Свята радасці і надзеі!
24 Декабря 2023
1028
Рыхтавацца да свята сям’я Завацкіх пачынае з Адвэнту – каляднага паста, які доўжыцца чатыры тыдні. У першы дзень паста лідчане асвячаюць у касцёле калядны вянок. Ён упрыгожваецца чатырма свечкамі, кожная з якіх мае свой сэнс і запальваецца ў вызначаны тыдзень.Увесь Адвэнт з каляднымі ліхтарыкамі сям’я спяшаецца ў касцёл на імшу “Рараты”, што адбываецца ў 6.30 гадзін раніцы. Дзеці вельмі любяць гэтую імшу, бо падчас яе запальваюцца свечкі і ліхтарыкі. Да кожнай службы хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтуюць папяровыя сэрцайкі, на якіх запісваюць добрыя справы, што ўчынілі ў гэтыя дні для іншых людзей. У другую нядзелю Адвэнта ў касцёл прыходзіць Святы Мікалай і дорыць юным лідчанам падарункі.
Нараджэнне Хрыстова – вельмі радасная падзея, свята веры ў светлую будучыню. Яно дорыць веру ў тое, што нягледзячы ні на што надыходзячы год будзе лепшы, што ўсё добрае атрымаецца, а дрэннае Бог адвядзе, – адзначае Алеся Завацкая. – Кожны год на гэтае свята мы адкладваем усе свае справы і збіраемся сям’ёй. Старэйшыя сын і дачка атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў Мінску, але на свята яны абавязкова прыедуць дадому.
Увечары 24 снежня едзем да бабулі на куццю, усе разам накрываем на стол. Стравы толькі посныя. Дзядуля як старэйшы член сям’і раздае ўсім па кавалачку «аплаткі» і мы дзелімся ёю, кажам адзін аднаму пажаданні на будучы год, – працягвае свой расказ лідчанка. – Пасля “куцці” разам едзем у касцёл на калядную службу, якая праходзіць апоўначы. Перад імшой дзеткі паказваюць каляднае прадстаўленне аб нараджэнні Езуса. Нашыя дзеці заўсёды ў ім удзельнічаюць, аднойчы выконвалі ролі і мы з мужам.
25 снежня – дзень радасці і вяселля, калі ў дом прыходзяць госці. А яшчэ гэта дзень падарункаў, якія і дарослыя, і дзеці знаходзяць пад ёлкай. Як адзначаюць Завацкія, гэта самае любімае свята іх сям'і, таму што ў ім вельмі шмат цеплыні і надзеі, радасцi, а самае галоўнае, што ўсе блізкія людзі збіраюцца разам!
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.





