Майстэрства продкаў жыве і сёння
24 Марта 2024
775
Ох і ладныя атрымліваюцца кошыкі ў Лявона Какошкі: прыгожыя ды акуратныя! Пляценне з лазы – народнае рамяство, якому лідчанін надае шмат часу, але звычайна толькі ўзімку. Бо ў іншую пару года Лявон Станіслававіч аддае перавагу рыбалцы ды “ціхаму паляванню”. Трэба сказаць, што далёка не кожны, хто жадае навучыцца вырабляць прыгожыя кошыкі, бярэцца за гэтую справу. Бо лозапляценне – занятак даволі-такі працаёмкі. На адзін кошык каля 170 прутоў ідзе. Матэрыял спачатку трэба назапасіць, лазу нарэзаць, адварыць, затым пачысціць, высушыць ды яшчэ пасартаваць. І толькі потым ужо плесці. Ды Лявона Станіслававіча напалохаць працай складана: мужчына яе ніколі не баяўся.
Майстраваць кошыкі, такія як у вёсках вырабляюць, Лявон Какошка ўмеў з дзяцінства. Але лідчаніну заўсёды хацелася навучыцца плесці ажурныя. Таму аднойчы Лявон Станіслававіч папрасіў жанчыну, што гандлявала на рынку прыгожымі самаробнымі кошыкамі, даць яму майстар-клас. Жанчына тая аказалася членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці ды ў просьбе лідчаніну навучыць яго старадаўняму рамяству не адмовіла, раскрыла сакрэты лозапляцення.
З тае пары, а гэта ўжо каля дваццаці гадоў, Лявон Какошка сам кошыкі вырабляе. І атрымліваюцца яны ў лідскага майстра дасканалымі па форме і дзівоснымі па прыгажосці.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







