Старэйшы лідскі веласіпедыст, і да таго ж аптыміст, Вадзім Рамашкевіч аб перыпетыях лёсу, пасляваенным дзяцінстве і жыццёвай пазіцыі

19 Июня 2020 1255
За Вадзімам Рамашкевічам некалькі год таму замацаваўся тытул найстарэйшага веласіпедыста Ліды. І нездарма. Ён удзельнічаў у масавых веласіпедных прабегах і быў сярод іх удзельнікаў найстарэйшым.

84-гадовы лідчанін і зараз не кідае веласіпеднай язды. Увогуле, нягледзячы на ўзрост, Вадзім Іосіфавіч у добрай форме і імкнецца заўсёды быць актыўным. Неабыякавы да гарадскіх пытанняў, ён рэгулярна абмяркоўвае іх з дэпутатамі, кіраўніцтвам раёна. А паколькі да таго ж з’яўляецца пастаянным чытачом “Лідскай газеты”, часта заходзіць у рэдакцыю, каб абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні, ды і падзяліцца радасцямі, нягодамі, успамінамі. Дарэчы, лідчанін у свае гады валодае добрай, яснай памяццю, а ўспаміны яго – нібыта абразкі мінулага.

За сорак дзён да Перамогі

Вадзім Іосіфавіч часта жартуе: “Я нарадзіўся пры Пілсудскім, жыў пры Саветах, пры немцах, пры Сталіне, Хрушчове, Брэжневе і г. д. Столькі ўлад перажыў!..”

Ён нарадзіўся ў вёсцы Осава Беліцкага сельсавета і памятае, як у Табале пышна сустракалі першыя Саветы, зрабіўшы арку і ўпрыгожыўшы яе гірляндай. Але Саветы сталі раскулачваць і высылаць у Сібір заможных сялян. “У крайняй хаце нашай вёскі жыў наш далёкі сваяк. Ён меў 15 гектараў зямлі, хату на два канцы і трымаў свой магазін. Калі прыйшлі Саветы, ён, каб не быць раскулачаным, у адной палове хаты арганізаваў трохкласную школу. Але праз некалькі год, падчас Вялікай Айчыннай вайны, за сваю прыхільнасць да савецкай улады трапіў у спісы ворагаў Арміі Краёвай, – расказвае Вадзім Іосіфавіч. – У 1941 годзе на краіну напаў Гітлер. Я памятаю: мы гналі кароў з пашы, і над намі праляцеў самалёт. Над Беліцай нешта з самалёта ўпала. Аказваецца, у цэнтры вёскі, дзе жыло найбольш яўрэяў, самалёт скінуў бомбу. Потым ён развярнуўся, паляцеў да маста праз Нёман і скінуў за ім яшчэ дзве бомбы. А назаўтра паехалі на матацыклах немцы”.

У сваёй вёсцы нямецкіх карнікаў Вадзім Рамашкевіч і іншыя мірныя жыхары амаль не бачылі. Затое адчулі на сабе зверствы ўдзельнікаў мясцовага атраду Арміі Краёвай, штаб якой стаяў непадалёку, у вёсцы Няцеч. “У спісы кандыдатаў на расстрэл (за прыхільнасць да савецкай улады, уступленне ў калгас і інш.) трапіў шэраг маіх аднавяскоўцаў, – успамінае лідчанін. – Расстрэлы здзяйснялі ноччу. Камусьці з ахвяр удавалася ўцячы, а пяцёра жыхароў Осава не пазбеглі пакарання. Пасля вызвалення Беларусі завадатар акаўцаў уцёк у Польшчу. Яго намеснікі хаваліся ў лясах. Дваіх з іх выдаў здраднік. Аднаго публічна павесілі на плошчы ў Лідзе, другі быў асуджаны, пасля амністыі выехаў у Польшчу”. 

У 1940 годзе з вёскі Осава пецярых мужчын забралі на фінскую вайну: траіх жанатых і дваіх халасцякоў. Усе яны прапалі, не вярнуліся дамоў. “Майго бацьку ў сакавіку 1941 года забралі ў ваенна-будаўнічы атрад – на будаўніцтва ваеннага аэрадрома за Ваўкавыскам, – расказвае Вадзім Іосіфавіч. – І тут пачалася вайна. Іх атрад быў кінуты на волю лёсу, а будаўнікі разышліся па дамах. У Лідзе бацька ўладкаваўся працаваць на чыгунку. А ў 1944-м быў прызваны ў армію. І адразу – на перадавую. Загінуў у Польшчы, за сорак дзён да Перамогі.

Хлеб лёгкім не бывае

– Я пражыў цяжкае жыццё, – гаворыць лідчанін. – Умею лічыць капейкі. З дзяцінства пачаў зарабляць. Першай маёй працай было пасвіць курэй. Потым, у 9 гадоў, пасвіў кароў. Скончыўшы 4 класы, пайшоў працаваць у калгас. Коней пасвіў, быў паляводам і нават брыгадзірам…

Пасля вайны многія сем’і, якія не дачакаліся сваякоў з вайны, атрымалі льготы. У сям’і Рамашкевічаў засталося без бацькі трое дзяцей. Але ніякіх патуранняў сям’я не мела. “Патрэбна было плаціць шматлікія налогі: на зямлю, на бульбу, на зярно, на дрэвы, вуллі і г. д. Калі арганізоўвалі калгас, многія баяліся (у лясах яшчэ былі акаўцы), але вырашылі ўступіць у яго ўсёй вёскай. Пяць год адпрацаваў у ім і я, за працадні”. 

А потым юнаку прызначылі так званую льготу – паколькі бацькі не было, старэйшы брат служыў у арміі, маці ўжо была ў сталых гадах, а сястра была яшчэ малая, Вадзіму Рамашкевічу далі адтэрміноўку ад арміі. Але… Прызвалі на будаўніцтва ваеннага парахавога завода, у горад Алексін Тульскай вобласці.

Ён ніколі не баяўся і не цураўся ніякай працы. Браўся за самую цяжкую. Пасля таго як работы на заводзе былі скончаны, вырашыў падацца на Поўнач. Туды, у Плісецкі раён Архангельскай вобласці, паклікаў яго сябар – працаваць на лесараспрацоўках. А потым неяк пабываў у гасцях у бацькавага брата ў Кемераве, дзе той працаваў у шахтах. Пагасцяваў – і застаўся. 

У 1966-м вярнуўся ў Ліду, дзе асноўным месцам працы стаў будаўнічы трэст. Спачатку Вадзім Рамашкевіч быў слесарам участка механізацыі, потым перасеў на машыну. Працаваў на грузавых, легкавых машынах, вывучыўся на кранаўшчыка. Аб’ездзіў шмат гарадоў на прасторах Савецкага Саюза ў камандзіроўках. Аддаў працы ў трэсце 25 год. І, напэўна, яшчэ працаваў бы, каб не страта зроку на адно вока. 

«Іду на прыём з пытаннем, але перш – каб пазнаёміцца»

Вадзім Іосіфавіч перажыў аперацыю і доўгі працэс рэабілітацыі. Але на лёс не крыўдаваў. Папрацаваў – пара і адпачыць. Тым больш што пакрыўджаны дзяржавай не быў: атрымаў групу інваліднасці – спачатку трэцюю, потым другую, а цяпер першую. “У 75 год далі дабаўку да пенсіі, у 80 – зноў дабавілі, – кажа ён. – Амаль штогод адпачываю і папраўляю здароўе ў розных санаторыях”.

– На веласіпедзе – кожную раніцу, – гаворыць Вадзім Іосіфавіч. – А дзясятай гадзіне сядаю і раблю круг. Вяртаюся заўсёды ў добрым настроі.

Вадзім Іосіфавіч амаль не сядзіць дома. Актыўны ўдзел бярэ ў дзейнасці аб’яднання інвалідаў. Ён па жыцці аптыміст, хаця жыццё ў яго было далёка не лёгкім.

– У Ліду часта прыязджаюць кіраўнікі тых ці іншых арганізацый, – расказвае ён. – Калі бачу, што дзесьці ў горадзе штосьці не так, запісваюся і іду на прыём. Многага дабіваўся. Пабываў і ў кіраўніка Лідчыны. Ішоў на прыём з пытаннем, але найперш каб пазнаёміцца. Мне спадабаўся прыём у Сяргея Васільевіча Ложэчніка. Ён сказаў мне: “Абяцаць не буду, бо няма горшага, чым паабяцаць і не вырашыць. Але пастараюся”. 

“Я ўжо казаў, што жыў пры розных уладах. І пры кожнай было штосьці добрае і дрэннае. Але магу з упэўненасцю сказаць, што так свабодна, як зараз, мне не было ніколі!” – прызнаецца Вадзім Рамашкевіч.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться