Жыхары Ліды да Новага года і Калядаў упрыгожвалі горад разам
10 Января 2024
898
Вось мы і ўвайшлі ў новы, 2024 год, і ўжо будуем на яго свае планы. Неяк хутка пачаўся адлік першых студзеньскіх дзён. Праз лічаныя дні – стары Новы год, пасля сустрэчы якога ізноў развітаемся з любімымі святамі да наступнай зімы…Вы, канешне, заўважылі, якая цудоўная навагодняя Ліда! Зіхаціць агеньчыкамі па-святочнаму ўбраная прыгажуня-елачка, запрашаючы гараджан ды гасцей бавіць час на дажыначнай плошчы. Вуліцы вячэрняга і начнога горада асвятляюць яркія гірлянды, а ля замку “пасяліўся” сімвал новага года па кітайскім календары – дракон.
Ва ўпрыгожанні горада прыняла ўдзел не толькі каманда жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але і шматлікія арганізацыі і прадпрыемствы, установы адукацыі, гандлёвыя кропкі, за што ўсім вялікі дзякуй! Святочная ілюмінацыя на будынках, навагоднія інсталяцыі, а таксама выцінанкі на вокнах задаюць святочны настрой як мясцовым жыхарам, так і тым, хто ў Лідзе ў гасцях, ці наогул праездам.
А ці звярнулі вы ўвагу на тое, якія маляўнічыя ходзяць па горадзе ў гэтыя дні гарадскія аўтобусы?! Па ініцыятыве Лідскага раённага выканаўчага камітэта, якую падтрымаў аўтобусны парк №2, грамадскі транспарт упрыгожаны яркай ілюмінацыяй, каляровымі сняжынкамі, снегавікамі і іншымі навагоднімі персанажамі. А якая шыкоўная фотазона ў Доме гандлю!
Неверагодна, казачна глядзяцца і двары прыватнага сектару. Не ўсе, канешне, але тыя, жыхары каторых прыклалі да навагодняга афармлення свае намаганні. Старанныя гаспадары з дапамогай святочнай ілюмінацыі стварылі на ўласных падворках сапраўдную казку, якая “ажывае” з надыходам змроку, і знікае з надыходам новага дня.
Ды не толькі ўласныя двары сталі прыгажэй. Напрыклад, ля жылой шматпавярхоўкі па праспекце Перамогі, 41 з’явілася святочная кампазіцыя, якую стварыла сям’я Ірыны і Аляксандра Турчыных. Дарэчы, улетку на гэтым месцы таксама прыгожа: красуецца кветнік, а ў вагонах паравозіка, які ўстаноўлены побач, цвітуць герані.– Вельмі хацелася стварыць пад акном атмасферу свята. Таму мы з мужам вырашылі “начараваць” казку, і, мяркуючы па добрых водгуках суседзяў і знаёмых, а таксама мінакоў, дарослых і малых, у нас гэта атрымалася. Нашу навагоднюю кампазіцыю складаюць святочны вянок, Дзед Мароз, які прабіраецца ў хату праз балкон, снегавік з бярвення, упрыгожаная цацкамі, каралямі і агеньчыкамі елачка. Мы вельмі задаволены, што людзям таксама падабаецца, і ніхто нічога не псуе, – адзначыла журналісту “Лідскай газеты” Ірына Іванаўна.
Згадзіцеся, свята – гэта проста! Калі мы яго ствараем разам.

0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.





