Біскуп Мікалай Дубінін: «З горадам Лідай у мяне маюцца цесныя роднасныя сувязі»
25 Сентября 2023
1000
Нярэдка “Лідская газета” расказвае на сваіх старонках пра ўраджэнцаў нашага рэгіёна і тых людзей, якіх лёс у пэўны час звязваў з Лідчынай. Прыемна, што ўсе яны з цеплынёй адгукаюцца пра наш край, дзеляцца сваімі шчырымі пачуццямі і ўспамінамі. Раённае выданне, безумоўна, не магло абмінуць той факт, што на днях у Лідзе гасцяваў і ўдзельнічаў у службах у Фарным касцёле біскуп Мікалай Дубінін, дапаможны біскуп Рымска-каталіцкай архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве. Яго непасрэдным абавязкам з’яўляецца пастарская апека католікаў на паўночным захадзе Расіі. Таму ў тытул Уладыкі ўваходзіць дабаўленне – Генеральны вікарый архідыяцэзіі з дадатковымі паўнамоцтвамі у Паўночна-заходнім рэгіёне. Рэгіён уключае у сябе Мурманскую вобласць, Рэспубліку Карэлію, Ленінградскую вобласць і Санкт-Пецярбург, а таксама Наўгародскую, Пскоўскую і Калінінградскую вобласці. Пражывае пастаянна біскуп Мікалай у Санкт-Пецярбургу.
– Што прывяло вас у наш горад? – пацікавіліся мы ў біскупа Мікалая.
– На гэты раз я прыехаў у Ліду па запрашэнні пробашча Фарнага касцёла ксяндза Уладзіміра Гуляя на фэст – галоўнае храмавае свята з нагоды Узвіжання Крыжа Гасподняга, якое святкуецца 14 верасня, – адказаў Уладыка. – Сёлета 30 гадоў, як мы пазнаёміліся з айцом Уладзімірам. У 1993 годзе разам з ім ішлі ў адным з першых паломніцтваў, якое было арганізавана з Расіі ў Беларусь – са Смаленска ў Магілёў. На той час мне было 20 гадоў, айцу Уладзіміру яшчэ менш. Мы тады былі сведкамі пачатку адраджэння Царквы.
Удзел у свяце Лідскага Фарнага касцёла – гэта для мяне радасць і гонар, а яшчэ сантыменты. З горадам Лідай у мяне маюцца цесныя роднасныя сувязі. Пасля вайны, у 1947 годзе, мае бабуля Алена і дзядуля Стэфан з дзецьмі вярнуліся назад у Беларусь, пасля таго як 10 гадоў вымушаны былі правесці на паўночным Урале. Месцам свайго жыхарства выбралі Ліду. Першае, што палічылі важным зрабіць, – прывесці дзяцей да Бога. Мая мама ў трохгадовым узросце і яе старэйшыя брат і сястра былі ахрышчаны ў Фарным касцёле менавіта 14 верасня. У парафiяльнай кнізе захаваўся пра гэта адпаведны запіс.
Паколькі нашы радавыя карані былі пушчаны ў Лідзе, мая мама лічыла Ліду родным горадам. Калі выйшла замуж за майго бацьку – данскога казака – і яны сталі жыць у горадзе Навашахцінску Растоўскай вобласці, пры любой магчымасці мама імкнулася наведаць сваю малую радзіму. Гасцявала наша сям’я ў розных сваякоў, і ў кожным доме ёй былі вельмі рады. Мне ўспамінаюцца забавы, якія мы ладзілі з пляменнікамі. Традыцыйнымі былі паходы па грыбы і ягады. Гэта было для нас своеасаблівай экзотыкай, паколькі ў Растоўскай вобласці такога лесу, як у Беларусі, няма, а пераважае стэп.
Сам горад Ліда заўсёды пакідаў найлепшыя ўражанні: прыгожы, утульны, дагледжаны. Успамінаю, што, калі вярталіся да сябе ў Навашахцінск, мы, дзеці, адразу пачыналі чакаць новай паездкі. Нават па-дзіцячы крыўдавалі на бацькоў: ну чаму яны стварылі сям’ю не ў Беларусі, а так далёка ад яе?
Скажу шчыра: да гэтай пары, калі б я ні прыязджаў у Ліду, адчуваю тут своеасаблівую, цёплую атмасферу, мерны, сціплы, некрыклівы і вельмі чалавечны ўклад жыцця.
– А ці аказалі паездкі ў Ліду ўплыў на ваш шлях да Бога?
– Веру я пазнаў з маленства. Рос у атмасферы павагі да абедзвюх хрысціянскіх традыцый. З аднаго боку, бабуля і дзядуля па бацькоўскай лініі былі праваслаўнымі, шчыра веруючымі людзьмі. З другога – у Лідзе амаль усе нашы сваякі былі католікамі. Калі ў Расіі ў савецкі час храмы былі зачынены (каталіцкіх храмаў мелася толькі два – у Маскве і Ленінградзе), то ў Беларусі, у прыватнасці ў Лідзе, функцыянавалі. Лідскі касцёл быў першым каталіцкім храмам, парог якога я пераступіў. Для мяне было дзіва дзіўнае, што ў цэнтры горада на дзвярах касцёла не вісіць замок, у касцёле праводзяцца службы. І няхай адкрыта дзецям не дазвалялася браць у іх удзел, знаходзілася магчымасць бываць у Фарным касцёле. Усё гэта накладвала адбітак на маю свядомасць. Гадоў у дванаццаць я з гонарам казаў, што па веры я католік, а па нацыянальнасці беларус.
Веруючыя людзі ведаюць, вераць і адчуваюць на сабе, што Бог вядзе па жыцці. Мяне таксама Бог вёў пэўным шляхам. Пасля заканчэння школы (а гэта быў пачатак 90-х гадоў) я паступіў у Растоўскі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Падчас вучобы адным з прадметаў была польская мова. Ад выкладчыцы даведаўся, што да невялікай групы вернікаў у Растоў прыязджае святар з Сочы і такім чынам пачынае адраджацца каталіцкі прыход. Трэба сказаць, што да рэвалюцыі ў горадзе каталіцкі прыход меўся і засталіся людзі, якія захавалі веру. Я адправіўся на імшу, і гэта быў паваротны момант у маім лёсе: актыўна далучыўся да адраджэння парафii. З руінаў аднаўлялі храм як у чалавечым сэнсе, так і ў сэнсе ўзвядзення будынка: спачатку службы праходзілі на прыватных кватэрах і ў арандаваных памяшканнях, потым мы атрымалі месца пад будаўніцтва храма на тэрыторыі аднаго з паркаў. За гэты час я яскрава, асэнсавана адчуў, што маё прызванне – прысвяціць сябе служэнню Богу. У 1993 годзе ў Маскве была адкрыта Вышэйшая духоўная семінарыя, што змяніла мае далейшыя планы. Я разважаў пра тое, каб пасля заканчэння ўніверсітэта адправіцца ў Гродна і паступіць там у духоўную семінарыю, – замест гэтага я перапыніў вучобу, паехаў у Маскву і паступіў у духоўную семінарыю там.
– І усё ж вы не змянілі традыцыі час ад часу наведваць наш прынёманскі край?
– Вядома. Не праміну заехаць да сваякоў у Ліду, разам з тым не забываю пра памерлых родных. Мама пахавана ў Растове, тата – у Маскве (у Маскве пэўны час па абавязку службы жыў я сам, там жыве мая старэйшая сястра з сям’ёй). А вось прах маіх бабулі і дзядулі, іншых сваякоў па мамінай лініі пахаваны ў Лідзе.
А яшчэ, ведаеце, сувязь з горадам я ніколі не разарву і таму, што гэта сувязь – мая асабістая гісторыя. Калі дзесьці па жыцці сутыкаюся з лідчанамі, успрымаю іх як землякоў, а Ліду – як гістарычную радзіму. На маім біскупскім гербе ёсць водгук радавых каранёў – адлюстраваны зубр.
– Наколькі вы ведаеце беларускую мову?
– Разумею беларускую мову, чытаю на ёй, нават магу крыху весці гутарку. Дарэчы, у вывучэнні дапамагла газета “Уперад”. Чытаў яе, калі гасціў у Беларусі. А яшчэ нярэдка ў газету былі загорнуты гасцінцы, якія перадавалі нам сваякі. Мы выпроствалі лісты і знаёміліся з лідскімі навінамі. Мама выпісвала часопісы на беларускай мове: “Работніца і сялянка”, “Вожык”. Пазней я вывучаў беларускую мову самастойна.
– Уладыка, якія захапленні вы маеце ў свецкім жыцці?
– Захапляюся музыкай. Гэта ў мяне ад таты: ён быў музыкантам. Я хоць і не пайшоў па яго шляху, але ў свой час скончыў музычную школу.
Па сваім складзе я гуманітарый, таму мне падабаюцца літаратура, гісторыя. Вывучаю мовы: як я ўжо казаў, беларускую, а таксама англійскую, польскую. італьянскую, маю сутыкненне з лацінскай мовай.
Я люблю падарожнічаць. Хаця і па абавязку службы на месцы не заседзішся. Таму сумяшчаю прыемнае і карыснае.
А самым лепшым адпачынкам у вольны час, якога не так многа, лічу захапленне, якое засталося з дзяцінства і звязана з Лідай, – паход па грыбы. Спадзяюся, што сёлета надвор’е дазволіць адправіцца на “ціхае паляванне” ў лес у Ленінградскай вобласці.
– Ваша правялебнасць, што вы пажадалі б лідчанам як святар і чалавек, лёс якога паяднаны з Лідчынай?
– Маё пажаданне звязана з маім біскупскім дэвізам: “Паспяшаемся тварыць дабро!” Лідчане беражліва захоўваюць сваю спадчыну, тыя чалавечыя рысы, якія перадалі ім іх продкі. Жадаю, каб так яно было і надалей, бо, ганяючыся за ўяўным поспехам, карысцю, можна згубіць сябе. Жадаю, каб і надалей лідчане жылі ў міры і згодзе ў сваіх сем’ях, у сваім горадзе, у сваёй краіне. Усім зычу здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў. Няхай ажыццяўляюцца добрыя і светлыя мары.
Ліда нядаўна адсвяткавала сваё 700-годдзе. Хачу павіншаваць горад з гэтай значнай падзеяй. Жадаю росквіту і Божага благаславення. Выдатна, што ў горадзе ёсць храмы – месцы прысутнасці малітвы вернікаў. Хрысціяне – і католікі, і праваслаўныя – шануюць Ісуса Хрыста, маюць імкненне да дабра, і іх агульная малітва, якая зыходзіць з вуснаў і ідзе ад сэрцаў, а таксама імкненне будаваць жыццё па хрысціянскіх канонах дапамагаюць у гэтым благаславенні.
Вялікі дзякуй, Уладыка, за размову і добрыя пажаданні нашым землякам і нашаму гораду.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







