Голас паэта, які ўслаўляе Лідчыну

27 Января 2024 1636
Чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” сабрала пад дахам раённай бібліятэкі імя Я. Купалы не толькі прыхільнікаў паэзіі, але і многіх з тых, хто ведаў, цаніў творчасць былога кіраўніка літаб’яднання, паэта, карэспандэнта “Лідскай газеты” Аляксандра Мацулевіча. Нагодай для сустрэчы стала прэзентацыя яго трэцяга, на жаль, пасмяротнага зборніка “Бронзавы Гедымін”. Алесь (менавіта так называлі яго ў паэтычным асяроддзі) рыхтаваў яго і марыў патрымаць у руках, але не паспеў... Зрабілі гэта яго сябры.
Надзвычай хвалюючай сустрэча была і асабіста для мяне як калегі Алеся, якая шмат год ведала яго, захаплялася паэтычным талентам, чалавечай годнасцю і прыгажосцю яго душы. Памятаю, як Алесь запрасіў мяне на прэзентацыю свайго другога зборніка “Горад-карабель” (2019). І як потым радаваўся, дзякаваў за словы сціплай рэцэнзіі – артыкула ў газеце. “Нібыта той карабель, плыве Ліда па рацэ часу ў свой восьмы век, – пісаў ён у прадмове да зборніка. – Адчуй, чытач, гэты рух у часе…” Вось мы і адчулі: час плыве вельмі хутка, застаецца толькі напісанае.
Зборнік “Бронзавы Гедымін” стаў падарункам гораду Лідзе на яго 700-годдзе. Як і два папярэднія: “Леў і ключы” (2015) і “Горад-карабель” (2019), ён быў прысвечаны Лідзе, яе гісторыі і сучаснасці і наскрозь пранізаны любоўю аўтара да роднага горада. “Малая радзіма мая – вялікая, слаўная Ліда, з якою я сэрца спаяў, з якою душа мая зліта…” – гэтымі вершаванымі радкамі адкрываецца зборнік.

На вокладцы яго пазначана: “рыфмаваныя мініяцюры”, бо, як і ў старадаўняй рыфмаванай кроніцы, у ім у вершаванай форме пададзены моманты з мінулага і сучаснага, багатага на самыя розныя падзеі жыцця Лідчыны, першым характарызаваў зборнік рэдактар часопіса “Лідскі летапісец” Станіслаў Суднік. Сама вокладка – чырвоная, бо амаль палова зборніка прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Увогуле ж, выданне шмат у чым унікальнае, адрознае ад папярэдніх. Напрыклад, у ім шырока выкарыстаны жанр прыпеўкі. Цікавасць уяўляюць прыпеўкі пра бібліобус. Варты ўвагі і цудоўны верш пра “Лідскую газету”, у якой аўтар працаваў шмат год. Ёсць у зборніку і шмат цікавых фактаў: ”міска грэчкі і кубак кісялю” – такі пачастунак атрымалі работнікі завода харчканцэнтратаў на Новы 1945 год. Яны працавалі ў начную змену, а ранкам атрымалі падарунак і былі надзвычай шчаслівыя. Алесь прадставіў свой вопыт стварэння вершаванай азбукі для дзяцей і многа іншых цікавых твораў. 
Падчас пасяджэння прагучала шмат цёплых слоў у адрас аўтара і яго творчасці ад калег, у тым ліку па паэтычным цэху, сяброў, аднадумцаў, гараджан. Намеснік дырэктара па друкаваных СМІ “ЛідаМедыяКампаніі” Кацярына Серафіновіч адзначыла, што ў верасні бягучага года “Лідская газета” адзначыць 85-гадовы юбілей з дня выхаду першага нумара, і падзялілася планамі: ёсць задумка выдаць адной кнігай усе тры зборнікі паэзіі Аляксандра Мацулевіча, дапоўніўшы выданне публіцыстыкай – артыкуламі на краязнаўчую тэматыку.

І ўсё ж вернемся да “Бронзавага Гедыміна”. У верасні 2019 года каля Лідскага замка быў урачыста адкрыты помнік заснавальніку горада – вялікаму князю Гедыміну. Скульптарамі яго выступілі Сяргей Аганаў і Вольга Нячай. Доўгачаканая падзея адгукнулася ў творчасці многіх лідскіх паэтаў, у тым ліку і Алеся Мацулевіча. Загаловачны верш адкрывае другі раздзел яго кнігі: 

“Аганаў ды Нячай – “бацькі” для бронзавага Гедыміна, а шпоры ў конскія бакі – аб інахадзі напамінак. У доўгім бронзавым плашчы, на бронзавым кані Вялікі, на князя бронзавым плячы гуляюць залатыя блікі…” – чытаю радкі і нібыта чую Сашын голас з уласцівым яму цвёрдым тэмбрам, з кожным вывераным словам. Голас паэта, які ўслаўляе гонар Лідчыны.

Напісанае – застаецца. Экзэмпляр зборніка “Бронзавы Гедымін” будзе захоўвацца ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Я. Купалы, астатнія – разышліся па руках сяброў, аднадумцаў і многіх з тых, хто проста ведаў Алеся Мацулевіча. Успомніліся апошнія дні яго жыцця: Саша радаваўся, будаваў планы, у якіх было жаданне проста жыць, працаваць, тварыць. Ён будзе жыць ва ўспамінах людзей. Алеся Мацулевіча яшчэ многа-многа год будзе чытаць уся Лідчына.













Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться