Як клапоцяцца пра пажылых людзей у Ходараўскім сельсавеце

13 Июля 2023 888
Як да роднай маці

Выбраўшы для чарговага артыкула праекта “Рэгіянальная палітыка: быць з людзьмі і для людзей” тэму – сацыяльнае абслугоўванне вяскоўцаў, – я вырашыла наведаць Ходараўскі сельсавет. Са старшынёй сельскага Савета Зояй Іванаўнай Баклагай цесна пазнаёмілася больш за дваццаць гадоў назад. У якасці журналіста “Лідскай газеты” прыехала ў вёску Бабры, каб падрыхтаваць матэрыял пра мерапрыемства з нагоды юбілейнай даты з дня заснавання царквы. Сярод прыхаджан, якія прысутнічалі на ім і радаваліся святу свайго храма, была і Зоя Баклага, якая на той час працавала ў Голдаўскім сельвыканкаме.

Я ж мясцовая, з суседняй вёскі. А дзе ж мне быць, як не сярод нашых вяскоўцаў? Мне здаецца, лепшых за нашых людзей няма, – задаволіла маю цікаўнасць Зоя Іванаўна.

Нарадзілася яна ў вёсцы Вялікае Сяло. Скончыла Голдаўскую сярэднюю школу. У 1983 годзе, пасля таго як набыла спецыяльнасць бухгалтара, вярнулася працаваць у мясцовую гападарку. Праз некаторы час выйшла замуж (муж шчыраваў у калгасе брыгадзірам). У сям’і нават у думках не было пакідаць родныя мясціны. 

У 1989 годзе Зоі Іванаўне даверылі заняць выбарную пасаду сакратара Голдаўскага сельскага Савета. Узначальваў на той час уладу на месцы Здзіслаў Іванавіч Гуж. У 2013 годзе на сесіі сельскага Савета Зою Іванаўну абралі старшынёй. Аднак хутка Ходараўскі і Голдаўскі сельскія саветы аб’ядналі (з цэнтрам у Ходараўцах), і яна перайшла працаваць у новую структуру кіраўніком спраў. А некалькі гадоў назад Зоя Іванаўна была абрана кіраўніком Ходараўскага сельскага Савета.

Тое, што яна вырасла і жыве ў гэтым рэгіёне, і работа ў органе мясцовай улады дапамагаюць Зоі Баклазе ведаць кожнага чалавека. На жаль, колькасць жыхароў навакольных населеных пунктаў змяншаецца,  пустуючыя дамы не радуюць болей святлом у вокнах – і гэты факт, як прызнаецца Зоя Баклага, балюча кранае. З нейкай асаблівай пранікнёнасцю Зоя іванаўна кажа пра старых вяскоўцаў, пра тое, што яны павінны быць акружаны клопатам і не адчуваць сябе пакінутымі.

– Бываюць сітуацыі, калі адзінокі стары чалавек, у дадатак маючы букет хвароб, не можа самастойна сябе абслугоўваць і павінен перабрацца ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання ці на медыка-сацыяльны ложак. Але як не хочацца яму пакідаць родны куток! Розумам разумеюць: трэба ехаць, там будзе належны догляд, а душа не ўспрымае развітання з месцам, з якім так многа звязана, – расказвае Зоя Іванаўна. – Ды што тут казаць, нават перабіраючыся да дзяцей на старасці гадоў, ведаючы, што будуць адчуваць любоў і пашану родных людзей, развітваюцца з домам як з жывым чалавекам. Колькі разоў у гэтым пераконвалася! Нават на прыкладзе сваёй мамы. Пасля хваробы ёй цяжка было жыць адной. Згадзілася пераехаць да нас у Голдава. Памятаю, калі прыехалі забіраць, выйшла на двор і як загалосіць: “Ай, хатка мая родненькая, я ў цябе болей не вярнуся!” 

Па вызначаным маршруце на веласіпедзе і пешшу 

Разумеючы пачуцці старых людзей, кіраўнік улады на месцы адчувае вялікую важнасць арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян пажылога ўзросту. У Лідскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на ўліку знаходзіцца больш за тры сотні непрацаздольных грамадзян Ходараўскага сельсавета. Сорак чалавек з іх – адзінокія, астатнія – адзінока пражываючыя. Нехта з апошніх пераязджае да дзяцей толькі на зіму, а на цёплы час вяртаецца ў вёску, іншыя круглы год жывуць дома. Гэта і ўлічваецца пры арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання вяскоўцаў.
 
На тэрыторыі сельсавета працуюць дзевяць сацыяльных работнікаў. У іх прысутнасці маюць патрэбу жыхары шаснаццаці населеных пунктаў, у тым ліку вёсак Баяркі, Ольгаўцы, Малышы, Вялікае Сяло, Зіновічы, Папераўцы, Заброеўцы, Дзедукі, Макары, Хадзюкі, Баяры-Дзікушкскія.

Дарэчы, у Баяры-Дзікушкскія па маёй прапанове мы і адправіліся з Зояй Іванаўнай. Захапілі з сабой і сацыяльнага работніка, які замацаваны за вёскай, – Ірыну Вітко. Сваіх падапечных яна наведвае два разы на тыдзень. З Ходараўцаў сюды Ірына Генрыхаўна дабіраецца пешшу ці на веласіпедзе. Прывозіць “заказы”: лекі, пэўныя прадукты, якіх няма ў продажы ў аўталаўцы, вясной – насенне, бо вясковыя жанчыны, нават калі сіл ужо няма, не хочуць адмаўляцца ад таго, каб мець ля дома градку. Безумоўна, сацыяльны работнік робіць патрэбныя людзям аплаты, клапоціцца, каб быў выпісаны нарад на паліва. Аказвае пэўную дапамогу падапечным і ў рашэнні бытавых пытанняў. Пры неабходнасці выканае функцыі медработніка – ціск памерае і нават укол зробіць. Ёсць і яшчэ адна важная функцыя ў сацыяльнага работніка. У гэтым пераканаліся адразу, калі зайшлі ў першы ж дом у Баярах Дзікушкскіх.

А самай малодшай 82 гады

Сацработнік Ірына Генрыхаўна Вітко са сваёй падапечнай Надзеяй Сяргееўнай.

Іра, а я ўжо выглядаю цябе, чакаю: прывыкла за столькі гадоў як да роднай. А з табой сёння і старшыня наша, і яшчэ нехта, – сустрэла нас такімі словамі гаспадыня хаты, самая малодшая падапечная Ірыны Генрыхаўны, 82-гадовая Надзея Сяргееўна.

У вочы кідаецца, што ля дома і ў доме жанчыны асаблівы парадак.

 – А як жа іначай? Сама стараюся яго падтрымліваць, ды і дзеці, якія жывуць у гарадах, не забываюць мяне, прыязджаюць дапамагчы. Дарэчы, я ж і чацвярых унукаў маю і нават праўнука, – кажа Надзея Сяргееўна. 

І ўсё ж жыць адной сумна, – заўважыла я жанчыне.

А тэлефон навошта? На сувязі з роднымі заўсёды – гэта раз. Іра мяне наведвае – гэта два. Да Ані Гомзы на пасядзелкі хаджу – гэта тры, – пачынае пералічваць Надзея Сяргееўна.

Таксама ў час размовы пра сум жанчына з гонарам адзначыла, што “наша Іра” (сацыяльны работнік ірына Генрыхаўна) добра спявае і ўваходзіць у склад вакальнага гурта Ходараўскага Дома культуры. 

У наступнай хаце нас сустракае 86-гадовая Ірына Іванаўна. Але не адна: да маці якраз прыехаў з горада сын Аляксандр. Гэты факт паслужыў нагодай для тэмы нашай размовы. Ірына Іванаўна згадала маладосць, расказала, як выхоўвала дваіх сыноў, як і чаму іх навучыла, што калі яе хлопцы прыязджаюць зараз у бацькоўскі дом, то ўпраўляюцца з падзеленымі паміж сабой абавязкамі: адзін усё, што трэба, робіць па дому, другі шчыруе на ўчастку.

Калі мы сабраліся адыходзіць, Аляксандр, які праводзіў нас, зазначыў старшыні сельскага Савета: “Добра, што ў нашу адсутнасць за мамай прыглядае сацыяльны работнік. На душы спакайней”.

Наступнай падапечнай Ірыны Генрыхаўны, Галіне Якаўлеўне, 91 год. Нягледзячы на ўзрост, без справы сядзець не можа – сама імкнецца ўправіцца і дома, і ў агародзе. 

Такі ўжо ў яе характар, – заўважае дачка Алена, якая спецыяльна ўзяла тыдзень за свой кошт, каб пабыць з маці. – Ну як яе ўгаварыць ехаць хоць на зіму да мяне? Не хоча нават на непрацяглы час пакідаць родную хату. Абяцала было: “Вось атрымаю пенсію – тады”. Праўда, не ўдакладніла, якую пенсію па ліку.

Ганна Фёдараўна паказвае свае вырабы.

84-гадовая Ганна Фёдараўна адзінокая, мае хваробы. Добра, што ёсць тыя, на чыю дапамогу жанчына можа разлічваць: пляменнік (ён таксама жыве на тэрыторыі Ходараўскага сельсавета) і Ірына Генрыхаўна – сацыяльны работнік. Ганна Фёдараўна некалі была слыннай майстрыхай па вышыўцы і ткацтве. Да гэтага часу яна захоўвае рэчы, да стварэння якіх прыклала свае рукі. Па нашай просьбе жанчына пачала паказваць сваю творчасць і пры гэтым, успомніўшы свае маладыя гады, нават неяк падбадзёрылася.

Мяне ж ахінула шчымлівае і разам з тым незвычайна прыемнае пачуццё ад усіх сустрэч увогуле. Ад шчырасці простых вясковых жанчын, а таксама ад адносін да іх людзей, якія па сваёй пасадзе павінны аказваць падтрымку, аднак робяць гэта не казённа, а прапускаючы праз сэрца.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться