Маршрут па запатрабаванні. Яго чакаюць жыхары вёсак Навіцкія-2 і Кянці

12 Января 2020 1928
Нядаўна ў аграгарадок Крупава арганізавалі дадатковыя рэйсы аўтобуса. Шчыра парадавалася за крупаўчан. Хаця… Вымушана прызнаць: не ўсё ў нашай транспартнай сферы і не ўсюды выклікае такія ж пачуцці адабрэння і шчырай радасці.

Прызнацца, спачатку нават брацца за гэту тэму не хацелася. Бо тэма складаная і гаварыць можна шмат пра што. Але ўспомніліся словы Уладзіміра Познера, расійскага журналіста, які нядаўна выступаў у Мінску. Ён казаў, што журналіст не можа вырашыць штосьці, але можа ўказаць на недахопы, на тое, што няправільна. Дык вось, і я хачу расказаць пра тое, што, на мой погляд, у нас няправільна.

Мне і маім калегам даводзіцца прымаць і разбіраць нямала скаргаў, у тым ліку ў транспартнай сферы. Адно магу сказаць: вырашаюцца яны не заўсёды лёгка. Яно, канешне, зразумела: людзі хочуць павышанага камфорту, каб было зручна і аўтобусы курсіравалі часта. Але з другога пункту погляду, так не заўсёды атрымліваецца, і галоўнай з прычын з’яўляецца эканамічны складальнік. Пралічваюцца кожны літр бензіну, кожная гадзіна працы вадзіцеля, напаўняльнасць аўтобусаў і інш. – усё тое, што простым пасажырам няўцям. Прынамсі, менавіта такія спрэчкі вяліся наконт працягу маршрутаў “шасцёркі”, “адзінкі”, “чацвёркі”, адмены або змены маршрутаў многіх прыгарадных рэйсаў…

Між іншым, варта задумацца: Ліда расце (зараз яна ўжо горад-статысячнік), а транспарт усё той жа. Хтосьці скажа: асабістых аўто на вуліцах вунь колькі! Двары застаўленыя, да школ не пад’ехаць! Так. Але далёка не ўсе маюць аўтамабілі. Ды і пастаяўшы на прыпынку паўгадзіны і болей у чаканні свайго аўтобуса ці маршруткі, адчуваеш сябе не ў горадзе-статысячніку, а хіба што ў пасёлку гарадскога тыпу. 

Нядаўна да нас звярнулася жыхарка в. Навіцкія-2 – наконт змены маршруту аўтобуса Ліда – Крывічы. Да верасня мінулага года аўтобус курсіраваў праз аграгарадок Ёдкі, вёскі Навіцкія-2 і Кянці. Але ў сувязі з адкрыццём трасы М6 выезд з Кянцёў налева стаў немагчымы, і было прынята рашэнне маршрут змяніць. Цяпер ён – без заезду ў гэтыя вёскі, а проста па дарозе М11. А для жыхароў в. Кянці на М11 абсталявалі прыпынак. Праўда, назвалі яго чамусьці Навіцкія-2, што выклікала неўразуменне мясцовых жыхароў. 

– Я згодна, аўтобус па дарозе з Ліды не можа заходзіць да нас, – кажа жыхарка Навіцкіх-2, – але ж на зваротным шляху рабіць гэта можа! Ён рухаецца з боку Мінска па правай паласе, і яму зручна звярнуць направа ў Кянці, Навіцкія-2 і Ёдкі. Чаму прынята такое рашэнне: не заязджаць – і ўсё на гэтым? Чаму б не прадумаць варыянты? Атрымліваецца: няма заходу – няма праблемы?!

Увогуле, наконт маршруту Ліда – Крывічы пішам і гаворым ужо не першы раз. Памятаецца, некалькі год таму былі адменены некаторыя яго рэйсы. Замест двух рэйсаў з Ліды ў суботу і двух у нядзелю стаў адзін рэйс у суботу і адзін у нядзелю. Прычынай была названа нерэнтабельнасць. Сапраўды, калі паназіраць за аўтобусам зараз, узімку, то курсіруе ён амаль пусты. Не сезон, мала хто едзе з горада ў вёску. А вось з вясны і да позняй восені аўтобус курсіруе запоўнены – у ім прыходзіцца ехаць стоячы! І зноў жа: чаму было не падысці да вырашэння пытання варыятыўна? Калі маршрут прыносіць страты, адмяніце яго на тры месяцы зімы і вярніце з вясны па восень.

 Неяк мінулым летам мы пісалі аб транспартнай праблеме жыхароў в. Кянці і выказвалі прапанову: чаму б перад тымі ці іншымі зменамі не пацікавіцца думкамі людзей, мясцовых жыхароў ці пасажыраў? Погляд на вырашэнне сітуацыі быў бы больш аб’ектыўны. 
Текст: Ганна Емяльянава.Ганна Емяльянава.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться