А дарога роўнай стужкай уецца…
13 Июля 2023
1064

“Прыемнай падзеяй для жыхароў шэрагу аддаленых вёсак Дзітвянскага сельсавета стала абнаўленне дарогі, якая вядзе ад шашы Ліда – Радунь праз аграгарадок Крупава ў бок вёскі Яўсеевічы. Сама дарога (раней яна мела іншы накірунак) з’явілася ў канцы 60-х гадоў, калі ў Крупаве пачалося актыўнае будаўніцтва: былі ўзведзены новы магазін, школа, дом для настаўнікаў, двухпавярховыя жылыя пабудовы. Па дарозе пусцілі маршрутны аўтобус Ліда – Яўсеевічы. Быў пракладзены і асфальт. Праўда, толькі на ўчастку да таго месца, дзе заканчвалася Крупава. Далей дарога была з гравійным пакрыццём.
У жніўні 2008 года прайшла рэканструкцыя дарогі: быў пракладзены паверх існуючага новы слой асфальту, і разам з тым на гравійцы з’явілася асфальтнае пакрыццё ажно да малочна-таварнага комплексу, які быў пабудаваны за вёскай. Безумоўна, гравійная дарога – гэта вам не асфальтавая. Таму, як бы ні праходзіў па ёй грэйдар, вадзіцелі маршрутных таксі казалі, што ўсё роўна пры яздзе па трасучай паверхні псуецца падвеска, парушаецца амартызацыя транспарту. А як вядома, маршрутам, пра які ідзе гаворка, карыстаюцца жыхары і дачнікі хутара Янцавічы, вёсак Заполле, Рапейкі, Янцавічы, Яўсеевічы.
І вось у маі-чэрвені бягучага года дарожна-будаўнічыя работы былі працягнуты. Ад малочна-таварнага комплексу на адлегласці двух кіламетраў да скрыжавання дарог з хутарам Янцавічы, вёскі Заполле і ў накірунку да Яўсеевіч паклалі асфальт! Дарога, як кажуць у народзе, хоць каціся – у горадзе не кожная такая. Некаторыя вяскоўцы заўважаюць, што нават транспарту пабольшала ў бок аддаленых вёсак. За выкананыя работы жыхары шчыра дзякуюць ДРБУ-157. Разам з тым іх цікавіць пытанне: ці плануецца працяг укладкі асфальтавага пакрыцця да вёсак?”
Журналіст звярнуўся да кіраўніка ДРБУ №157 Антона Сокала і перадаў яму падзяку ад вяскоўцаў. Заадно пацікавіўся адказам на пытанне, якое ставіцца ў пісьме. Антон Францавіч адказаў, што ў планах пакуль няма ўкладкі асфальту на ўчастках гравійнай дарогі ад скрыжавання да Янцавіч і паміж Янцавічамі і Яўсеевічамі. А вось аднаўленне асфальтабетоннага пакрыцця на ўчастку праз вёску Янцавічы закладзена ў праграме работ па цякучым рамонце на 2024-2025 гады.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.