Чаму калодзеж не дае чыстай вады напіцца? З такім пытаннем звярнуўся ў рэдакцыю чытач
16 Декабря 2019
1995

Вясковы побыт і асалода ад прыроды аказаліся парушаныя. Віной таму, лічыць Зігмунд Юзэфавіч, сталі мясцовыя буйныя гаспадары, фермеры і КСУП “Бердаўка-Агра”. А дакладней, той факт, што яны ўносяць у глебу мінеральныя ўгнаенні і хімічныя прэпараты. Гэта, на думку Зігмунда Багуцкага, прыводзіць да забруджвання грунтавых водаў, адпаведна – вады ў калодзежах, якую нельга ўжываць для піцця. Вось ужо некалькі год Зігмунд Багуцкі піша звароты ў розныя інстанцыі. Адзін з іх ён даслаў нядаўна ў рэдакцыю “Лідскай газеты”.
«Абараніце нас ад такіх гаспадароў!»
“Быў цёплы кастрычніцкі дзень... Свяціла сонейка, тэмпература была каля 20 градусаў цяпла, гудзелі мае пчолкі, чмялі, – піша ён. – І раптам, без усялякага папярэджвання, фермер пачаў апрацоўваць глебу з прымяненнем гербіцыдаў механізаваным спосабам у межах вёскі. Усё рабілася ў межах вёскі. Па сутнасці, парушана пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь №149 ад 27 верасня 2012 года аб парадку і правілах прымянення мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў...”
Па словах Зігмунда Багуцкага, ён спрабаваў пагутарыць з фермерам. Але… Атрымалася чарговая сварка. Была выклікана міліцыя.
“Маёр міліцыі выслухаў нас і ўсё запісаў. “Разбяромся!” – сказаў ён”, – апавядае ў сваім звароце ў рэдакцыю жыхар Брындзянят і задае пытанне: “Чаму парушаюцца законы Рэспублікі Беларусь? Вада ў калодзежах вёскі Брындзяняты забруджана нітратамі. Спецыялістамі занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі неаднаразова праводзіліся даследаванні – карыстанне вадой забаронена. Ваду нельга ўжываць для піцця, прыгатавання ежы, мыцця посуду. І так – з 2017 года.
Праз газету мы просім: дапамажыце нам, калі ласка, абараніце ад такіх гаспадароў! Хочацца жыць спакойна, свабодна, карыстацца тым, што дала прырода, і працаваць на карысць сябе і дзяржавы”.
Якасць вады залежыць і ад стану калодзежа
У Лідскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі пацвердзілі: на працягу апошніх двух гадоў занальным ЦГЭ праводзіліся лабараторныя даследаванні калодзежнай вады ў вёсцы Брындзяняты, у тым ліку з шахтнага калодзежа Зігмунда Багуцкага.
– Як паказалі вынікі лабараторных даследаванняў, якасць калодзежнай вады толькі з дзвюх крыніц нецэнтралізаванага водазабеспячэння (жылога дома №8) адпавядае гігіенічным нарматывам. З астатніх сямі шахтных калодзежаў вада не адпавядае па колькасці нітратаў, а з большай паловы калодзежаў – і па мікрабіялагічных паказчыках, – адзначае галоўны санітарны ўрач Лідскага раёна Аляксей Арачоў. – У верасні бягучага года спецыялістамі занальнага ЦГЭ было праведзена абеззаражанне вады ў шахтным калодзежы Зігмунда Багуцкага з ужываннем дэзінфіцыруючага сродка «Акватабс». Пасля правядзення абеззаражання зноў былі праведзены лабараторныя даследаванні вады, вынікі якіх паказалі, што па мікрабіялагічных паказчыках вада адпавядае гігіенічным нарматывам. А вось колькасць нітратаў у вадзе не адпавядае гігіенічным нарматывам і застаецца на ранейшым узроўні – 77,9 мг/дм3 пры норме 45 мг/дм3.
Пры абследаванні шахтных калодзежаў вёскі Брындзяняты ўстаноўлена, што не ўсе яны абсталяваны ў адпаведнасці з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі. Так, над агалоўкамі шахтных калодзежаў дамоў №7 і №10 адсутнічае навес або будка, яны не абсталяваны накрыўкамі, па перыметры агалоўка шахтнага калодзежа дома №10 адсутнічае адмостка з каменю, цэглы, бетону або асфальту адпаведных параметраў.
Пры правядзенні адбору проб падчас бягучага санітарнага нагляду з насельніцтвам вёскі Брындзяняты праводзіліся гутаркі па ўтрыманні шахтных калодзежаў. У адпаведнасці з патрабаваннямі санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, чыстка шахтных калодзежаў павінна рабіцца іх уладальнікамі не радзей аднаго разу ў год з адначасовым рамонтам абсталявання і мацавання.
Спецыялістамі занальнага ЦГЭ неаднаразова праводзілася тлумачальная работа з кіраўнікамі фермерскіх гаспадарак і КСУП “Бердаўка-Агра” наконт выканання імі санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры апрацоўцы пестыцыдамі палёў.
Па чыстую ваду – да суседкі або ў аўтамагазін
Вырашэннем праблемы чыстай вады ў вёсцы Брындзяняты займаўся і Дубровенскі сельскі Савет. Па словах старшыні Юрыя Вітука, вясной бягучага года была створана камісія з прадстаўнікоў службаў раёна (РАУС, ЗЦГЭ, упраўлення землеўпарадкавання, КСУП «Бердаўка-Агра» і інш.) з выездам на месца.
– З мясцовымі фермерамі Уладзімірам Мальцам і Ганнай Дубінчык мы правялі гутаркі па пытанні апрацоўкі зямельных участкаў з прымяненнем мінеральных угнаенняў і хімічных прэпаратаў, – расказвае Юрый Браніслававіч. – Ім было ўказана загадзя апавяшчаць сельскі Савет і жыхароў вёскі перад ужываннем хімпрэпаратаў і захоўваць дыстанцыю пры ўнясенні мінеральных угнаенняў паблізу населенага пункта. У цяперашні час гэтыя рэкамендацыі выконваюцца, вывешваецца аб'ява на інфармацыйным стэндзе ў вёсцы Брындзяняты, указваюцца дата і час апрацоўкі. Фермерскія гаспадаркі атрымалі пісьмовыя рэкамендацыі аб правілах унясення хімічных прэпаратаў і мінеральных угнаенняў.
Калі спецыялістамі занальнага ЦГЭ ў чарговы раз былі праведзены лабараторныя даследаванні вады ў калодзежы Зігмунда Багуцкага і яна не адпавядала нарматывам, Дубровенскі сельскі выканаўчы камітэт рэкамендаваў звяртацца да суседкі, у дом №8, для карыстання вадой з яе калодзежа для пітных мэтаў і прыгатавання ежы. Проба вады з гэтага калодзежа адпавядала гігіенічным нарматывам. Суседка згодна, ды і для калодзежа добра: вада чэрпаецца, абнаўляецца.
Акрамя таго, дзеля забеспячэння насельніцтва вёскі Брындзяняты і іншых вёсак сельсавета чыстай бутыляванай пітной вадой наладжана дамоўленасць з Лідскім філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства, і аўтамагазіны ажыццяўляюць падвоз такой вады ў вёскі.
* * *
Назваць дакладную прычынна-выніковую сувязь і даць адказ на пытанне, хто ж вінаваты ў тым, што калодзежная вада ў Брындзянятах змяшчае столькі нітратаў, не бяруцца ні спецыялісты ЗЦГЭ, ні кіраўніцтва мясцовага сельскага Савета. Думаецца, не возьме на сябе такую адказнасць ніхто, бо прычын можа быць мноства: і гаспадарчая дзейнасць фермераў ці сельгаспрадпрыемства, як лічыць Зігмунд Багуцкі, і ўтрыманне калодзежаў жыхарамі вёскі з парушэннем санітарных нормаў, і іх уласная гаспадарчая дзейнасць на сваіх участках. Трэба браць пад увагу яшчэ і ўзровень грунтавых водаў у наваколлі, і цалкам экалагічную сітуацыю, якая пагоршылася не без нашай агульнай віны. Разважаць аб гэтым можна доўга. Ясна адно: задумацца аб уласнай адказнасці варта кожнаму. А ў якасці лакмусавай паперкі для ўласнага сумлення прымяніць малюнкі пакінутых вёсак, зарослых, забруджаных смеццем участкаў, узлескаў, увогуле нашых адносін да зямлі. Неяк давялося чуць, што ў народаў Бураціі на поўначы Расіі людзей з дзяцінства вучаць, што нельга драпаць зямлю вострым, ірваць траву, прычыняць боль Маці-Зямлі. А ў нас?..
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.