Культпаход са смакам горычы

30 Сентября 2019 1883
Чаго нашаму гораду не хапае? Як сказала б мая бабуля, хіба толькі птушынага малака. Сапраўды, гледзячы на сучасную Ліду, цяжка нават уявіць, чаго ж ёй яшчэ не хапае. Усё ў ёй ёсць: і ўтульныя чыстыя вуліцы, і прыгожыя зялёныя астраўкі і клумбы, і мноства магазінаў, кафэшак, культурных аб’ектаў... Але здараюцца ў жыцці выпадкі, якія падштурхоўваюць да думкі: чагосьці нам усё-такі не хапае.

Гэтым летам з Расіі прыехала сяброўка, якая, як і ўсе расіяне, вельмі любіць Беларусь, а Ліду – дык асабліва. Аднойчы вырашылі мы з ёю зрабіць культурны выхад у горад, пасядзець у кафэ, пагутарыць. Проста так, адпачыць. Вырашылі, што пойдзем у “Сябрыну”. Дакладней, я запрасіла, бо “Сябрына” – кафэ з беларускім каларытам. Прыбраўшыся ў лепшыя сукенкі, ідзём па горадзе. Але, падышоўшы да кафэ, упіраемся ў таблічку: “Спецабслугоўванне”. Вось дык расчараванне!..

“Так я і думала”, – першае, што вырвалася ў мяне. Па праўдзе кажучы, сітуацыя не была дзіўнай. Не першы раз з ёй сутыкалася. Гадоў пяць таму нават пісала пра гэта ў газеце. Было ўсё так: прыйшла з гасцямі і “пацалавала” дзверы. Колькі часу прайшло! Колькі кафэшак адкрылася. А ўсё роўна выходзіць: не хапае?! 

Мы не хацелі псаваць настрой і вырашылі перайсці вуліцу і спыніцца ў “Старым горадзе”. Але і тут чакала расчараванне – таксама таблічка “Спецабслугоўванне”. Гэта была пятніца, поўдзень. Куды ісці? Паблізу – кафэ “Гранд”. Там было вольна, але… Кафэ таксама хутка зачынялася на спецабслугоўванне, таму нас папрасілі доўга не затрымлівацца. Ды і ў меню застаўся зусім абмежаваны выбар страў. Пасля ўсяго мы скарысталіся хаця б такім, але культпаход атрымаўся са смакам горычы.

Што перашкаджае культурна адпачыць лідчанам і іх гасцям, без той ці іншай нагоды, свята, проста так? Справа не ў тым, што кафэ не хапае, а хутчэй у прынцыпе іх работы. Пры спецабслугоўванні трэба паклапаціцца і аб тых, хто прыйдзе проста перакусіць. Пакінуць ім вольныя месцы або асобную залу. Новыя кафэшкі хуткага харчавання не заўсёды задаволяць густ дарослых людзей, якія выбіраюцца, як і мы, пасядзець у кафэ. Яны больш падыходзяць для моладзі.

Ды і не ў адных кафэшках справа. Ёсць яшчэ адна лыжка дзёгцю… У адзін з першых дзён прыезду той жа маёй знаёмай мы сустрэліся на аўтавакзале. Першае, аб чым запытала расіянка, – дзе тут размяняць валюту. Здавалася б, праблем няма – у абменным пункце. Але… У “Беларусбанку” ля аўтавакзала панядзелак – выхадны дзень (а гэта быў менавіта панядзелак). Ідзём далей. У абменным пункце непадалёку ад падатковай інспекцыі – абедзены перапынак. Далей – у абменным пункце ў “Еўраопце” няма беларускіх рублёў. Ісці прыйшлося ажно ў “Беларусбанк” на вуліцы Кірава. Колькі гэта ад аўтавакзала? Няблізка. А калі такая праблема ўзнікне ў таго, хто сышоў з аўтобуса або цягніка і не ведае горада? Абменнікі павінны працаваць ледзь не кругласутачна, асабліва ля вакзалаў ды турыстычных аб’ектаў горада!

І зноў жа справа не ў недахопе, а ў дыферэнцыраваным падыходзе да арганізацыі работы. Чаму б тым жа банкам не пацікавіцца, як працуюць суседнія банкі, і не перабудавацца, каб кліент прыйшоў да іх і не пайшоў ні з чым?
 
Нельга не закрануць яшчэ адно далікатнае пытанне – прыбіральні. На гэту тэму шмат казалі і пісалі ў газеце. Іх сапраўды не хапае. Туалет цэнтральнай паліклінікі ператварыўся ў грамадскі (у які мне таксама прыйшлося весці сяброўку). А ў платнай прыбіральні ля аўтавакзала за адносна высокую цану (60 капеек) не лічаць патрэбным павесіць рулончыкі паперы ў кабінках, а выдаюць шматкі на касе. У прынцыпе, такая карціна і ў прыбіральнях вакзалаў іншых гарадоў. Дзе назапасішся рулончыкамі? Людзі ж розныя бываюць, некаторыя іх выносяць з сабою. І ўсё ж, пагадзіцеся, выдаваць шматкі – гэта няправільна.

Дык чаго нам усё-такі не хапае? Не птушынага малака. А простых рэчаў, якія нібыта ёсць, але на самой справе іх няма.
Текст: Ганна Емяльянава.Ганна Емяльянава.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться