Вучні лідскай СШ №8 даследавалі гісторыю мікрараёна Раслякі

05 Июня 2014 1961

Што было даўней на вуліцах, па якіх мы сёння ходзім? Адказ на пытанне шукалі вучні СШ №8. Выхаванцы гісторыка-краязнаўчага музея даследавалі гісторыю мікрараёна Раслякі.

Аказваецца, першае з вядомых пісьмовае ўпамінанне аб Расляках адносіцца да 1778 года, калі манахі-піяры за 27 тысяч злотых купілі ў графа Умястоўскага Раслякі з шасцю жылымі дамамі і пятнаццаццю валокамі зямлі. Такім чынам, Раслякі былі вёскай з шасцю жылымі дамамі, у якіх жылі сяляне Федаровічы. Пасля, у сувязі з ліквідацыяй кляштара, піярскія ўладанні перайшлі дзяржаве. 

Ёсць некалькі версій паходжання назвы «Раслякі»: ад слоў «рослыя», «раса», але самая верагодная версія – назва паходзіць ад таго, што раней тут расло шмат дрэў і кустоў. 

У пачатку 20 стагоддзя Раслякі – вёска з 61 жыхаром (32 мужчынскага полу і 29 жаночага) на 123-х дзесяцінах зямлі. У 1912 годзе ў Расляках жылі сяляне праваслаўнага веравызнання: Васнеўскія і Размялевічы, каталіцкага веравызнання: Бамрэз, Ловец, Бяляўскі, Болтуць, Федаровіч. Нашчадкі гэтых людзей і сёння жывуць на Расляках, напрыклад, праўнучка Размялевіча – Людміла Мазурок.

У 1929 г. у Расляках усяго 11 хатаў. Вёска знаходзілася ў межах бачнасці з вуліцы Сувальскай, аддзеленая Лідзейкай. Трапіць у Раслякі можна было толькі ўкругавую: праз Зарэчча або праз мост на дарозе, якая перасякала Лідзейку насупраць праваслаўных могілак. Грэбля цераз пойму па вул. Лідскай (сучасная вул. Таўлая) і мост цераз Лідзейку былі пабудаваны ў 1940 годзе. У гэтым жа годзе Раслякі былі ўключаны ў межы горада.

Падчас нямецкай акупацыі ў Расляках існавала падпольная польская школа. У 1943 годзе жыхар Раслякоў Раман Астрэйка па загадзе падпольнай групы “Зара” спрабаваў падкласці міну пад крэсла гебітскамісару Дрэкслеру. На жаль, міна была выяўлена. Адважнага падпольшчыка схапілі і, пасля зверскіх катаванняў, пакаралі смерцю. Адну з вуліц мікрараёна – Саўхозную – перайменавалі ў вуліцу Міхаіла Ігнатава. Міхаіл Мікалаевіч быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў лідскага падполля. Да вайны закончыў курсы машыністаў паравозаў і працаваў у паравозным дэпо станцыі Ліда, тут жа арганізаваў падпольную групу. Ён быў арыштаваны фашыстамі і расстраляны. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені. Яшчэ адна вуліца ў Расляках названа ў гонар Анатоля Качана. Анатоль Гаўрылавіч – удзельнік падполля і партызанскага руху. Да вайны працаваў на Лідскім кафельным заводзе. З снежня 1941 года (яму на той час было ўсяго 16 год!) актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці камсамольскай падпольнай групы. Быў сувязным партызанскага атрада «Балтыец» брыгады імя Кірава. Арыштаваны і расстраляны гітлераўцамі. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені. Як даніна сучаснікаў мужнасці загінуўшых, у 1966 годзе ў Расляках адбылася засыпка Кургана Бяссмерця – помніка ўсім ахвярам мінулай вайны. 

kurg1

Даследуючы гісторыю мікрараёна, юныя краязнаўцы даведаліся, што на сакавіцкіх выбарах 1940 года жыхары Раслякоў галасавалі на адным участку з жыхарамі вуліцы Савецкай. Аднак у 1947 годзе на жыхароў Раслякоў, якія мелі ва ўласнасці зямельныя ўчасткі плошчай да 15 гектараў, накладваліся падаткі, як на жыхароў сельскай мясцовасці. 

kurg2

Вуліц на Расляках у той час яшчэ не было, нумарацыя была скразная, ад № 1 да №41. У 50-я гады Раслякі актыўна забудоўваліся драўлянымі дамамі. У 1955 годзе тут з’явіліся вуліцы Дабралюбава, Мічурына, Паўлава, Палзунова, Пушкіна, Сечанава – вузкія, пыльныя, з драўлянымі хаткамі, прыціснутымі адна да другой.

А летам 1959 года на плаціне закрылі шлюзы… За трое сутак Лідзейка затапіла выган паміж горадам і аўтарэмзаводам так, што з’явілася першае «лідскае мора» – 20 гектараў вадзяной паверхні.

Сучасны выгляд мікрараён пачаў набываць з 1963 года, калі было распачата будаўніцтва лакафарбавага завода і жылога комплексу. Будаваліся цагляныя пяціпавярховыя дамы, якія пазней атрымалі назву «хрушчоўкі». У 1967-1968 гадах тут быў пабудаваны квартал двухпавярховых васьмікватэрных дамоў з двухпакаёвымі кватэрамі. У 1968 годзе адчынены дзіцячы садок лакафарбавага завода.

kurg

Вясной 1963 года вуліца Лідская ў Расляках была перайменавана ў вуліцу Валянціна Таўлая. Асоба паэта добра вядомая сучасным лідчанам: у літаратурным аддзеле гісторыка-мастацкага музея зараз адчынены пакой Таўлая, мемарыяльныя дошкі ў гонар паэта змешчаны на будынках рэдакцыі «Лідскай газеты» і літаратурнага аддзела гісторыка-мастацкага музея (доміка Таўлая).

А вось яшчэ цікавы факт: 1 верасня 1972 года празвінеў першы званок у новай СШ № 8. 540 вучняў і 40 настаўнікаў увайшлі ў новыя класы. Дарэчы, школа № 8 удзельнічала ў выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у 1975 годзе. Адразу шэсць педагогаў былі ўзнагароджаны значкамі «Участник ВДНХ».

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться