У Ліду прыбыў Віфліемскі агонь (фота)
Напярэдадні вялікай падзеі, Божага Нараджэння, у шпітальнай капліцы Маці Божай з Лурду ўпершыню быў запалены Віфліемскі агонь. Жыватворнае полымя было прынята на мяжы з Беластокам 17 снежня. Да гэтага яно трымала шлях праз Германію і Славенію. Такім чынам, агонь падарожнічае па ўсёй Еўропе.
Унясенне Віфліемскага агню ў шпітальную капліцу Маці Божай з Лурду невыпадкова. Ксёндз капелан Юрый Беганскі патлумачыў, што хворыя, якія сёння знаходзяцца ў Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы, вымушаны Божае Нараджэнне перажываць тут, у аддзяленнях. Побач з імі знаходзяцца і медыцынскія работнікі, урачы.
“Віфліемскі агонь з’яўляецца сімвалам таго, што вера, нягледзячы на розныя крызісы, а таксама хваробы жыве. І Віфліемскі агонь становіцца яшчэ адной магчымасцю ўмацаваць нашу веру, каб мы маглі адказваць на выклікі часу і каб яна асвятляла наш жыццёвы шлях”, – адзначыў святар.
Ксёндз капелан заклікаў таксама вернікаў браць Віфліемскі агонь дадому, каб у яго прысутнасці перажываць апошнія дні падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і саму ўрачыстасць. У лідскай шпітальнай капліцы Маці Божай з Лурду жыватворнае полымя будзе знаходзіцца да абеду 24 снежня. Дзверы капліцы адчынены для ўсіх жадаючых з 8.00 і да 18.00.
Дарэчы, Віфліемскі агонь аб’ядноўвае не толькі жыхароў розных краін, але і прадстаўнікоў розных веравызнанняў: у Лідскім раёне ён трапіў як у каталіцкія, так і ў праваслаўныя святыні. Зараз жыватворнае полымя ад нязгаснай лампады знаходзіцца таксама ў Фарным касцёле і у Свята-Георгіеўскім храме.
Для спраўкі: Традыцыя распасюўджвання Віфліемскага агню пачалася ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля агонь перадаецца ў суседнія краіны.



















