Жыхар Ліды падзяліўся меркаваннем аб падзеях, якія адбываюцца ў Беларусі: аб фэйкавых лозунгах, «стране для жизни», грашовых ахвяраваннях для Ціханоўскай, духоўнасці і падмене паняццяў

02 Сентября 2020 2317
Шаноўныя чытачы “Лідскай газеты”! Паважаныя лідчане і жыхары раёна! Дарагія землякі!

Душа і сэрца перапаўняюцца гонарам ад таго, што і мы, хто падтрымлівае дзеючую ўладу, выступае за мір і спагаду ў грамадстве, не за разбурэнне створанага ўсімі намі за гады незалежнасці, а за яго прымнажэнне, нарэшце прачнуліся і ў процівагу нашым нядобразычліўцам шчыльнымі радамі выйшлі на свае мітынгі. Горда запалымнелі ў небе сцягі з роднымі нам сімволікай і колерам. Выйшаўшы ў падтрымку існуючага ладу на плошчы і вуліцы, мы даказалі не толькі самім сабе, але і ўсяму свету, што нас не збіць з абранага шляху, бо нас большасць. Праўда за намі! 

Заклікаю ўсіх, каму неабыякавы лёс нашай Айчыны, і надалей не быць пабочнымі сузіральнікамі, а актыўна падтрымліваць існуючую вертыкаль, на якую ў апошні час абрынулася столькі незаслужаных абвінавачванняў, выліта гэтулькі бруду, што проста ахоплівае жах. А памылкі? У каго іх няма? Яны ёсць у кожнага чалавека, бязгрэшных людзей не бывае. А галоўнае – момант не той, каб шукаць вінаватых. Бо калі ў адно імгненне вока мы разбурым тое, што стварылі за гады незалежнасці, і пачнём будаваць усё па-новаму – мы сарвёмся ў прорву, з якой ужо ніколі не выпаўзем.

«Мама, я спатыкнуўся аб камень, гэта заўтра ўсё зажыве...»

Аглядваючыся на падзеі, якія сёння адбываюцца ў нашым грамадстве, як ніколі, хочацца выказаць свае меркаванні, даць усёй гэтай не ўласцівай нашаму народу валтузні, якая, як гром сярод яснага неба, звалілася на нашы галовы, аналіз (няхай і папярэдні). 
Давайце глядзець праўдзе ў вочы: ідзе жорсткая барацьба за ўладу так званай новай апазіцыі, а я б сказаў, цёмнай сілы, якая прапаноўвае нам казачны рай, нейкую міфічную, зусім незразумелую для большасці жыхароў Беларусі “страну для жизни”, дзе мы быццам бы будзем купацца ў золаце, а на самай справе – хадзіць у лапцях.

Дарагія суайчыннікі! Напэўна, сам Бог адарыў нас такімі незвычайнымі рысамі характару, як добразычлівасць і талерантнасць, якія праславілі нашу спакойную, прыгожую, сінявокую, а калі глядзець у глыбіню гісторыі, то і гаротную Беларусь, якая, як марылі калісьці нашы дзяды і прадзеды, нарэшце выбілася ў людзі. Задумайцеся толькі: калі іншыя дзяржавы вядуць свой радавод з глыбокіх вякоў, то нашай незалежнасці ўсяго 25 гадоў, і нядзіўна, што не абыходзіцца без набіцця шышак.

Праўда, шышка шышцы розніца. Апошнія  падзеі  –  гэта ўжо  не тыя часам імітаваныя сінякі, якія, каб яшчэ больш запалохаць людзей, распаўсюджваюць у інтэрнэце немаведама адкуль узнікшыя “барацьбіты” за вольную (цікава ад каго) Беларусь, а глыбокая рана, якая будзе зажываць яшчэ доўга. Але давайце будзем мужнымі і паступім так, як паступіў герой мудрай прытчы. Сэнс яе вельмі павучальны: калі патрабавальная маці спытала ў сына, дзе ён так моцна пабіў калені, ён непрыкметна змахнуў слязінку і адказаў: “Мама, я спатыкнуўся аб камень, гэта заўтра ўсё зажыве…” 

 Вось і нам патрэбна агле-дзецца навокал, прааналізаваць учынкі не толькі ўладных структур, але і свае асабістыя і працягваць далей стваральную працу на карысць нашай роднай Беларусі, на карысць усіх нас. Асабліва нашых дзяцей і ўнукаў, пра будучыню якіх, мне здаецца, у час гэтай стыхійнай заварушкі мы недаравальна забываем і, замест таго каб клапаціцца аб іх маральным і фізічным здароўі, бяром з сабой на розныя падазроныя страйкі (дэманстрацыі).

Менавіта наша заспакоенасць, а падчас і абыякавасць да ўсяго, што адбываецца навокал, наша спрадвечная беларуская прывычка паназіраць за ўсім, што адбываецца, збоку, у трывожныя для Айчыны моманты можа перашкодзіць нам у пабудове сваёй жа (а не прыхільнікаў усялякіх Ціханоўскіх) шчаслівай будучыні. Але мы ўжо выйшлі, як я ўжо казаў, шчыльнымі радамі (хоць маглі гэта зрабіць некалькі раней) на вуліцы і плошчы ў абарону сваёй праўды і няўзброеным вокам бачна, што нас пераважная большасць.
Сапраўды, хто, калі не мы ўсе разам, абароніць сваю будучыню?

Не туды нас клічаш, спадарыня Ціханоўская

А між іншым, не трэба быць вялікім мудрацом, каб бачыць, што нязначны працэнт грамадзян хоча захапіць уладу ў свае рукі і распараджацца лёсам астатніх звыш 80% жыхароў на свой капыл. Нашым з вамі лёсам! Яны гойсаюць па вуліцах маленькіх і вялікіх гарадоў, разгойдваюць над нашымі галовамі непрывычнымі нашаму воку сцягамі, выкрыкваюць грозныя і ў большасці сваёй сумніўныя лозунгі, заклікаюць да забастовак і пабудовы нейкай міфічнай, зусім незразумелай і чужой для нас “страны для жизни”. 

Яны хочуць унесці сумяціцу ў нашы галовы, скарыстаць момант, разбурыць набытае намі за гады незалежнасці, распрадаць усе нашыя асноватворныя прадпрыемствы, якія фарміруюць бюджэт дзяржавы, каб мы засталіся без заробкаў і пенсій, каб не мелі нават чым пакарміць сваіх дзяцей. 

 Забастоўка для іх, як я нядаўна пачуў з вуснаў аднаго з выступаючых на іхніх “збюрках” ля помніка Францыску Скарыну, маўляў, “самое легальное и могущественное оружие”, якое ёсць у іх на сённяшні дзень. Толькі і чулася: “Спыняйце прадпрыемствы, звядзіце да мінімуму пакупкі ў крамах, не набывайце нічога лішняга...” (астатнія заклікі такога ж кшталту) – і такім чынам мы зменшым даход у дзяржаву і нарэшце задушым яе...

Для іх, можа, і так, ім дапамогуць з-за мяжы, а для нас – асноўнай часткі грамадзян – такі д’ябальскі варыянт раўнасільны смерці. І дурню вядома, што, калі рабочыя будуць бясконца страйкаваць, выраб прадукцыі спыніцца, рэалізаваць будзе няма чаго, у выніку – сядзі і грызі пальцы. Самі ж (чуў сваімі вушамі на іхніх несанкцыянаваных сходках) збіраюць грошы і наяўнымі, і па інтэрнэце, каб потым у выніку ажыццяўлення сваіх бандыцкіх планаў самім не здохнуць з голаду. А ахвотных, якія нават спячы мараць як мага хутчэй “прыхватызаваць” беларускія прамысловыя гіганты, што зараз сілкуюць бюджэт дзяржавы, нямала, асабліва за мяжой. Яны і сапраўды ахвяруюць Ціханоўскай і яе прыхільнікам дзясяткі, а можа, і сотні тысяч даляраў-еўрыкаў, абы толькі яны змаглі разбурыць Беларусь. Калі тыя, хто страйкуе на прадпрыемствах, спадзяюцца, што, застаўшыся ў бязвыхадным становішчы, і яны змогуць адарваць кавалак ад смачнага дармовага замежнага пірага, то, б’юся аб заклад, гэтага яны і блізка не дачакаюцца. 

 Гэта цяпер мы маем магчымасць зайсці ў той жа “Еўраопт” і набыць гэтулькі прадуктаў харчавання, што вывозім на вуліцу да сваіх машын вазкамі (а я, як чалавек, які мае адносіны да паэзіі, сказаў бы больш вобразна – вазамі), спакойна прайсціся па вуліцы, скарыстацца нашымі культурнымі і спартыўнымі ўстановамі, бясплатнай медыцынай і школьным навучаннем, годна паўдзельнічаць у святах горада і іншых цікавых мерапрыемствах. Усё гэта таксама вельмі муліць вочы, нібы ў іх насыпалі салетры, нашым нядобразычліўцам.

Успомнім пачатак 90-х

А вось яшчэ адзін з многіх фейкаваых пасылаў на публіку наваяўленай, як яе чамусьці ахрысцілі яе ж спадарожнікі, “дзекабрысткі” Ціханоўскай, хаця да жонак сапраўдных дзекабрыстаў, якіх мы ведаем з гісторыі, ёй далёка, як мне да краю зямлі. Маўляў, яна не імкнецца ў прэзідэнты, а, стаўшы ім, правядзе паўторныя – “незалежныя”, толькі на ёй зразумелых умовах – выбары. Але перад гэтым (заўважце!) выпусціць на волю значную частку асуджаных за розныя злачынствы, у тым ліку многіх з тых, хто меў дачыненне да наркотыкаў, і асуджаных, як ёй бачыцца, несправядліва. 

Не верце казкам: усё ідзе да таго, каб мець магчымасць у першую чаргу вызваліць свайго мужа, а астатнім законапаслухмяным грамадзянам (у тым ліку нам з вамі) пакажа фігу, а не высокія заробкі і пенсіі. Бо за плячамі ў яе нічога няма, акрамя ведання трох моў. Веданне трох і больш моў – гэта мізэрная частка таго, што павінна мець за плячамі асоба, якая вырашыла балатавацца ў прэзідэнты. Перш за ўсё патрэбны багаты вопыт работы ў прамысловасці ці сельскай гаспадарцы, навуковай або якой-небудзь іншай сферы дзейнасці. А спадарыня Ціханоўская наўрад ці бачыла, як дояць кароў на фермах. Упэўнены, што нават самая нявопытная даярка разбіраецца ў той жа сельскай гаспадарцы нашмат больш, чым яна.

І такіх прыкладаў, шаноўныя чытачы, якія пацвярджаюць, у якой небяспецы апынулася наша грамадства, наша родная, ні ў чым не павінная старонка, процьма. Нават больш, чым уяўляецца на гэту хвіліну. Таму яшчэ раз заклікаю ўспомніць трагічны пачатак 90-х гадоў, калі не стала Савецкага Саюза.

Успомніце, з чаго мы пачыналі: з пустых, хоць шаром пакаці, паліц у магазінах, з талонаў на харчаванне, з чэкаў на жыллё і маёмасць, якія не прынеслі нам ніякай карысці, і з многага-многага іншага, – і супастаўце з тым, што мы маем сёння. І гэта ўсяго за нейкіх 25 гадоў! Мы ж увесь гэты кароткі адрэзак часу ішлі сямімільнымі крокамі! Дык давайце не разбураць, як таго патрабуюць злыя сілы, ужо створанае нашымі ж рукамі за гады незалежнасці, а наадварот – захоўваць і прымнажаць тое, што ўжо маем, і па ходзе справы ліквідаваць тыя недахопы, якія накапілася.

Гэты бруд цяжка адмыць, бо ён лёг на душу

Убачыўшы праз акно вялікую колькасць людзей, якія некуды рухаліся (як мне спярша падалося, хрэсным ходам) па праспекце Перамогі, я хуценька стаў адзявацца, каб, як і ў мінулым годзе, прыняць удзел у важным для кожнага веруючага мерапрыемстве. Але нейкая невядомая сіла (а можа, і Божая) прымусіла мяне на хуткую руку патэлефанаваць сястры, якая нашмат лепш разбіраецца ў касцельных справах, – і я быў пасаромлены.

– Пара ўжо ведаць, даражэнькі, што ў католікаў хрэсны ход прымяркоўваецца да свята Божага цела, якое адзначаецца ў чэрвені. Зазірні ў каляндар: ужо Зельна на носе…

 Не паверыўшы роднаму і старэйшаму за мяне чалавеку, усё ж кінуўся наўздагон калоне, ды дарэмна: яна была ўжо далёка. Але на “фінальны заплыў”, які адбыўся на Дажыначнай плошчы, я ўсё ж паспеў. Як чалавека, які шмат чаго пабачыў на сваім жыццёвым шляху, мяне здзівіла не доўгая чарада народу, безліч неўласцівага колеру сцягоў і шароў, якія гойдаліся на ветры, а перш за ўсё разнамаснасць публікі. Па сутнасці, у адзін паток зліліся і веруючыя, і няверуючыя, і праваслаўныя, і католікі, прадстаўнікі зусім супрацьлеглых рухаў, партый і беспартыйныя. У большасці сваёй гэта былі людзі сярэдняга ўзросту і моладзь. Зрэдку прасочваліся мо і слушныя прапановы, але ад большасці выкрыкаў, далібог, хацелася затыкаць вушы, каб не чуць. Менавіта ў гэтыя хвіліны я на свае вочы ўпэўніўся, што ніякім хрэсным ходам тут і не пахне – звычайная дэманстрацыя. Праўда, даволі прадуманая і арганізаваная не кімсьці, а, як ужо дакладна вядома, з дапамогай усемагутнага (хочаш не хочаш, а паверыш) інтэрнэту так, што камар носа не падточыць.

Чаго грэх таіць, сярод мітынгуючых быў і шэраг маіх знаёмых, сяброў і нават сваякоў. Праўда, яны назаўтра бажыліся (а я ў пошуках ісціны з многімі паразмаўляў на гэту тэму), што большасць з іх нічога не маюць ні супраць улады, ні супраць Прэзідэнта, а пайшлі толькі дзеля таго, каб утаймаваць праваахоўныя органы, якія напярэдадні, выконваючы свае абавязкі, перавысілі дадзеныя ім паўнамоцтвы. А чаму ў шэрагі мітынгуючых уклінілася мноства тых, хто хоча разбурыць дзяржаву, яны не ведаюць.

На гонар асноўнай масы лідчан, якая прыняла ўдзел у шэсці, выказаўшы свае гнеў і абурэнне, разышліся па хатах. Але ўпэўнены, што большасць, як і я, ваш пакорны слуга, не з самымі лепшымі пачуццямі. Адчуванне да гэтага часу такое, быццам цябе выкачалі ў брудзе, які яшчэ доўга не адмыеш, бо ён лёг не на цела, а на душу.

«Адчапіся ты са сваім ружанцам!»

Газетная плошча няўмольна падціскае, таму далей выкажу свае думкі вельмі коратка. Побач з тымі, хто штодзень аглушае жыхароў бліжэйшых дамоў сваімі выкрыкамі, як і машыны, што праязджаюць міма, сваім дзікім енкам, група жанчын вось ужо некаторы час моліцца насупраць крыжа, што ўзвышаецца побач з магілай вядомага святара-дэкана Станіслава Каласанта Роека. На маіх вачах адна з прыхаджанак устала з кален, наблізілася да пратэстоўцаў і папрасіла ў выступаючага мікрафон.

“Дарагія землякі! – замілавана і шчыра звярнулася яна да прысутных. – Вось ужо каторы дзень, як вы пераліваеце ўсё з пустога ў парожняе, чамусьці разважаеце ўсё пра эканоміку ды пра эканоміку, выказваеце свае прапановы ў ваяўнічым тоне. А дзе ж ваша духоўнасць? Мы ж молімся ў некалькіх кроках ад вас. Чаму б і вам не далучыцца да спрадвечна святой справы? Або зайдзіце ў касцёл, дзе моляцца людзі, паслухайце, як нават мужчыны прыгожа адмаўляюць ружанец...”

На гонар жанчыны, яна паспела ўхапіць нейкіх пяць хвілін, а можа, і крыху болей. А потым пад воклічы: “Хто ты такая?! Не лезь ты са сваёй духоўнасцю!» – і іншыя выкрыкі вымушана была пакінуць трыбуну...

Ад гэтай прамовы займае дух

Адзін з мітынгуючых і ўвогуле ўзяў смяротны грэх на душу. Я нават вушам сваім не паверыў, калі пачуў папрокі ў адрас старэйшага пакалення. 

Гэта яны, пенсіянеры, маўляў, галасуюць і падтрымліваюць Лукашэнку і тым самым перашкаджаюць ім зрынуць сённяшнюю ўладу і прыступіць да пабудовы адным ім вядомай міфічнай «страны для жизни»... Маўляў, цяжка ім чаго-небудзь будзе дабіцца, пакуль яны жывыя.

І гэта ў той час, калі ў многіх з іх ёсць сталага веку маці, бацька, бабуля, дзядуля... Такая мярзотная прапанова, мяркуючы па праляцеўшаму ў натоўпе шумку, не прыйшлася даспадобы нават многім з саміх пратэстоўцаў...

Гонар за такую лідчанку

Міжволі давялося быць сведкам яшчэ аднаго выпадку, які, у адрозненне ад многіх іншых, крануў і парадаваў да глыбіні душы. Як пяецца ў дзяржаўным гімне, “мы, беларусы, мірныя людзі...”. Аднак пры пэўных абставінах і адвагі нам не займаць, мы можам выказаць свае думкі не толькі на шматлікіх акцыях у падтрымку дзяржавы, але і ў адзіночку.

 У разгары быў поўдзень, і ля помніка Скарыну нікагутка не было, акрамя не вельмі ахайнага маладога чалавека, які, гойдаючы вялізным сцягам і не да месца падымаючы два пальцы ўверх, боўтаўся ўздоўж вуліцы. Якраз у гэты час з-за Фарнага касцёла паказалася жаночая фігура. Статная, з густам апранутая жанчына (далёка не з кагорты пенсіянераў, якія так “перашкаджаюць” змагарам у змаганні за іхнюю Беларусь) адважна наблізілася да пратэстоўца са словамі: “Бач ты, прыйшоў баламуціць людзей! прэч адсюль, брыдота, і каб тваёй нагі тут больш не было!..»

Смела выказаўшы сваю думку, яна з горда ўзнятай галавой накіравалася сваёй дарогай. А мне падумалася: у нашым горадзе ёсць помнікі камандзіраванаму, лазеншчыку і іншыя, мода на якія прыйшла з іншых краін. А вось бы ўвекавечыць у помніку неабыякавую Лідчанку, увасобіўшы ў яе вобразе ўсіх лідчан, якія ў гэты няпросты для Радзімы час, не шкадуючы часу, прымаюць актыўны ўдзел у мітынгах “За Беларусь!” у падтрымку міру, бяспекі, дабрабыту нашай краіны...

А дзе месца беларускай мове?

Як чалавек, які глыбока перажывае за лёс роднай мовы, не магу абысці і гэтае пытанне. Ціханоўская не перастае хваліцца веданнем трох моў: рускай, англійскай і беларускай. Апошняй, на вялікі жаль, ні ў адным з яе выступленняў я так і не пачуў і схільны думаць, што яна валодае ёю, як я кітайскаю. 

Нядзіўна, што таварыства беларускай мовы падчас прэзідэнцкай кампаніі не падтрымала новых кандыдатаў. А ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў, які ніколі не быў сябрам дзеючай улады, і ўвогуле выказаўся досыць крытычна. Вось некалькі радкоў з апублікаванага ім артыкула пад загалоўкам “Галоўныя лідары “новай апазіцыі”:

“Ціханоўскі, Бабарыка і Цапкала не звярталі ўвагу на беларускую мову і культуру і хацелі збудаваць “страну для жизни”, у якой нашай мове і культуры месца няма... Але нават і тады (калі хто-небудзь з іх і прыйшоў бы да ўлады. – заўвага аўтара) праблема з захаваннем беларушчыны ў нашай краіне нікуды не знікне. А ірландскі варыянт, дзе дэмакратыя ёсць, а мовы так і няма, мне не даспадобы...”

Рукі прэч ад нашых дзяцей!

Неаднаразова гучаў ля помніка Францыску Скарыну і яшчэ адзін дзікі, нечалавечы заклік. Ён адрасаваўся людзям ці не самай святой на зямлі прафесіі – настаўнікам: байкатуйце і не праводзьце першага ўрока 1 верасня. 

Пракаментую вельмі коратка: рукі прэч ад нашых дзяцей!


Текст: Тадэвуш Чарнавус.Тадэвуш Чарнавус.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться