Няхай прынясуць Каляды дабро і радасць

24 Декабря 2019 1539
На парогах дамоў каталіцкіх вернікаў – Каляды. І хаця за акном зусім не зімовае надвор’е, але ў сэрцах ужо свята. Адчуваеце, як суцішыўся ход часу, як цёпла і па-асабліваму ўтульна стала ў дамах, як з’явілася ў душы жаданне абняць, сказаць ласкавае слова тым, хто побач?

Найбольш нецярпліва чакаюць каляднага цуда дзеці. У сям’і лідчан Дзмітрыя і Марыі Драган іх двое: чатырохгадовая Аліса і на год малодшы за яе Міша. Нягледзячы на маленькі ўзрост, яны прыкладаюць усе намаганні, каб дапамагчы маме прыбраць ёлку, падрыхтавацца да свята. Аліса ўвогуле маміна памочніца: яна шчыруе разам з ёю на кухні і па доме. Марыя – выхавальнік дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці №1, яе муж Дзмітрый – вадзіцель-экспедытар. Сям’я Драган яшчэ зусім маладая (у надыходзячым 2020-м ёй споўніцца пяць год), але ў ёй пануюць радасць і шчасце. Можа, таму, што са сваіх сем’яў маладыя людзі запазычылі ўсё лепшае, у тым ліку калядную традыцыю.

– 24 снежня мы рыхтуем дванаццаць страў і накрываем стол, паклаўшы пад абрус жменьку сена, – расказвае Марыя Алегаўна. – Чакаем першай зоркі на небе. Звычайна збіраемся разам, з бацькамі. Едзем да іх у госці або чакаем у нас. Не спяць нават дзеці – з хваляваннем чакаюць падарункаў, частуюцца стравамі. Любімы іх ласунак – піражкі з яблыкамі, якія мы пячом самі. Віншуючы адзін аднаго, зычым, каб надыходзячыя Каляды прынеслі нам толькі дабро і радасць.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться