Журналіст Лідскай газеты адправілася у вёску Пашунцы, каб сустрэцца з яе жыхарамі

20 Июня 2024 1115
На сённяшні дзень звярнуцца з пытаннем у інстанцыі любога ўзроўню, непасрэдна да кіраўнікоў арганізацый, для чалавека не праблема: агранізоўваюцца прыёмы грамадзян, праводзяцца “Прамыя лініі”, разглядаюцца дасланыя звароты. Гэта робіцца і нашай медыйнай установай. Разам з тым “Лідская газета” ўзяла для выкарыстання яшчэ адну форму зносін: журналіст вырашыла разам з кіраўніком улады на месцы адправіцца ў аддаленую вёску, каб сустрэцца з жыхарамі непасрэдна на вясковай вуліцы і даведацца, што іх хвалюе.

Аб’ектам увагі стала вёска Пашунцы Дварышчанскага сельсавета. І вось чаму. Па-першае, размяшчаюцца Пашунцы на адлегласці 10 кіламетраў ад цэнтральнай сядзібы – Дворышча. У вёсцы налічваецца 15 гаспадарак і 26 пастаянна пражываючых грамадзян, 14 з іх маюць узрост большы за працаздольны. Ёсць не толькі карэнныя жыхары, але і дачнікі. Па-другое, год назад Дварышчанскі сельскі Савет узначаліў новы старшыня – Руслан Мельнік. Адбылося гэта таму, што тэрыторыі двух сельсаветаў – Дварышчанскага і Крупаўскага – былі аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. Начале яе і стаў Руслан Уладзіміравіч, які раней узначальваў Крупаўскі сельскі Савет. Дарэчы, тое, што Руслан Мельнік за мінулы год пазнаёміўся з навакольнымі вёскамі, з людзьмі, з іх клопатамі, да вырашэння якіх падключыўся, пацвердзілася падчас нашай сустрэчы з жыхарамі Пашунцаў. 

У гутарках з вяскоўцамі, якія адбываліся на вуліцы, на падворках, у хатах, закраналіся самыя розныя накірункі жыцця. Напрыклад, у цэлым вёска Пашунцы вельмі дагледжаная, аднак ёсць прысядзібныя ўчасткі, на якіх узнялася трава. Гэта тэрыторыі, дзе некалі стаяла чыясьці гаспадарчая пабудова, альбо знаходзяцца хаты, якія прызнаны пустуючымі (такіх дзве), і зараз сельвыканкам пачаў працэдуру па іх зносу. У тым, што трава будзе скошана, вяскоўцы не сумняваюцца. Ведаюць: так званыя “зялёныя рабочыя” вядуць касьбу ў аграгарадку Дворышча, а значыць, хутка абкосяць месцы агульнага карыстання і ў іх вёсцы. А яшчэ добрым падспор’ем у гэтай справе з’яўляецца тое, што жыхар вёскі Крыніцы, які трымае ў сваёй гаспадарцы кароў, штогод практыкуе нарыхтоўку сена для жывёлы на пустуючых участках, якія маюцца ў вёсцы. “Прыедзе касіць і сёлета”, - упэўнены жыхары Пашунцаў.

Калі размова зайшла пра вываз смецця, “высвецілася” чарговае пытанне. Яно не датычыць самога вываза (ён ажыццяўляецца камунальнай службай дакладна па графіку). Справа ў тым, што кантэйнер для збору бытавых адходаў агульны і ён хутка запаўняецца. 

– Ёсць магчымасць перавясці ўладальнікаў падвор’яў на збор смецця ў індывідуальныя кантэйнеры, – кажа Руслан Мельнік. – Паказальны прыклад для гэтага маецца ў вёсках былога Крупаўскага сельсавета. Упэўнены, ДЭП Лідскага ГУП ЖКХ адгукнецца на нашу прапанову арганізаваць збор бытавых адходаў падобным чынам у аграгарадку Дворышча і іншых населеных пунктах. 

Выказвалі вяскоўцы пэўныя заўвагі па стану праезжай часткі вуліцы. З цягам часу на ёй сям-там утварыліся ямы. “Але ж як падлатаць гэтыя ўчасткі, калі дарога не жвіровая, а брукаваная? Магчыма дарожная арганізацыя, на балансе якой яна знаходзіцца, знойдзе рашэнне, каб ухіліць выбоіны?” – казалі людзі.

Пашунцы абсталяваны вулічным асвятленнем. “Справа, вядома, добрая, а да добрага прывыкаеш хутка. І вось зараз, калі лямпачка на адным са слупоў замаргала, адчуваецца нязручнасць, – зазначалі вяскоўцы. А яшчэ людзі расказалі, што некаторы час назад у Пашунцах Лідскі РЭС пачаў замену драўляных слупоў на бетонныя. На частцы вуліцы работы былі праведзены, а потым спыніліся. Энергетыкі абяцаюць, што яны адновяцца, а таксама што лямпачкі на слупах будуць заменены на светадыёдныя модулі. “Калі гэта будзе?” – цікавіць жыхароў.

Пэўныя нараканні з боку вяскоўцаў тычыліся грамадскага транспарту. Змяніўся расклад руху аўтобуса Ліда-Геранёны, які спыняецца ў Пашунцах. Зараз ён ходзіць ранкам і вечарам у пятніцу і ранкам у суботу.

“Няўжо нельга зрабіць так, каб як і раней аўтобус курсіраваў і вечарам ў суботу?” – цікавіла вяскоўцаў.

Руслан Мельнік адказаў на гэта, што ён, ведаючы незадаволенасць вяскоўцаў, звярнуўся да аператара пасажырскіх перавозак. Аднак на тое, што ў расклад руху будуць унесены пэўныя змены, надзеі мала – вельмі нізкая запаўняльнасць аўтобуса пасажырамі, рэйс нерэнтабельны. З гэтым пагадзіліся і самі жыхары Пашунцаў: калі надаралася ехаць, у салоне было толькі некалькі чалавек.

На гандлёвае і медыцынскае абслугоўванне скаргаў журналіст ад людзей не пачуў. Наадварот, толькі словы ўдзячнасці. Так, у вёску па графіку прыязджае ажно некалькі розных аўталавак, напаўняльнасць таварам іх вельмі добрая. Што датычыць медыцыны, то абслугоўвае жыхароў Пашунцаў Крыніцкі ФАП. Там, па іх словах, і фельдшар добры працуе, і сам будынак фельчарска-акушэрскага пункта пасля нядаўняга рамонту вабіць вока прыгажосцю і ўтульнасцю як унутры, так і знешне. Таксама раз на тыдзень на ФАПе вядзе прыем тэрапеўт з Ліды. Калі трэба, па заяўцы медыкі выязджаюць у саму вёску. Дарэчы, у тым, што патрэбная медыцынская дапамога прадастаўляецца сяльчанам, пераканаўся ў дзень прыезду ў вёску і журналіст. Ля аднаго з дамоў спынілася машына хуткай дапамогі: спатрэбілася даставіць хворага ў бальніцу ў Гродна. 


– А я нашаму старшыні Руслану Уладзіміравічу хачу выказаць падзяку, – зазначыла ў прадаўжэнне тэмы мясцовая жыхарка Галіна Ларыёнава. – Мама у мяне інвалід першай групы, ледзьве перасоўваецца. У Лідскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання ёй выдзелілі інвалідную каляску. Але як даставіць яе з Ліды? Даведаўся пра наш клопат Руслан Уладзіміравіч. Паабяцаў: “Я вам яе прывязу”. І хутка такая патрэбная для мамы рэч аказалася ў нас дома”.

Нельга не адзначыць і яшчэ дзве тэмы, якія згадвалі людзі падчас сустрэчы з журналістам і прадстаўніком мясцовай улады. Аказваецца, зараз для сельскай мясцовасці праблемнае пытанне не наяўнасць так званых непрацуючых мужчын ПМК (пакуль мама корміць), а прысутнасць вымушаных вяртальнікаў у пустуючую бацькоўскую хату. Вось жыве чалавек у горадзе, мае жыллё, сям’ю, але моцна прыкладваецца да бутэлькі. Жонцы надакучвае цярпець такога мужа. Шлюб распадаецца. Муж пакідае кватэру і адпраўляецца на радзіму. Праўда, са зменай жыхарства паводзіны яго, на жаль, не змяняюцца. Ну а калі чалавек бачыць свет праз шклянку, яму не да падтрымання парадку на сядзібе, на якой абаснаваўся.

Яшчэ жыхароў Пашунцаў хвалявала такое пытанне, як адсутнасць зараз у вёсках пажарных копанак, такіх, якія былі раней. А калі раптам здарыцца пажар, адкуль ваду браць пажарным? Бо бывае, што вадаёма побач з населеным пунктам няма, а ў студнях мала вады.

Руслан Мельнік заспакоіў: дзякуючы сучаснай тэхніцы, якая зараз маецца ў раённым аддзеле МНС, праблем быць не павінна. Дарэчы, пазней журналіст атрымала дадатковыя звесткі і ў самім раённым аддзеле МНС. Там растлумачылі, што сёння на ўзбраенні ў выратавальнікаў маюцца аўтамабілі, якія могуць вывозіць на ліквідацыю надзвычайнай сітуацыі 10 тон вады. У дадатак на любую НС, у тым ліку і пажар, выязджае не адзін, а чатыры аўтамабілі. Так што хвалявацца, што пры ліквідацыі здарэння раптам забракне вады, не трэба.

У час сустрэчы с жыхарамі Пашунцаў журналісту прыемна было даведацца, што сярод іх ёсць падпісчыкі і чытачы “Лідскай газеты”. Пры чым з выдання яны бяруць для сябе шмат карыснай інфармацыі. 

Ірэна Навіцкая, якая паказвала журналісту сваё дагледжанае падвор’е, зазначыла: “Вось у дадатак да належнай колькасці паліва, якое атрымліваю з палівазбыту, яшчэ пра запас дроў набыла. Як? Прачытала аб’яву на старонках газеты, патэлефанавала па ўказанаму нумары, і дровы прывезлі на падворак.” Марыя Сітнікава лічыць для сябе абавязковым падпісвацца на “Лідскую газету”. Не толькі сама перагортвае старонкі выдання, а чытае газету і яе сын Васіль, калі прыязджае з Ліды да маці. У сябе ў горадзе ён таксама выпісвае раёнку.

“Няўжо ўсё тое, пра што мы вам расказалі, вы надрукуеце ў газеце?” – пыталі жыхары Пашунцаў у журналіста.

Не толькі надрукуем. Шэраг прапаноў і пажаданняў возьме пад увагу старшыня сельскага Савета для далейшай работы. “Лідская газета”, у сваю чаргу, пэўныя пытанні вяскоўцаў накіруе кіраўнікам адпаведных арганізацый да ведама. Бо сваёй мэтай мы лічым, не толькі інфармаваць, але і дапамагаць людзям.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться