Храм Блажэннай Матроны Маскоўскай у пасёлку Першамайскім адзначыў першы круглы юбілей

07 Декабря 2023 946
Калі вы ўпершыню пабываеце ў храме Блажэннай Матроны Маскоўскай у пасёлку Першамайскім, то, напэўна, як і я, адчуеце, што тут па-асабліваму ідзе час: не так спешна, не так шалёна, як у кругазвароце гарадскіх будняў. І што блажэнная Матрона, у гонар якой асвечаны храм і якая адпаведна з’яўляецца нябеснай заступніцай Першамайскага, чуе ўсіх, хто прыходзіць да яе з верай. Ацаляе хворых і суцяшае пакутных. Таму і пратаптана сюды сцежка людская, таму вяртаюцца з удзячнасцю тыя, хто атрымаў па веры сваёй. 

Пабудавалі храм у душы і наяве
Невялікі, але вельмі ўтульны храм размясціўся насупраць заводаўпраўлення ТБЗ «Лідскі». Лічы, у самым сэрцы пасёлка. У акуратным будынку сёння цяжка пазнаць пустуючы магазін, які калісьці прыходзіў у заняпад.

Ініцыятарамі стварэння царквы ў пасёлку сталі самі жыхары, у асноўным людзі сталага ўзросту. Збіраліся на сходы, а потым арганізавалі праваслаўную абшчыну, настаяцелем якой стаў іерэй Фёдар Лукашэвіч. У 2010 годзе епіскапам Навагрудскім і Лідскім Гурыем было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў Першамайскім храма. Тым часам у вернікаў існавалі два варыянты: будаваць храм з нуля або шукаць для яго памяшканне. Разумелі, што будоўлю наўрад ці асіляць. Якраз у той час ім і прапанавалі даўно пустуючы будынак магазіна.

Грошы на рэканструкцыю, рамонт і добраўпарадкаванне збіралі ўсёй грамадой. Не толькі праваслаўныя, але і мясцовыя католікі. Яны разумелі: у іх ёсць касцёл, а ў нас няма, таму і дапамагалі, расказвае адна з актыўных прыхаджанак Ганна Калюта. Шмат працы мы выконвалі сваімі сіламі: збіраліся на суботнікі, нядзельнікі, вывозілі смецце. Торфабрыкетны завод дапамагаў тэхнікай. Адгукнулася БМУ-7.

У 2013 годзе ў будынку, у якім пакуль што былі толькі сцены, вернікі сталі збірацца і маліцца. Настаяцелем прыхода быў прызначаны іерэй Арцемій Папко.

Працэс добраўпарадкавання пайшоў хутчэй: у будучым храме дабудавалі прытвор, усталявалі ацяпленне, набылі купал… Людзям хацелася, каб іх храм быў вельмі прыгожы! Па ўнутранае ўбранства мясцовыя жыхары двойчы ездзілі ва Украіну, у спецыялізаваную фірму. І нарэшце 22 лістапада 2013 года, у дзень імянін блажэннай Матроны Маскоўскай, храм асвяцілі.

…З таго часу прайшло дзесяць год. 22 лістапада бягучага года храм адзначыў першую круглую, юбілейную дату. Пад яго дахам зноў сабраліся жыхары Першамайскага. Большасць людзей перажывала і сваё асабістае свята, бо былі непасрэдна датычныя да падзеі: пабудавалі храм у сваёй душы і наяве, дзеля сябе і будучых пакаленняў.

Месца малітвы і прыцягнення людзей
Храму дзесяць год, а здаецца, усе сто – такі ён душэўны і намолены. Гэтае адчуванне не пакідае, і на сэрцы тут радасна і цёпла, як дома.

Кожны тыдзень і ў святы ў храме праходзяць богаслужэнні, можна прыйсці на споведзь і прычасціцца Святых Хрыстовых Тайнаў. Мясцовыя сем’і хрысцяць дзяцей, людзі праводзяць сваіх родзічаў і землякоў у апошні шлях.

Вось ужо амаль год, як новым настаяцелем храма стаў іерэй Уладзімір Камінскі. Ён служыць таксама ў Свята-Георгіеўскім храме г. Ліды, а ў Першамайскі прыязджае ў нядзелю і ва ўсе царкоўныя святы.

Я вельмі ўсцешаны тым, што нашы людзі моцна любяць свой храм, збіраюцца ў ім нават у будні. Моляцца, чытаюць акафісты святым, – кажа айцец Уладзімір.
Пры храме склалася прыходская абшчына, у якую ўваходзяць нераўнадушныя людзі. Пра Ганну Калюту мы ўжо расказвалі. Дарэчы, яе нумар тэлефона можна знайсці на стэндзе аб’яў на варотах царквы, і яна па першай просьбе прыйдзе і адчыніць дзверы кожнаму, хто мае патрэбу пабываць у храме, падаць запіску, памаліцца ці проста схіліцца перад абразом блажэннай Матроны Маскоўскай.

Ганна Гузоўская добраўпарадкуе і ўпрыгожвае кветкамі тэрыторыю і сам храм. Ва ўсім харастве бачна яе клапатлівая рука. Людміла Ганіберзіна і Зінаіда Белавокая спяваюць на клірасе. Валянціна Войшніс, Надзея Заграбельная, Ніна Хадыка, Марыя Шавель – вельмі актыўныя і дзейсныя. А Вольга Рудзяк – самая пажылая і самая пастаянная прыхаджанка храма. Ёй за 80, але жанчына кожную нядзелю моліцца на службе. Ёсць і юныя прыхаджане. Раман Багуслаўскі дапамагае святару падчас богаслужэнняў. Яшчэ адзін малады чалавек – Яўген Пасташчук – прыязджае з Ліды і таксама дапамагае айцу Уладзіміру.

«Усе прыходзьце да мяне і расказвайце, як жывой…»
У храме ніколі не бывае пуста. Людзі маюць патрэбу ў малітве да Бога і шчыра вераць у дапамогу нябеснай заступніцы – блажэннай Матроны Маскоўскай.

Гэта падзвіжніца з блізкага нам ХХ стагоддзя, адна з самых любімых сёння праваслаўных святых. Жанчыну-інваліда, невідушчую ад нараджэння і пазбаўленую магчымасці хадзіць, Бог удастоіў дару цудатварэння і празорлівасці. Вернікі шануюць блажэнную Матрону як вялікую малітвенніцу, якая дапамагала блізкім пры сваім зямным жыцці і працягвае адгукацца на просьбы шчырых сэрцаў зараз, знаходзячыся ў Царстве Нябесным. Да яе мошчаў, якія знаходзяцца ў Свята-Пакроўскім манастыры Масквы, штодня прыходзяць пакланіцца тысячы людзей.

Канешне, звяртацца да святой трэба з вялікай верай. Нездарма ў Бібліі сказана: па веры вашай хай будзе вам. Можна прывесці і перадсмяротны запавет Матроны: «Усе, усе прыходзьце да мяне і расказвайце, як жывой, пра свае беды, я буду вас бачыць і чуць і дапамагаць вам. Што душы вашай скажу, тое і рабіце».

Маліцца і верыць
Храм у гонар Матроны Маскоўскай у пасёлку Першамайскім яшчэ зусім малады, але верыцца: яму наканавана вялікая будучыня. Дзеля гэтага ў яго ёсць і людзімалітоўнікі, і Слова Божае, якое сеецца ў душы, а значыць, знойдзе добрую глебу.

На маё пытанне пра планы святар і вернікі не зазіраюць далёка, а проста жывуць, вераць і моляцца.

Хочацца наладзіць адукацыйны працэс, які быў часова прыпынены кавідам, сабраць нядзельную школу, каб хрысціянская вера была для людзей зразумелая і каб свае веды яны маглі перадаваць іншым. Правіць нашы службы згодна з царкоўным уставам і зрабіць наш храм яшчэ больш утульным, каб пад яго дах і надалей імкнуліся людзі, кажа айцец Уладзімір.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться