«Вучні мяне не забываюць...»

17 Июня 2014 1729

Кожны раз, ідучы на запланаваную сустрэчу да цікавага чалавека, задаюся пытаннем: што я на гэты раз ад яго пачую, пра што ўдасца дазнацца? Супакойвае мяне адно: як бы там ні атрымалася, але ж нейкая няхай сабе і драбніца, высветленая пад- час гутаркі, стане важным звяном у ланцужку гісторыі маёй вёскі, а значыць – і раёна…

На гэты раз маім суразмоўцам стала былая настаўніца Крупаўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Надзея Іванаўна Вільбік. На яе жыццёвым шляху былі розныя перамены. Як дзіця вайны, бачыла голад, холад, сырыя зямлянкі. Але ж яна вывучылася, атрымала вышэйшую адукацыю, знайшла свайго спадарожніка жыцця, нарадзіла дзяцей. Асноўным пунктам у яе біяграфіі з’яўляецца педагагічная дзейнасць у розных навучальных установах.

...Нарадзілася Надзея Іванаўна 1 кастрычніка 1927 года ў вёсцы Шаўніно Кардымаўскага раёна Смаленскай вобласці. Бацька Іван Захараў і маці Ганна былі звычайныя сяляне.

– Ат, мой хлопчык, нялёгкі быў той час. Пачалі ўзнікаць калгасы, зараджацца калектывізацыя. Але ж пашанцавала мне скончыць 6 рускамоўных класаў. І хутка пачалася вайна, – распавядае Надзея Іванаўна. 

Тэрыторыя, на якой пражывала яе сям’я, была акупіравана немцамі ў жніўні 1941 года. Жыхары вымушаны былі збегчы з вёскі і змяніць месца жыхарства на акопы і падвалы. Акупанты спалілі ўсю вёску, і тым шаўнінскім жыхарам, якія выжылі, у тым ліку і сям’і Захаравых, прыйшлося доўгі час жыць у зямлянках. Два гады – з 1941 па 1943, акупацыйны час, – здаваліся вечнасцю. Верасень 1943 года паставіў кропку: Смаленшчына паступова пачала вызваляцца. 

– Не адрадзілася мая вёска, вайна знішчыла яе поўнасцю. Моладзь адразу павыязджала ў горад: хто вучыцца, а хто – працаваць, – сумна працягнула суразмоўца. – Пра месца маёй малой радзімы цяпер нагадвае толькі ўстаноўлены там камень – помнік, на якім пазначана, што тут была вёска Шаўніно. Цяпер тое месца парасло лесам, у якім блукаюць дзікія жывёлы.

Пасля сканчэння вайны Надзея вырашае далей працягнуць няскончаную школьную адукацыю і ў выніку заканчвае 7-ы клас. Пасля паступіла ў педвучылішча, якое размяшчалася за 50 км ад Смаленска. Раскошы вялікай не было, хлеба не хапала, і прыйшлося з мяшком бульбы на плячах, як зазначае жанчына, дабірацца пяшком на вучобу. Праз год, у 1944 годзе, шлях да навучальнай установы ёй пашчасціла скараціць, бо такая ж вучэльня была адкрыта ўжо бліжэй, у самім Смаленску. Вучыцца хоць і ўдавалася, але ўмовы для пражывання былі вельмі цяжкія. Смаленск у гэты час яшчэ ляжаў у руінах, харчавання не хапала, у дзень атрымлівала толькі 500 грамаў хлеба, начаваць прыходзілася дзе ўдавалася.

Пасля трохгадовай вучобы ў педвучылішчы, у 1947 годзе была накіравана на працу ў Ельнінскі раён Смаленска. Тут яна на працягу трох гадоў выкладала ў пачатковых класах і паралельна вучылася на завочным аддзяленні Смаленскага педінстытута. Забягаючы наперад, скажу, што ў 1956 годзе яна скончыць і Брэсцкі педінстытут. 

Пазней лёс яе закінуў у заходнюю частку Беларусі, а менавіта – у Гродзенскую вобласць, бо сваякі, якія тут пражывалі, параілі ёй выбраць гэты край, паколькі ён лепш уцалеў ад ваеннага ліхалецця, чым Смаленск. І тады, у жніўні 1950 года, было вырашана прыпыніцца ў Лідскім раёне, а менавіта – у Кянцянскай сямігадовай школе. Гэты прыезд на Лідчыну паспрыяў ёй у далейшым лёсе. Тут яна пазнаёмілася з будучым мужам Іванам Іванавічам, які ў той час працаваў у раённым аддзеле адукацыі. Пазней яны працавалі і ў Табольскай школе. А ў 1954 годзе маладая сям’я Вільбікаў накіроўваецца ў Крупаўскую школу. І тут жыццё таксама не стаяла на месцы. Івана Іванавіча назначаюць старшынёй калгаса вёскі Дворышча. На гэтым жыццёвае падарожжа не скончылася. Для іх былі адчынены дзверы ў Нёманскай, Белагрудскай, а затым Запольскай школах. Пасля закрыцця апошняй дарога прывяла іх назад – у Крупава. У 1968 годзе ў вёсцы была пабудавана новая школа, на якой і прыпыніліся. Яе дырэктарам стаў Іван Іванавіч, а Надзея Іванаўна – настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў старэйшых класах. Маючы вялікі вопыт, яшчэ 10 год у пенсіённым узросце яна вучыла разумнаму, добраму, вечнаму.

…Не стала двух сыноў – Юры і Віці, а таксама і мужа. Даглядае яе сын Аляксандр, былы афганец, які ў свой час працаваў у Лідскай друкарні. 

– Не забываюць мяне і вучні, – напрыканцы размовы прызнаецца Надзея Іванаўна. – Некаторыя з іх нават займаюць кіруючыя пасады. А кіраўніцтва Крупаўскай школы пастаянна цікавіцца маім здароўем, віншуе з Днём настаўніка як ветэрана сваёй установы.

Што ж, гэта добра. А як жа іначай?! А мне, у сваю чаргу, хочацца параіць: тэлефануйце і вы, паважаныя чытачы, сваім педагогам, нагадайце ім пра сябе, бо, паверце, настаўнікі вас не забываюць.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться