Памяці нашага калегі Аляксандра Мацулевіча

05 Декабря 2023 1559

Не стала нашага калегі, кіраўніка літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры «Лідскай газеце» Аляксандра Іосіфавіча Мацулевіча. 

Гэтую трагічную вестку не ўспрымаюць ні розум, ні сэрца. Здаецца, вось адчыняцца дзверы і на парозе з’явіцца наш дарагі Саша. Як заўсёды сціпла скажа: “Добры дзень”. Мы вельмі любілі і паважалі яго, бо ён сапраўды жыў па запаведзі: “Палюбі бліжняга свайго, як сябе самога”. Прыстойнасць, тактоўнасць, добразычлівасць, адказнасць адчуваліся ў адносінах да людзей у яго паводзінах і ўчынках. А яшчэ ў скарбонцы Аляксандра як асобы меўся пытлівы розум, журналісцкія і паэтычныя здольнасці. Працуючы ў рэдакцыі карэктарам, ён не абмяжоўваўся сваімі службовымі абавязкамі, але і пісаў газетныя матэрыялы, якія датычыліся гісторыі Лідчыны, яе культуры, цікавых людзей нашага краю. Дзякуючы паэтычнаму таленту, здавалася б, звычайныя словы Аляксандр мог укласці ў трапныя вершаваныя радкі, а таксама падказаць пачынаючаму паэту, як гэта рабіць і як адчыняць сваю душу насустрач усяму прыгожаму, роднаму, да болю блізкаму.

Аляксандр Іосіфавіч пайшоў ад нас у другі дзень зімы, калі белыя, іскрыстыя сняжынкі кружылі ў карагодзе, ткалі прыгожае покрыва для горада. Ён мог бы адгукнуцца на гэта чарговым жыццесцвярджальным вершам. Але жыццё нашага калегі спыніла свой бег. Крыўдна, балюча, накатваюць слезы…

Аляксандр Мацулевіч застанецца з намі назаўсёды ў нашых успамінах, думках і справах.

Калектыў рэдакцыі “ЛідаМедыяКампанія”

Аляксандр Мацулевіч

Зямля Кургана Бяссмерця

Бяссмерця Курган – ён з зямлі,

палітай крывёю герояў:

крывавыя жменькі ўзялі,

насыпалі – сталі гарою.


Махнуў фрыц рукою-багром –

і пырснула чырвань каліны…

Кургана зямля чула гром

расстрэлу падпольшчыкаў Ліды.

 

На рэек падрыў і мастоў

ішлі Васілі і Марусі…

Кургана зямля чула стогн

захопленае Беларусі.

 

Зямля – супрацьтанкавы роў.

Зямля, што ўздымалі гранатай…

Кургана зямля ўзяла кроў

загінуўшых пад Сталінградам.

 

Бяссмерця Курган – ён з зямлі,

палітай крывёю герояў.

Спыніся, прахожы, замры:

ты – перад Курганам-гарою.

 

Мая малая радзіма

Малая радзіма мая –

вялікая, слаўная Ліда,

з якою я сэрца спаяў,

з якою душа мая зліта.

 

Радзіма малая мая –

дзе замак часоў Гедыміна

глядзіцца, калісьці ваяр,

у люстра азёрнае мірна.

 

Малая радзіма мая –

дзе ціхая рэчка Лідзейка

віецца, нібыта змяя;

дзе “лакі”, “малочка”, “ліцейка”…

 

Радзіма малая мая –

дзе шмат прадпрыемстваў працуе.

Вядомая ў многіх краях

прадукцыяй Ліда-красуня.

 

Малая радзіма мая –

дзе высіцца з бронзы Скарына…

Я Ліду гатовы абняць,

бо сэрца яна пакарыла.

 

Радзіма малая мая,

прыгожая, мілая Ліда,

я сэрца з табою спаяў,

з табою душа мая зліта!

 

У доміку Таўлая

Нібы ля дзеда ўнук-паэт,

ля замка – дом-музей Таўлая.

Яго пакой, яго партрэт

і лямпа на стале старая.

 

Здаецца, у пакоі тым

яго і сёння чутны крокі.

Пачуй, як дыхаюць лісты,

дыханне дакументаў копій.

 

Пераступі цяпер парог

пад гэтым позіркам нязгасным –

зрабі з яго пакоя крок

у свет паэзіі сучаснай.

 

А на другім паверсе ты

майстроў паэзіі пабачыш.

“Суквецце” тут – заходзь сюды!

Глянь, колькі сэрцаў тут гарачых!

 

Смялей! Не цісніся ў кутку!

А мо і ты таленавіты?!

Табе падораць кніжку тут

з аўтографам паэта Ліды!

 

Адчуй паэзіі цяпло,

снег лістапада, зелень мая:

нязгаснае яе святло

гарыць у доміку Таўлая.

 

Прыгажуня ў агнях

Дзіцячае навагодняе

З найбліжэйшага базару

тата елачку прынёс –

хвойны пах плыве па залу,

ударае нам у нос.

 

Ёлка пахне зімнім лесам.

Пахне святамі яна.

Ты з марозу – будзеш грэцца,

трошкі пажывеш у нас.

 

Я, бацькі, сястрычка зранку

прыбіранне пачалі –

прыбіраем кватарантку

ў вату, бліскаўкі, шары.

 

Прыбіраем у гірлянды,

каб свяцілася яна,

каб былі бязмерна рады

мы агеньчыкам штодня.

 

Радуемся прыгажуні

ў рознаколерных агнях,

у зялёненькай кашулі,

у каралях, і няйнакш.

 

Хутка – не за дзён гарамі –

года новага прыход!

Светлым, як гірлянд каралі,

хай жа будзе новы год!

 

Помнік першадрукару

На гранітным пастаменце –

помнік першадрукару,

што зрабіў крок у бяссмерце…

Вечны рух рукі ўгару…

 

Дзякуем яму бязмежна,

і пашана ў голасе,

і не зарастае сцежка

да Скарыны ў горадзе.

 

Ён стаіць, адліты ў бронзе.

Ён увекавечаны.

Помні аб яго дарозе,

кнігу ўзяўшы ўвечары.

 

Кнігі друкаваў, шырокі

меў вучоны кругагляд –

помні, кнігу ўзяўшы ў рукі,

пра яго жыццёвы шлях.


Галёшы паэту

У памяць аб падзеях 1940 года

У мокрую Ліду

прыехаў Купала:

паэту ў адлігу

прыехаць папала.

 

Прастуджаны, хворы

ды ў туфлях намоклых,

вітае наш горад

выбраннік народны.

 

Галёшы з “Ардаля”

паэту прынёсшы,

Таўлай уручае

Купалу галёшы.

 

У лідскіх галёшах

пясняр Беларусі –

бліскучых, харошых!

Ваду не прапусцяць!

 

Равесніца ўз’яднання

Да 85-годдзя «Лідскай газеты»

Да летапісу звернемся,

гады назад пракруцім…

Ты, “Лідская”, равесніца

ўз’яднання Беларусі.

 

У першых нумарах тваіх –

і прозвішча Таўлая.

Не белая папера іх –

пажоўклая, старая.

 

У акупацыі гады

была ты партызанкай –

і асвятленню без нуды

змагання з ворагам хады

ты аддалася цалкам…

 

Камбайнер на тваіх лістах,

і майстар плаўкі і ліцця,

і майстар па наладцы…

Уперад клікала лідзян

пад сцягам мірнай працы

 

І ў інтэрнэту век жывеш,

газета папяровая, –

аб будаўніцтве, аб жніве

даступнай кажаш моваю.

 

Сягоння ты – у колеры.

Сягоння ты – таўстуха.

Варочаць здольна горы

адным газетным духам.

 

Прыходзіш у лідзян дамы

са свежымі навінамі.

Працоўны дзень нас прытаміў –

прачытваем газету мы

вячэрнімі гадзінамі.

 

Ты з Сеткай, радыё, ТБ

ў адной жывеш кампаніі.

Каб Лідчыну пазнаць глыбей,

штодзённа ў Сетцы, у табе

здзяйсняю я капанне.

 

Газеце 85 –

узрост яе шаноўны!

Гатоў газету я абняць,

увесь пашаны поўны!

 

Цябе віншую, “Лідская”,

равесніца ўз’яднання,

і пакланюся нізка я!

Ты варта, людзям блізкая,

найлепшых пажаданняў!

Купалле

Гэй! Гуляйце аж да ранніх

пеўняў, аж пакуль не ўпалі!

На народныя гулянні

запрашае ўсіх Купалле!

 

Горка – дзеткам, а дарослым –

сцэна сватання Алёнкі.

Музыка да цудаў розных –

льюць мелодыі калонкі.

 

Вадзянік, лясун, русалкі,

і пачвары, і Яга…

Та-а-ак, ступала на Купаллі

многіх тут істот нага!

 

Хто пад месячным пад ззяннем?

На Купалінку хтось – зірк.

Назірай супрацьстаянне

цёмных сіл і светлых сіл.

 

Кветку-папараць шукаюць.

Карагод кругом кастра.

На ваду вянкі пускаюць…

Назірай, паэт, мастак!

 

Намалюй, мастак, Купалле.

Апішы яго, паэт.

Цёплы, як касцёр, што паляць,

атрымаецца партрэт.

Зімовая рыбалка 

Мароз куе, мароз злуе

i панцыр возеру шле новы.

Як толькі лёд яго скуе –

на лёд выходзяць рыбаловы.

 

Свідруе дзіркі-лункі бур,

i пачынаецца рыбалка.

Сядзі, ад сонца вочы жмур,

чакай, чакай удачы ўпарта.

 

He cпi, народ, не пазяхай,

як лёскі калаціцца будуць!

Бярэцца плотка на сухар,

клюе на прыгажуню вуду.

 

Замерзнуць не дадуць нагам

валёнкі. Моцныя ў нас нервы.

Здабытай плоткі кілаграм

у хаце пойдзе на кансервы.

 

«Бярэцца! Падсякай! Давай!» –

шапталі радасныя словы.

Злуе няхай мароз-каваль –

ва ўдачу вераць рыбаловы! 

Текст: Калектыў рэдакцыі “ЛідаМедыяКампанія”Калектыў рэдакцыі “ЛідаМедыяКампанія”
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться