніве. Дачка, Ганна Дыанізаўна, таксама ў пэўнай ступені звязала сваё жыццё з сельскагаспадарчай сферай. Вось ужо 35 гадоў яна працуе прыёмшчыцай малочнай прадукцыі на Лідскім малочна-кансервавым камбінаце. Родныя Дыаніза Іосіфавіча прысутнічалі на мерапрыемстве з нагоды ўшанавання яго як юбіляра. Яны былі радыя за свайго бацьку і дзядулю.

“Ведаеце, я не чакаў, што атрымаю сёння вось такое віншаванне, –прызнаўся журналісту Дыаніз Машкала. – Калі запрасілі прыйсці ў Дом культуры, думаў, будуць толькі свае, мясцовыя кіраўнікі. А тут сам старшыня райвыканкама прыехаў! Вялікі дзякуй! Вельмі прыемна, што ўлада не забывае нас, ветэранаў працы”.

І яшчэ невялікі штрых да сказанага. Падчас падрыхтоўкі матэрыялу журналіст выпадкова згадаў знаёмаму лідчаніну, што давялося пабываць у Ваверцы з нагоды ўшанавання юбіляра. 

“Каго? – пацікавіўся суразмоўца. – Я ж родам з той мясцовасці”.

І даведаўшыся, што гутарка ідзе пра Дыаніза Іосіфавіча, адзначыў: “Дастойны! Спытай любога ў акрузе, скажа пра Машкалу самыя лепшыя словы: ён і прыстойны, і майстра на ўсе рукі, і працаўнік, якіх пашукаць!” 

Вось ужо сапраўды нездарма кажуць, што слава аб добрых справах чалавека ідзе далёка.








Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться