«Дапамажыце знайсці магілу майго бацькі...»

06 Мая 2014 3493

Нядаўна да карэспандэнта “Лідскай газеты” звярнулася жыхарка аграгарадка Крупава Яніна Пятроўна Сняжко. Першапачаткова яна сказала толькі некалькі слоў: “Дапамажыце мне знайсці магілу майго бацькі, які ўдзельнічаў у польска-нямецкай вайне”. Яніна Пятроўна паклала перада мною розныя здымкі. На стале ляжаць паперы, якія былі дасланыя і прысланыя назад з пэўных інстанцый і тычацца тэмы нашай размовы. Слова за слова – і Яніна Сняжко распавяла пра пошукі свайго роднага чалавека.

Яе бацька, Кажэнік Пётр, сын Юзэфа і Катажыны Кажэнікаў, нарадзіўся 19 мая 1911 года на хутары Гервянікі Жырмунскага сельсавета. У 20-30-я гады згаданае месца жыхарства знаходзілася на тэрыторыі Польшчы і мела назву Калонія Гервянікі, якая ўваходзіла ў Жырмунскую гміну Лідскага павета Гарадзенскага ваяводства. Што тычыцца ваеннага часу, то маёй суразмоўцы вядома, што яе бацька служыў у 33-м польскім кавалерыйскім палку ў Лідзе. Прыкладна ў 1934-1935 гадах Пётр Юзэфавіч служыў у коннай артылерыі. У гэты ж час ён пазнаёміўся з Марыяй Пуйдак, якая пражывала ў вёсцы Споркаўшчызна. У сямейным архіве дачкі, Яніны Сняжко, захавалася нават яго польскамоўнае пісьмо, якое было адрасавана яе будучай маці. Мая суразмоўца дазволіла яго прачытаць. О дзіва дзіўнае, яно датуецца 16-м кастрычніка 1935 года! Нямала часу прайшло з тае пары. Нягледзячы на тое што запіс быў зроблены ручкай (чарніла ў параўнанні з графітам не на доўгі час захоўвае напісанае), толькі ў некаторых месцах радкі чытаюцца складана, штосьці выцвіла. З дазволу Яніны Пятроўны прыводжу пераклад (урыўкі) гэтага пісьма.

“16 кастрычніка 1935 года.

Каханая мая Марысь!

Ліст твой атрымаў, за які сардэчна дзякую. Думаў, што Марысь пра мяне забылася ці не хацела адпісаць. А як атрымаў ліст, то з радасці не ведаў, што рабіць. І тады хуценька браўся за яго чытанне, каб даведацца, што ў панны Марысі чуваць, якія навіны…

Найдаражэйшы мой анёл! Прашу мне не пісаць такіх шчымлівых слоў, бо бярэ мяне сумота, жыць тады не магу…

Найдаражэйшай, адзінай на свеце не ведаў, як адпісаць. Дзякую табе за ўсё.

Прашу мне напісаць, калі там у вас будуць танцы, тады я прыеду. Я хачу з паннай Марысяй паразмаўляць толькі адзін на адзін (на чатыры вочкі). Панна Марыся, гэта шчырая праўда, у якой хачу табе прызнацца. Але як бацькі Марысі будуць на гэта глядзець?

Можа, будуць незадаволеныя?..

Цяпер шлю нізкі паклон для ўсёй сям’і…

Прабачце, калі што не так напісаў… Да хуткага спаткання…

… застаюся твой…

Да пабачэння”. 

DSCF9535

У наступным, 1936, годзе аўтар гэтага пісьма ажаніўся з Марысяй. Праз год, 4 лютага 1937 года, у маладой сям’і Кажэнік нараджаецца дачка Яніна (яна і ёсць мая суразмоўца). У наступным годзе сям’я зноў павялічылася: нарадзілася другая дачка – Марыя.

– Мне было ўсяго 2 годзікі, ішоў трэці, калі бацьку забралі на польска-нямецкую вайну, – згадвае Яніна Сняжко. – Гэта было ў пачатку верасня 1939 года. Ведаю я і такі факт: калі мой тата праязджаў цягніком з Вільні на фронт, то праз акно вагона выкінуў пісьмо, напісанае на польскай мове, у якім ён пазначыў, што калі хто-небудзь гэты ліст знойдзе, то хай перадасць яго Людвігу Кажэніку (гэта яго родны брат). А паколькі Людвіг і мы жылі ў 500 метрах ад чыгункі, у Гервяніках, то пісьмо нам было хутка дастаўлена. Яно было напісана на кавалку паперы ад упаковачнага мяшка з-пад солі каляровым алоўкам. 

– А можа, яно ў Вас захавалася? – пытаюся без усялякай надзеі.

– Так, яно ў мяне ёсць, – пачуў я неспадзяваны адказ. 

І тут Яніна Пятроўна асцярожна перакладвае розныя лісты, і ў яе руках з’яўляецца квадратны пажоўклы кавалак паперы.– Няўжо гэта і ёсць тое пісьмо? – пытаюся, затаіўшы дыханне.

– Яно самае. Я захоўваю яго як сямейную рэліквію, – са слязамі на вачах адказала жанчына. 

IMGP6381

Яніна Сняжко з сямейнай рэліквіяй – пісьмом бацькі.

Калі яна пачала чытаць яго, перада мною паўстаў вобраз салдата-франтавіка, які піша, можа, нават развітальны ліст да сваіх родных, піша спяшаючыся, каб паспець выкінуць яго з цягніка, калі акно вагона параўняецца з роднай хатай. 

Яніна Сняжко добра валодае як польскай, так і беларускай мовамі, бо вялікую частку свайго жыцця яна аддала Крупаўскай сярэдняй школе, дзе працавала настаўніцай пачатковых класаў, пазней вяла заняткі ў гуртках польскай мовы. Перакласці польскамоўны тэкст ёй было няцяжка.

“Дарагая сям’я.

Еду на фронт, на “каханага” Гітлера.

Не было моманту напісаць вам некалькі слоў. Хачу паведаміць, што зараз еду па дарозе праз Ліду і пішу вам. 

Жадаю вам усяго добрага, здароўя, яшчэ зычу шчасця ўсім вам, і табе, Марыся, і сваім дзеткам. Можа, ужо апошні раз мая рука вам піша.

Застаюся, ваш брат 

Пётр Кажэнік».

На другім баку ліста запіс такога кшталту:

“Хто падыме, вельмі прашу аддаць Людвігу Кажэніку.

Калонія Гервянікі.

Пётр Кажэнік”.

Пасля ад Яніны Пятроўны мне стала вядома, што Пётр Юзэфавіч прыслаў яшчэ адно пісьмо, якое, на жаль, не захавалася да гэтага часу. На гэты раз яно было дасланае ўжо з фронту і напісанае рукою яго сябра. У лісце паведамлялася, што яе бацька цяжка ранены, знаходзіцца пад горадам Бяла-Падляска (Польшча) каля Брэста, а куды далей вывезуць – невядома. І больш вестак ад яго не было…

DSCF9548

23-гадовы Пётр Кажэнік, падафіцэр запасу 33-га польскага кавалерыйскага палка ў Лідзе (1935 год).

Увесь час жонка і дзеці мелі надзею, што бацька ўсё ж вернецца да іх. Думкі аб ім не пакідалі сям’ю Кажэнікаў. Надоўга застанецца ў памяці Яніны Сняжко сон, які прысніла ў 1968 годзе.

– А сон быў такі, – расказвае жанчына. – Адчыняюцца дзверы, і ўваходзіць у дом статны мужчына, год прыкладна 50, з вялікімі чорнымі вусамі. Я як глянула на гэтага мужчыну, то пазнала ў ім свайго бацьку. Тады раптам як заплакала і закрычала ад радасці:

“Татачка, а з кім ты будзеш жыць? Мама выйшла замуж. Хіба з бабуляй Вэрцяй». (Бабуля Вэрця была мамай майго мужа Эдварда Сняжко. Яна была ўдавой больш як 28 год, яе муж памёр у 1939 годзе ад туберкулёзу.) Я так моцна закрычала, што адразу прачнулася. На гэтым і скончыўся мой сон. Пасля доўга думала над гэтым сном, што ён азначае. Думаю і да сённяшняга дня. Ах, мой міленькі, калі я была яшчэ дзіцём, то, павячэраўшы, прасіла ў мамы не збіраць ежу са стала, чакала, што прыйдзе мой тата і будзе есці. Ён жа на вайне галодны. Мая мама плакала і пакідала ўсё на стале да раніцы. Вечарам, калі хто застукае ў дзверы, я хутка бегла адчыняць, думала, што гэта тата. Убачыўшы на парозе іншага чалавека – горка плакала. Гэтага сама я не памятаю, але мама аб гэтым мне часта гаварыла. 

– Мама пасля вайны доўга шукала свайго мужа, майго бацьку: яна звярталася ў Польскі Чырвоны Крыж, але вынікаў не было ніякіх, – зазначае Яніна Сняжко. – І толькі ў 1975 годзе мой дзядзька – брат таты – Людвіг, які пражываў у Польшчы, звярнуўшыся зноў-такі ў Польскі Чырвоны Крыж, атрымаў паведамленне, што Пётр Кажэнік, які нарадзіўся 19 мая 1911 года, лічыцца ваеннапалонным пад №14377. 

Далей узнікла пытанне: ці гэты Пётр Кажэнік? Дата і адрас нараджэння супадаюць. Але дзіўна тое, што адрас, па якім ён пражываў, пазначаны не той, як і тое, што яго бацькі Юзэф і Катажына жывуць у горадзе Вільні, па вуліцы Троцкай, 22/11. 

– Але на гэты час ягоных бацькоў – маіх дзеда і бабы – даўно не было ў жывых, – прызнаецца Яніна Сняжко. – Абодва памерлі ва ўзросце 50 год, пахаваны на Жырмунскіх могілках. Юзэф пакінуў гэты свет у 1927 годзе, а Катажына – у 1931-м. Мелі яны 5 дзяцей: Людвіга, Пятра, Марыю, Антонія, Яна. Помнікі на магілах іх бацькоў і цяпер у добрым стане, можна прачытаць усе надпісы на іх.

DSCF9545

Родныя браты Кажэнікі ля роднай хаты (злева направа): з домбрай – Ян, з кнігай – Людвіг, са скрыпкай – Антоні, з акна глядзіць Пётр, а з роварам – іх сябар Дармяга.

На гэтым пошукі бацькі, які прапаў, Яніна Пятроўна не спыняла. У 1995 годзе яна зноў звярталася ў Польскі Чырвоны Крыж. Акрамя звестак, якія былі ўжо вядомыя, яна дазналася, што Пётр Кажэнік, ураджэнец Калоніі (хутара) Гервянікі, што каля Ліды, з’яўляўся былым рэзервовым падафіцэрам і быў ваеннапалонным пад №14377. Пасля, як далей пазначана, ён працаваў як вольнарабочы ў маёнтку Лэбэнстэдт, на пэўных прадпрыемствах (zakladach) Германа Гюрынга ў мясцовасцях: Лэбэнстэдт (Lebenstedt) і Ваттэнстэдт (Wattenstedt).

– Я ўпэўнена ў тым, што гэта мой бацька, – не здаецца ў пошуках жанчына. – Але чаму ён даў гэты віленскі адрас, быццам там пражываў, застаецца загадкай. Можа, ён хацеў уцячы і напісаў гэты адрас, каб не шукалі яго па тым, дзе нарадзіўся, бо на вайну адправіўся менавіта з гэтай мясцовасці. Другога такога хутара Гервянікі, на маю думку, няма.

Адкуль узяўся той надуманы адрас, Яніна Сняжко здагадваецца: у Вільні пражываў яго малодшы брат Ян Кажэнік. Там ён вучыўся на аграрнага інжынера. 

(Дарэчы, дзякуючы Сусветнай павуціне (Інтэрнэту) Яніне Пятроўне было паведамлена, што бацькавы браты пахаваныя на могілках у Вільнюсе, у мясцовасці Konary (Конары): там ёсць помнік з іх імёнамі і прозвішчам – Ян Кажэнік і Антоні Кажэнік.)

***

Яніна Пятроўна Сняжко не складвае рукі, яна і далей займаецца пошукамі свайго бацькі. На яе думку, ён мог нават жаніцца другі раз, бо быў яшчэ ў маладым узросце, а гэта значыць, магчыма, у шукальніцы ёсць зводныя браты ці сёстры. А ў 2011 годзе маёй суразмоўніцай быў пададзены запыт у тэлеперадачу “Жди меня”. Адказу пакуль не атрымала. Але спадзяецца, што апошні прытулак бацькі, Пятра Кажэніка, будзе знойдзены, бо хто шукае, той заўсёды знойдзе. 

А мне хочацца дадаць словы са згаданай тэлеперадачы: шукайце, што бы ні было, і чакайце, нягледзячы ні на што.

P. S. Калі хто валодае якой-небудзь інфармацыяй, якая датычыцца бацькі Яніны Пятроўны Сняжко, то, па яе просьбе, пазваніце на яе хатні нумар тэлефона ((+375154)574291) і падзяліцеся звесткамі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться