Праваслаўныя вернікі рыхтуюцца сустрэць свята – Уваскрэсенне Хрыстова

27 Апреля 2019 1592
Лічаныя гадзіны застаюцца да галоўнай падзеі ў жыцці праваслаўных хрысціян – Уваскрэсення Хрыстова. Яшчэ смуткуюць яны па Сыне Божым, яшчэ аплакваюць свой грэх. Але ўжо хутка настане вялікая радасць: Хрыстос уваскрэсне і прыйдзе ў кожнае сэрца, адкрытае для яго, напоўніць нашы сэрцы велікоднай радасцю і любоўю. Бог і ёсць любоў. 

У прадчуванні вялікай радасці праходзяць гэтыя дні і ў дзвюх лідскіх сем’ях – сёстраў-двайнят Іны Жалабоўскай і Наталлі Казак. Паміж дзвюма сёстрамі, якія неразлучныя з нараджэння, разам вучыліся ў школе, у вучылішчы, разам працуюць і нават жылі да нядаўняга часу па-суседску, пануе любоў. Яны і сёстры, і сяброўкі, і вельмі дарагія і блізкія адна адной  людзі. Яны сябруюць сем’ямі. Сябруюць іх дзеці.

У сёстраў быў адзін шлях у храм, да Бога. Іну і Наталлю прывялі сюды іх дзеці. У Іны іх двое: сын Аляксей і дачка Таццяна. І ў Наталлі таксама двое: дочкі Ліза і Каця. Пяць год таму дзеці пачалі наведваць нядзельную школу пры храме Усіх Святых па вуліцы Астроўскага. А потым прывялі ў храм сваіх матуль. Матулі, якія да гэтага наведвалі царкву толькі па святах, сталі хадзіць сюды штотыдзень. Акрамя таго, разам са сваімі дзецьмі сталі займацца творчасцю ў гуртках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры нядзельнай школе – у розных мастацкіх тэхніках ствараць сувеніры і шматлікія прыгожыя вырабы, у тым ліку сімвалы Вялікадня – яйкі, якія дорацца вернікам падчас кірмашоў і сталі ўпрыгажэннем ужо мноства кватэр у Лідзе. У іх укладзены не толькі талент і праца чалавечых рук, але і шчырасць душы, і ўся вялікая любоў юных і дарослых майстроў. 

Сёстры расказваюць, што ў храме Усіх Святых пануе асаблівая атмасфера. Заслуга ў гэтым, вядома, настаяцеля – протаіерэя Уладзіміра Яроміча. Вернікі тут як адна сям’я і робяць шмат добрых спраў. Удзельнікі брацтва, якое носіць імя святога Васілія Вялікага, наведваюць хворых, старых і дзяцей-сірот, клапоцяцца аб іх і дораць падарункі (тыя самыя, што робяць у гуртках дзеці і іх матулі) і часцінку ўсеагульнай любові. Такім чынам, і яны, дзве сястры Іна і Наталля, і іх дзеці таксама ўносяць сваю лепту ў вялікі акіян любові.
Сёння яны са сваімі сем’ямі, з мноствам вернікаў збяруцца пад купалам храма, каб разам сустрэць уваскрослага Хрыста і панесці агеньчыкі радасці і любові ў сэрцах у свет.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться