Цi маюць рацыю жыхары аграгарадка Дзiтва ў сваiх пажаданнях?
16 Августа 2023
1043
У прыезжага чалавека аб аграгарадку складваецца добрае ўражанне: ён не забыты, не закінуты. Наадварот: тут функцыянуюць розныя ўстановы інфраструктуры, кідаецца ў вочы добраўпарадкаванасць як цэнтральнай тэрыторыі, так і жылых дамоў. Але недарэмна заўважаны такі факт. Бывае, рыхтуецца гаспадыня да прыёму гасцей. Усё прыбярэ, прыгатуе. Госці ў захапленні, а саму гаспадыню ўвесь час хвалюе, што дзесьці ў шафе на верхняй паліцы адзенне паскладана не як належыць, у зачыненай скрыні для абутку туфлі з ботамі стаяць не роўна па паліцах, а ўперамешку. Так і ў дадзеным выпадку: тыя, хто жыве ў населеным пункце, ведаюць асобныя хібы, якія, на іх погляд, маюцца.
Тамара Яўгенаўна Васільева паўнапраўна лічыць сябе мясцовай жыхаркай. Атрымаўшы дыплом гісторыка, яна прыехала як малады спецыяліст працаваць у мясцовую сярэднюю школу. Настаўнічала, працавала на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Па характары Тамара Яўгенаўна чалавек нераўнадушны, актыўны. Недарэмна ў свой час вылучалася дэпутатам Дзітвянскага сельскага Савета, зараз уваходзіць у склад раённага савета ветэранаў педагагічнай працы.
Пра добраўпарадкаванне і тое, каму яго падтрымліваць
Разам з тым Тамара Яўгенаўна звярнула ўвагу журналіста і на месца, дзе няма парадку: недалёка ад цудоўнага мясцовага дзіцячага садка ляжаць кучы мінулагодняга апалага лісця. Аказваецца, гэта тэрыторыя агульнага карыстання і за яе стан адказвае Дзітвянскі сельвыканкам. Пазней журналіст давяла гэты недахоп да ведама кіраўніка мясцовай улады Іны Мяшкевіч. Па яе завярэнні, ён будзе выпраўлены.
А яшчэ Іна Мікалаеўна, калі гутарка ішла пра добраўпарадкаванне, дала тлумачэнне па пытаннях, якія цікавяць жыхароў Дзітвы і тычацца стану мясцовых могілак: калі будзе прыбрана частка плоту, якая прыйшла ў нягоднасць, і чаму не вядзецца абкос травы ўнутры пагоста?
Што датычыцца старой агароджы, то, па словах Іны Мікалаеўны, на дадзены момант рыхтуецца дакументацыя для яе спісання, і пасля гэтага можна прыступіць да разборкі. Таксама Іна Мікалаеўна адзначыла: у абавязкі сельвыканкама ўваходзіць абкос могілак толькі па перыметры (што і робіцца), абавязак блізкіх памерлых – падтрымліваць парадак на магілах і паміж імі. А яшчэ старшыня сельвыканкама, карыстаючыся нагодаю, захацела праз газету звярнуцца да людзей і папрасіць іх выкідваць смецце толькі ва ўсталяваныя на могілках кантэйнеры, бо, на жаль, гэта робяць не ўсе. Дарэчы, не так даўно “Лідская газета” расказвала, як навядзенне парадку на могілках у Траццякоўскім сельсавеце – у вёсках Дакудава, Мінойты, Чараўкі – узялі ў свае рукі самі жыхары. Гэта вельмі добры прыклад для пераймання.
Журналіст жа з Тамарай Яўгенаўнай прадоўжылі абход аграгарадка і пабывалі на тэрыторыі гаспадарчых пабудоў, якая афіцыйна належыць жыхарам шматкватэрных дамоў. Трэба сказаць, што многія ўчасткі добра дагледжаны. Участак Марыі Францаўны Рамейка, напрыклад, радуе кветкамі, прыемна бачыць такі аазіс. Праўда, ёсць і такія хлевушкі, якія патрабуюць гаспадарскіх рук. А што сабе думае ўласнік згарэлай пабудовы, якая зусім не ўпрыгожвае гаспадарчы масіў? Здаецца, мясцовай уладзе ў гэтым выпадку патрэбна прыняць больш актыўныя меры, чым прадпісанні пра неабходнасць зносу каркаса, які чарнее.
Пра ахалоджанае мяса і прамысловыя тавары
Яшчэ адно з пытанняў, якія, па словах Тамары Яўгенаўны, хвалююць жыхароў аграгарадка пажылога ўзросту, датычыць гандлёвага абслугоўвання. Таму першым аб’ектам нашага з жанчынай наведвання ў гэтым плане стаў магазін “Родны кут”.
– Ён нас задавальняе, – кажа Тамара Яўгенаўна. – Памяшканне добраўпарадкаванае, шырокі асартымент тавараў, прыветлівыя і тактоўныя прадаўцы. Адзінае пажаданне – каб на прылаўку мелася ахалоджаная мясная прадукцыя і быў пашыраны асартымент прамысловых тавараў (хаця б рэалізоўвалася тая ж бялізна). Некалі ж у Дзітве нават меўся асобны прамысловы магазін.
– А вось нацельная бялізна ў нас ніколі не карысталася попытам, – кажа Алена Раманаўна. – Заказалі на лета майкі. Трэці месяц пайшоў, а рэалізавалі толькі некалькі штук, бо людзі купляюць такі тавар пераважна ў гарадскіх магазінах ці на рынку, дзе больш багаты выбар з розным цанавым сегментам.
Змяншэнне колькасці пакупнікоў і адпаведна нерэнтабельнасць паспрыялі таму, што ў свой час зачыніў дзверы прымысловы магазін. Пры добраўпарадкаванні аграгарадка плошчы дзеючага магазіна былі пашыраны за яго кошт: два аб’екты былі аб’яднаны ў адзін. Іншая плошча прамысловага магазіна пачала выкарыстоўвацца пад складскія памяшканні.
Тым не менш, як сцвярджала работнік гандлю, магазін “Родны кут” заўсёды гатовы ўзяць і выканаць заказ чалавека на бытавую тэхніку. Пазней, у размове з журналістам, кіраўнік мясцовай улады Іна Мяшкевіч адзначыла і тое, што па дазволе райвыканкама кожны трэці чацвер месяца ў аграгарадок наведваецца прадстаўнік прыватнага гандлю, які рэалізуе мясцовым жыхарам адзенне. Раз у квартал прадпрымальнік прапануе работнікам мясцовага торфабрыкетнага завода і ўсім жадаючым пасцельныя рэчы.
Да месца журналіст пацікавілася ў старшыні сельвыканкама і адказамі на наступныя два пытанні Тамары Яўгенаўны. Ці высвятляў кіраўнік мясцовай улады, чаму перастаў курсіраваць аўтобус ад магазіна “Еўраопт”, які дастаўляў жыхароў сельскіх населенных пунктаў акругі (у тым ліку і Дзітвы) у гіпермаркет за пакупкамі? Ці не пажадае “Еўраопт” адкрыць краму сваёй сеткі ў Дзітве?
Яшчэ адно пытанне, якое агучвала Тамара Яўгенаўна, звязана з былой сталовай. Як патлумачылі журналісту кампетэнтныя суразмоўцы, да якіх яна звярнулася, гэтая ўстанова грамадскага харчавання некалі знаходзілася на балансе торфабрыкетнага завода, затым плошчы былі перададзены райспажыўтаварыству. Тут актыўна пачалі прапаноўваць залу для правядзення банкетаў і памінак. Аднак праз некаторы час паслуга перастала сябе апраўдваць, бо тыя ж вяселлі, як правіла, моладзі хочацца згуляць шыкоўна, у прыгожых залах. А для таго каб ісці ў нагу з часам і ўкладвацца ў рамонт, патрэбна, каб меўся прыбытак і фінансавыя ўкладанні былі патрачаны недарэмна. Правядзенне ж памінак можна заказаць (і некаторыя ахвотна гэта робяць) у “Гасцінным двары”, які размяшчаецца недалёка ад Дзітвы, альбо ва ўстановах грамадскага харчавання ў Лідзе.
– Значыць, на адраджэнне правядзення памінак у памяшканні былой сталовай у Дзітве нельга разлічваць? – пытаецца Тамара Яўгенаўна.
Не толькі на гэтае, але і на шэраг іншых узнятых Тамарай Яўгенаўнай пытанняў некаторыя скажуць: “Ну што за праблемы! Гэта ж вам не аддаленыя Пескаўцы. Да Ліды ад Дзітвы, лічы, рукой падаць. Ажно 11 рэйсаў грамадскага транспарту з 6 гадзін раніцы да 9 гадзін вечара курсіруе паміж Дзітвой і Лідай. У дадатак многія маюць уласныя аўтамабілі”. Сапраўды, усё гэта так. Аднак трэба ўлічыць: ёсць людзі сталага ўзросту, не такія лёгкія на пад’ём, як маладыя, і іх пажаданні і прапановы, каб усе паслугі прадастаўляліся на месцы, трэба ўлічваць! Вядома, па магчымасці.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.