28 кастрычніка – Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Аб сваёй прафесіі расказвае вадзіцель хуткай дапамогі

28 Октября 2018 1889

Віктар Васілючак працуе вадзіцелем хуткай дапамогі з пачатку 90-х. Ён вельмі адказна адносіцца да сваіх прафесійных абавязкаў. А адной з найбольш важных якасцей у сваёй прафесіі лічыць сабранасць і дакладнасць дзеянняў у час выкліку. 

Бо калі ён дастаўляе брыгаду медыкаў туды, дзе экстранна патрабуецца іх дапамога, ці вязе цяжкахворага, дарагая кожная хвіліна і секунда. І ён абавязаны не толькі даехаць як мага хутчэй, але і бесперапынна думаць аб бяспецы – каб сама дарога не паднесла непрыемных сюрпрызаў. У гэтыя хвіліны чыесьці здароўе і жыццё ў прамым сэнсе ў яго руках.

 …Тое, што ён хоча стаць менавіта вадзіцелем, Віктар Васілючак зразумеў яшчэ калі вучыўся ў Бердаўскай школе. Таму пасля яе заканчэння мэтанакіравана аднёс дакументы ў аўташколу ДТСААФ. Першым яго месцам працы быў аддзел пазаведамаснай аховы РАУС. Сама праца і адносіны кіраўніцтва яму падабаліся. У сям’і таксама ўсё было добра: жонка Алена Канстанцінаўна працавала ў будтрэсце №19, сын Дзяніс і малодшая Насценька хадзілі ў дзіцячы садок. Але ў той жа час, пакуль дзеці не падраслі, трэба было больш увагі ўдзяляць сям’і. Таму Віктар Канстанцінавіч перайшоў працаваць вадзіцелем на станцыю хуткай медыцынскай дапамогі, дзе пасля начнога дзяжурства давалі двое сутак адпачынку, – для маладой сям’і гэта было вельмі зручна.

З той пары мінула аж 27 гадоў. Дзеці даўно дарослыя, і ўжо, бы кветачкі, уюцца ля бабулі з дзядулем чатыры ўнучанькі, а Віктар Васілючак усё працягвае працаваць на «хуткай». Бо яшчэ ў самым пачатку, калі толькі прыйшоў на станцыю, зразумеў: гэта і ёсць яго жыццёвае прызванне.

За гэтыя гады тут шмат чаго памянялася. «Па-першае, самі машыны хуткай дапамогі сталі іншыя, – казаў Віктар Канстанцінавіч падчас нашай нядаўняй размовы. – Калі я толькі прыйшоў сюды працаваць, яны былі халодныя, часта ламаліся. Мы, вобразна кажучы, з рамонтнай ямы не вылазілі. А зараз машыны камфортныя і надзейныя. Кожная «хуткая» знаходзіцца ў эксплуатацыі не больш за пяць гадоў (потым іх выкарыстоўваюць у бальніцы як гаспадарчы транспарт). І рамонтам мы зараз самі не займаемся, гэта здзяйсняецца на СТА.

– Аснашчэнне машын хуткай дапамогі, – дадаў вадзіцель, – зараз таксама нашмат лепшае. Ды і саміх машын стала болей, хаця насельніцтва раёна не павялічылася. Калі я толькі пачынаў працаваць, было 8 пастоў, зараз – 10. Нашмат лепшымі сталі і самі дарогі, і іх абслугоўванне. Памятаю, неяк даўно быў выпадак, калі ноччу мы завязлі ў снезе на нячышчанай дарозе на некалькі гадзін, пакуль «хуткую» не выцягнуў трактар. Зараз такое цяжка ўявіць.

– Але ў чымсьці стала працаваць і складаней, – працягваў мой суразмоўца. – Раней транспарту на дарогах было нашмат менш, а ўночы і дарогі, і двары наогул былі пустыя. Зараз жа ноччу ўсе двары застаўлены машынамі, бывае складана пад’ехаць. Так што ў гэтым сэнсе стала складаней і ноччу, і днём.

Калі зайшла размова аб асаблівасцях прафесіі, Віктар Васілючак адзначыў, што ўсім, хто працуе на «хуткай», вельмі важна быць эмацыянальна сабранымі – нават калі ў звычайнага чалавека могуць не вытрымліваць нервы. «Сітуацыі ж бываюць розныя, – кажа ён. – Іншы раз, бывае, прыязджаеш і сутыкаешся з абуральнымі паводзінамі. Але мы агрэсіяй на агрэсію не адказваем, нам трэба рабіць сваю справу. А выезды на няшчасныя выпадкі, аўтааварыі… Памятаю, пасля выезду на першую аўтааварыю з цяжкімі наступствамі мяне ўвесь зваротны шлях літаральна трэсла. Зараз трымаю сябе ў руках. Хаця ўнутры па-ранейшаму вельмі хвалююся за кожнага чалавека, да якога выязджаем на дапамогу».

За гады працы Віктар Васілючак дасканала вывучыў усе маршруты – беспамылкова ведае, як даехаць да любой вёскі, хутара, знайсці любую вуліцу, завулак у горадзе. «Але калі чагосьці і не ведаем, – удакладняе Віктар Канстанцінавіч, – усё роўна не заблукаем: на дапамогу прыходзіць дыспетчар, калегі-вадзіцелі падкажуць, ды і ўсе машыны аснашчаны спісамі вуліц па алфавіце і арыенцірамі, як хутчэй туды дабрацца».

За змену Віктару Васілючаку ў сярэднім даводзіцца выязджаць на 6-7 выклікаў. Але бывае па-рознаму. Асабліва напружаная праца ў святы, а таксама да і пасля іх. Дарэчы, работа вадзіцеля «хуткай» заключаецца не толькі ў кіраванні машынай. Даводзіцца і дапамагаць медыкам – напрыклад, упраўляцца з насілкамі, падносіць абсталяванне. Наогул, у калектыве станцыі хуткай медыцынскай дапамогі вельмі развітая ўзаемная падтрымка. «Мы як адна сям’я, – гаворыць Віктар Канстанцінавіч. – І дружны, згуртаваны калектыў – гэта адна з прычын, чаму я вельмі люблю сваю работу».

Текст: Святлана МЕДУНІЦА.Святлана МЕДУНІЦА.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться