Свята набліжаецца. Паглядзіце, як упрыгожылі Дом гандлю ў Лідзе

22 Декабря 2022 1789
Да сустрэчы Новага года засталося менш за тры тыдні, і горад працягвае рыхтавацца да свята. На Дажыначнай плошчы ўжо ўстаноўлена елка-прыгажуня, а ўвечары рознакаляровая ілюмінацыя падсвечвае будынкі арганізацый і прадпрыемстваў. Адным з першых навагодняе ўбранне прымерыла УКП «Магазін № 1 «Дом гандлю». Гандлёвую кропку ўпрыгожвала Ала Парчанкова, якая працуе тут мастаком.

Амаль усе кампазіцыі, што з'явіліся ў розных аддзелах магазіна, вытрыманы ў бела-залатым колеры. Гэта надае прадсвяточнай атмасферы асаблівую ўрачыстасць. На лесвіцы размясцілася ўпрагожаная шарамі заснежаная елка. Побач – камін. Спяшаюцца на свята казачныя алені...

Пакупнікі спяшаюцца таксама: у кожнага – свае планы, але той-сёй на пару хвілінак затрымаецца, каб лепей палюбавацца гэтакай прыгажосцю. А мінчанка Кацярына Пашко, якая прыехала ў Ліду па справах, нават зняла відэа для сацыяльных сетак. «Прыгожае і сучаснае афармленне, нейк па-хатняму, душэўна», – адзначае госця са сталіцы.

На другім паверсе дзяцей чакае Шчаўкунчык. Ну дзе яшчэ яго можна пабачыць?! Для Веры Трухановіч (на здымку) гэта адзін з любімых казачных герояў. Дзяўчынка займаецца харэаграфіяй у дзіцячай школе мастацтваў і сёлета нават угаварыла бацькоў з'ездзіць у Мінск на балет «Шчаўкунчык». Таму сустрэча з казачным персанажам у «Доме гандлю», куды яна прыйшла разам з маці і малодшай сястрычкай Іларыяй, можна сказаць, знакавая.
















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться