«Мы свядома выбралі сельскую мясцовасць, каб не толькі з поўнай аддачай працаваць тут, але і шчасліва жыць»
Справядліва лічыцца, што ў тым, кім і якімі мы сталі, ёсць вялікі ўдзел нашых бацькоў. Напрыклад, механік сельгаспрадпрыемства Павел Бразоўскі, які жыве і працуе ў Ходараўцах, лічыць, што захапленне тэхнікай у яго ад бацькі. Валерый Яўгенавіч у свой час працаваў загадчыкам майстэрняў, а Павел з маленства бачыў працу бацькі, бываў у яго на рабоце.
Да гэтай пары ў сям’і ўспамінаюць такі выпадак. Неяк Павел, якому на той час было гады тры, папрасіў Валерыя Яўгенавіча ўзяць яго ў чарговы раз да сябе на работу. Зацікаўлена ходзячы па тэрыторыі майстэрні, малы падышоў да машыны, якую рамантавалі. Пастаяў, паслухаў яе гул і звярнуўся да вадзіцеля: “Дзядзя, у цябе фарсункі не працуюць”. Прысутныя спачатку пасмяяліся: маўляў, дзіця дае парады дарослым. Якое ж было іх здзіўленне, калі аказалася, што хлопчык трапіў у кропку: справа сапраўды была ў фарсунках. “Ну і Павел! – дзівіліся тады мужчыны. – Вырасце – добрым спецыялістам па тэхніцы будзе!” І сапраўды, яны як у ваду глядзелі. Зараз, у свае 24 гады, ён лічыцца высакакласным спецыялістам сваёй справы.
Павел Валер’евіч пасля заканчэння базавай школы паступіў у Лідскі каледж, атрымаў спецыяльнасць “тэхнік-механік” і вырашыў вярнуцца ў сваю мясцовую гаспадарку як малады спецыяліст. У час вучобы ў каледжы Павел быў там на добрым рахунку. Дырэктар Лідскага каледжа Андрэй Мікалаевіч Сямашка, які на той час з’яўляўся куратарам вучэбнай групы, у якой займаўся хлопец, гаворыць пра яго так: “Гэты навучэнец застаўся ў памяці як адказны, высокамаральны чалавек. Павел добра вучыўся, цікавіўся тэхнікай і быў лідарам у групе. Недарэмна яму даверылі выконваць абавязкі старасты”.
Атрыманыя Паўлам у каледжы тэарэтычныя веды ўжо даўно былі падмацаваны практыкай. Не толькі таму, што быў, як кажуць, заўсёды пры тэхніцы. Яшчэ з’яўляючыся навучэнцам, у час жніва сын працаваў памочнікам камбайнера ў свайго бацькі. Праўда, у апошнія гады ролі памяняліся: цяпер сын выязджае ў поле ўбіраць ураджай у якасці камбайнера, а Валерый Яўгенавіч з’яўляецца яго памочнікам. І раней экіпаж Бразоўскіх быў у ліку найлепшых. А калі Павел стаў асноўным камбайнерам, у першае ж жніво экіпаж заваяваў дыплом пераможцы. З таго часу пазіцыі лідара не здаваў ні разу. Аб гэтым сведчаць шматлікія дыпломы і падзякі. У мінулым годзе Павел Валер’евіч за сваю працу атрымаў падзяку ад старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка. У час жніва Павел Бразоўскі стаў найлепшым у Лідскім раёне па шкале прапускной здольнасці камбайна. Працуе ён на КЗС-10 “Палессе”. Але і на ім дае фору многім з тых, хто працуе на больш магутных агрэгатах.
Аб прычынах сваіх высокіх вынікаў Павел кажа так: “Немалаважную ролю іграюць вопыт (за гэта вялікі дзякуй майму бацьку), спрытнасць рук і прымяненне некаторых уласных сакрэцікаў. Безумоўна, да ўсяго патрэбна старанне, а не настрой адбыць дзень да вечара і проста пакатацца па полі”
Па словах маладога чалавека, для яго немалаважны і заробак, бо ён ужо мае ўласную сям’ю і хоча, каб яна была забяспечана ўсім неабходным.
– Грошы зарабляю той справай, якая мне падабаецца, – кажа Павел Валер’евіч.
Трэба сказаць, што з жыллём маладой сям’і дапамагло сельгаспрадпрыемства: прадаставіла ў адным з катэджаў трохпакаёвую кватэру. А вось задача стварыць у кватэры ўтульнасць, напоўніць памяшканні мэбляй і бытавой тэхнікай стаяла перад мужам і жонкай, з чым яны паспяхова справіліся. Яно і зразумела: усё будзе па плячы, калі ў сям’і пануюць каханне і згода, ды да таго ж галава сям’і – чалавек руплівы і старанны. Дарэчы, жонка Паўла, Ганна, ім не нарадуецца: ён выдатны муж і бацька.
Пазнаёміўся Павел з прыгажуняй Ганнай на вяселлі яе сяброўкі. Дзяўчына таксама, можна сказаць, мясцовая, з Жалудка, што недалёка ад Ходараўцаў. Пасля заканчэння Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа прыехала ў родныя мясціны на працу. Нягледзячы на маладосць, Ганне Сяргееўне даверылі ўзначаліць магазін “Еўраопт”. Зараз, у сувязі з нараджэннем у сям’і дачушкі Ксеніі, яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.
Варта ўвагі, што бацькі Паўла, Валерый Яўгенавіч і Наталля Адамаўна, таксама з адной мясцовасці. Яна родам з Голдава, ён – з Канюшан. І тут зноў жа, як кажуць, збылося прароцтва. Маці Валерыя Яўгенавіча часта прыходзіла на службу у Голдаўскую царкву і там бачылася з маці Наталлі Адамаўны. У размовах пра сваіх дзяцей жанчыны, бывала, жартавалі: “Можа, калі і параднімся. У цябе нявеста падрастае, у мяне – жаніх”. Прайшоў час. І выпадкова на дыскатэцы Валерый і Наталля пазнаёміліся, спадабаліся адзін аднаму і ў выніку пажаніліся. У сям’і нарадзілася трое дзяцей: акрамя Паўла, старэйшы Сяргей і малодшая Ульяна. Сыноў і дачушку Бразоўскія навучылі на сваім прыкладзе не толькі працалюбству, але і павазе да родных і наогул да ўсіх людзей, адказнасці ў любой справе, за якую б ні браліся.
Можна сказаць, што Павел узяў прыклад з бацькоў і пры выбары месца жыхарства: застаўся жыць у родных мясцінах. Наталля Адамаўна закончыла педагагічнае вучылішча, набыла спецыяльнасць “настаўнік малодшых класаў”, затым атрымала вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Доўгі час працавала настаўніцай, апошнія гады займае пасаду кіраўніка спраў Ходараўскага сельвыканкама. Змяніў пасаду і Валерый Яўгенавіч. Як чалавеку адказнаму і без шкодных звычак, яму прапанавалі стаць вадзіцелем школьнага аўтобуса. Праўда, у механічных майстэрнях ён нярэдкі госць. Для таго, каб камбайн не даў збояў на жніве, яго трэба адмыслова падрыхтаваць да гэтай важнай кампаніі. І хаця галоўную ролю ў гэтай падрыхтоўцы іграе Павел Валер’евіч, як асноўны камбайнер і механік, бацька ў вольны ад работы час дапамагае сыну.
Журналісту давялося гутарыць з дзядулем і бабуляй Паўла па бацькоўскай лініі, Яўгенам Антонавічам і Валянцінай Аляксандраўнай, якія жывуць у Канюшанах. Яны ганарацца сваімі дзецьмі і ўнукамі, маўляў, добрымі людзьмі сталі, не забаўляюцца спіртным, не кураць.
“Ад мяне, такога малога чалавека, глядзі ты, які род пайшоў!” – з гонарам кажа Яўген Антонавіч. Узгадвае, што дзве яго ўнучкі, дзеці старэйшага сына Віктара, таксама працуюць у іх мясцовасці: Анастасія Бразоўская загадвае ФАПам, Лізавета – сельскім клубам. Калі размова заходзіць пра ўнука Паўла, дык пра яго поспехі ў працы дзядуля можа гаварыць многа.
– Ён і чалавек цудоўны, прыхільны, – дабаўляе Валянціна Аляксандраўна. – Бывае, па якой-небудзь патрэбе адпраўляюся ў Ходараўцы. Не хачу нікога з дзяцей і ўнукаў адрываць ад спраў, думаю, дабяруся сама. Дык Паўлік, як сустрэне мяне, выказвае: “Ну чаму ты, бабуля, мне не сказала, не патэлефанавала? Давай хоць дадому падвязу!” І які б заняты ні быў, садзіць мяне ў машыну і ўміг у Канюшаны дамчыць.
А ў Паўла Валер’евіча, як механіка, сапраўды заўсёды многа спраў: і рамонт тэхнікі, і кантроль за работай слесараў, і выезд на лінію. Акрамя таго што ён становіцца ўдзельнікам асноўнага этапу жніва, да самай позняй восені шчыруе на сваім “Палессі-10” і вядзе ўборку ўраджаю.
– Вольнага часу, вядома, мала, але ж імкнуся выкраіць яго на сям’ю. Мы ж свядома выбралі сельскую мясцовасць, каб не толькі з поўнай аддачай працаваць тут, але і шчасліва жыць.






