Рэпартаж са свята вёскі ў Бянейках

01 Сентября 2022 2102

Амаль кожная вёска ў нашай краіне мае сваё асабістае свята – дзень вёскі. У адным з такіх месцаў нам і давялося пабываць. Свята вёскі адзначылі ў мінулую нядзелю ў Бянейках Дварышчанскага сельсавета.


На жаль, тут засталося толькі 12 падворкаў, у якіх жывуць 19 чалавек. Але гэта ніяк не перашкодзіла ім сустрэць свята з сапраўднай шчодрасцю і размахам.
На сваім падворку нас сустракала стараста вёскі Марыя Іосіфаўна Каркота, гаспадыня дома нумар 17. 

Усе госці тут доўгачаканыя, таму Марыя Іосіфаўна ўпрыгожыла амаль кожны куток! Тут і духмяныя кветкі, і ручнікі. Тут жа вас пачастуюць хлебам-соллю!

А якія тут прысмакі – каб вы ведалі! І мяса з сапраўдным хатнім салам, і пірагі, і тарты! Толькі ўявіце, што ўсё гэта прыгатавана галоўным арганізатарам мерапрыемства Людмілай Станіславаўнай Філіпчык. А якое ж усё смачнае! Людміла Станіславаўна – сапраўдная гаспадыня.

На такіх святах абавязкова прысутнічаюць і старажылы. Без іх не было б вёскі! Менавіта найстарэйшыя жыхары, якія жывуць і працуюць тут усё сваё, на жаль, нялёгкае жыццё, адраджалі сяло ў цяжкі для яго час – час пасля вайны. 

Найстарэйшымі ў Бянейках з’яўляюцца Уладзіслава Ксавер’еўна Лыскаўка, Бярнарда Іосіфаўна Мікша, Часлава Ксавер’еўна Віршыла. Колькі цёплых слоў было сказана ў іх адрас, колькі песень саспявана! Жывіце доўга-доўга, даражэнькія!

Не абышлі ўвагай і маладое пакаленне. Якія цудоўныя галасы ў гэтых маленькіх артыстаў – так бы слухаў і слухаў!

Хто кажа, што ў вёсцы сумна жывецца? Ды што вы! У Бянейках няма месца для суму! Тут і працуюць ладна і дружна, а калі прыходзіць час адпачываць, то і танцуюць усёй вёсачкай, і песні спяваюць так, што аж на сэрцы цяплей робіцца…

Ні на што жыхары вёскі не прамяняюць бацькоўскі куток, родныя хаты, у якіх нарадзіліся, ажаніліся або выйшлі замуж, нарадзілі дзяцей і дачакаліся ўнукаў (а многія, даў Бог, і праўнукаў). Не прамяняюць яны залатыя палі, чыстае блакітнае неба, гай з грыбамі і ягадамі ды буслоў, якія штогод ляцяць з цёплых краёў, ні на якія іншыя чужыя «красоты», бо лепшай за родную вёсачку мясціны няма ва ўсім свеце. Жывіце доўга, Бянейкі!

Текст: Аляксандра СкорбАляксандра Скорб
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться