Вяртанне на радзіму... пасля жыцця. Па старонках гісторыі сям'і лідчан

18 Марта 2020 1314

Гавораць, што кожны мужчына павінен за сваё жыццё пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына. Сюды варта дадаць: напісаць летапіс сям’і. І няважна, мужчына ты ці жанчына, але захаваць памяць аб сваім родзе сапраўды павінен кожны.

Лідчанка Ірына Маісей сабрала і захоўвае старонкі летапісу сваёй сям’і. Адной з гэтых старонак напярэдадні 75-й гадавіны Вялікай Перамогі яна вырашыла падзяліцца з Лідскім гістарычна-мастацкім музеем і “Лідскай газетай”. Звязана яна з братам яе мамы Антонам Мацэвічам, які перанёс пакуты вайны, застаўся жывы і... не вярнуўся дамоў, хаця ўсё жыццё тужыў па радзіме. І ўсё ж на яе ён вернецца. Прахам, пасля жыцця… Гісторыя, якую распавяла лідчанка, звычайная, не гераічная, нічым не адметная, але вельмі жыццёвая, да болю трагічная і павучальная. Не толькі для нашчадкаў сям’і, але і для ўсіх нас.

Ірына Сільвестраўна Маісей паходзіць з роду Мацэвічаў. Калі яшчэ была жывая мама, яна расказвала Ірыне, што сям’я іх шляхецкага паходжання. Бабуля Марыя Стэфанаўна і дзед Казімір Зігмундавіч Мацэвічы былі абяднелыя, жылі ў Лідзе і не мелі вялікага багацця. 

– У іх было сямёра дзяцей, – расказвае лідчанка. – Двое, блізняты, памерлі ў малым узросце і пахаваны на могілках па праспекце Перамогі. Імёны іхнія ўжо сцерліся з памяці. А трое сыноў і дзве дачкі пражылі жыцці, мелі свае сем’і. Гэта Вацлаў, Антон, Станіслаў, Юзэфа і Марыя Мацэвічы. Зараз нікога з іх ужо няма ў жывых. Ёсць толькі гісторыя.

Ірына Маісей – дачка самай малодшай з дзяцей, Марыі Мацэвіч.

– Кожны год я, мае дзеці і ўнукі наведваем мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі. І для нас гэта свята са слязамі на вачах, падчас якога мы заўсёды ўспамінаем пра мамінага брата, майго дзядзьку Антона Казіміравіча Мацэвіча, – расказвае Ірына Сільвестраўна.

Нялёгкім быў яго лёс. Антон быў другім дзіцём у вялікай сям’і. Дзед (яго бацька) не любіў працаваць. А вось старэйшых дзяцей прымушаў працаваць шмат і забяспечваць сям’ю. У Антона былі залатыя рукі. У сям’і да гэтай пары захаваліся некаторыя рэчы, зробленыя ім, – этажэрка, «магляўніца» (прылада для прасавання).

У 1936 годзе ён быў прызваны ў армію. Служыў у 77-м пяхотным палку. Захаваўся фотаздымак, на якім ён, Антон Мацэвіч, на фоне вуліц і пабудоў горада Ліды. На фотаздымку напісана, што зроблены ён у 1936 годзе.

Ён пісаў пісьмы дамоў. Маці з нецярпеннем чакала сына. Але… Ён, 22-гадовы юнак, памятаючы цяжкае дзяцінства і трымаючы крыўду на бацьку, дамоў не спяшаўся. І тут пачалася вайна. Антон Мацэвіч быў прызваны ў войска. Дамоў дайшлі толькі некалькі ягоных пісьмаў. Антон ваяваў і быў паранены. Доўгі час знаходзіўся ў палоне.

– Калі скончылася вайна, маці чакала яго дамоў, – расказвае Ірына Маісей. – Не ведаю, як складваліся абставіны і што адбывалася ў душы дзядзькі Антона… Ведаю дакладна адно: ён любіў сваю радзіму, вельмі шкадаваў матулю, але, напэўна, усё гэтак жа захоўваў крыўду на бацьку... Ён не паехаў дамоў, а застаўся ў Германіі. Асвоіў нямецкую мову. Жыў і працаваў на гаспадара. Свайго жылля не меў. Сям’і і дзяцей у яго таксама не было. Праўда, была ў яго адна немка (ёсць фотаздымак з ёю), але сям’і з ёю так і не стварыў. Тым не менш заўсёды памятаў аб родных.

Старасць Антон Мацэвіч дажываў адзін. “Я ўжо казала, што ў яго былі залатыя рукі. Ён, нават нарыхтоўваючы дровы, звязваў іх прыгожа, як снапы. Сваімі рукамі змайстраваў металічную печ, накшталт каміна, з аддзяленнямі (нібыта шуфлядкамі) для паперы, дроў. Мы ўсё гэта бачылі, калі ездзілі ў госці, у 1975 годзе. Мне тады было 15 год. Дзядзя сустракаў нас гасцінна. Ён гатаваў сам, вельмі смачна. Паказваў нам горад (ён жыў у горадзе Людэрыц) і яго ваколіцы. З боллю і горыччу расказваў пра ваенныя гады і паказваў наступствы вайны для сябе, сваё раненне (для падтрымкі яму ў цела быў устаўлены металічны дыск).

У 1978 годзе Антон Мацэвіч у натарыяльнай канторы аформіў спадчыну, раздзяліўшы яе паміж дзвюма сёстрамі і пляменніцай. Яго апошняй воляй было перазахаванне пасля смерці яго праху ў Беларусі. Ён марыў хаця б так вярнуцца дамоў, знайсці спачын на радзіме. Антон Мацэвіч памёр у 1989 годзе, пражыўшы 75 год. Сям’я выканала яго апошнюю волю і перазахавала на лідскіх могілках, побач з маці.

Дарэчы, у сям’і захоўваецца яшчэ адна рэч, напамінак аб вайне і аб Антоне Мацэвічы. “Гэта фігурка Божай Маці. Яе прывёз бабулі салдат, які служыў разам з дзядзем і вяртаўся дамоў, – гаворыць Ірына Маісей. – Гэта фігурка прайшла з ім усю вайну і не раз дапамагала ў цяжкія хвіліны”.

– Наведваючы магілу мамінага брата Антона Мацэвіча, з удзячнасцю стаўлюся да памяці аб ім, – гаворыць Ірына Сільвестраўна. – І дзяцей вучу не забываць месцы пахавання родных і памятаць гісторыю сваёй сям’і. Бо памяць жывая, пакуль памятаюць жывыя.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться