На Лідчыне працягваецца кампанія па вакцынацыі супраць грыпу
27 Октября 2018
1153
На Лідчыне працягваецца кампанія па вакцынацыі супраць грыпу. Як паведаміла карэспандэнту загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Лідскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Садоўская, прышчэпкі ўжо зрабілі парадка сямнаццаці тысяч чалавек – гэта каля трынаццаці працэнтаў ад запланаваных для ахопу вакцынацыяй сарака працэнтаў насельніцтва Лідчыны. У найбуйнейшай установе, цэнтральнай раённай паліклініцы, па словах урача-валеолага Наталлі Скрыбук, прывіта парадка сямі тысяч чалавек. Кампанія працягнецца да 1 снежня, але каб выпрацаваўся імунітэт, медыкі раяць не цягнуць з прышчэпкай, а звяртацца ў паліклінікі менавіта зараз.
Вакцынацыя на сёння лічыцца лепшым сродкам прафілактыкі грыпу. Яна рэкамендуецца ўсім, асабліва ж паказана тым, хто адносіцца да так званай групы рызыкі. Гэта дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў, дарослыя з хранічнымі захворваннямі, людзі з імунасупрэсіяй, пажылыя людзі (старэйшыя за 65 гадоў), цяжарныя жанчыны, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, супрацоўнікі МНС, міліцыі, мытні, вайскоўцы, работнікі сферы абслугоўвання і гандлю, адукацыі, транспарту.
Бясплатна ў амбулаторнапаліклінічных установах Лідчыны можна прышчапіцца вакцынай расійскай вытворчасці “Грыполплюс”, на платнай аснове – вакцынай вытворчасці Нідэрландаў. Усе вакцыны зарэгістраваныя і дазволеныя для выкарыстання на тэрыторыі Беларусі. “Гэта высокаэфектыўныя і бяспечныя імунабіялагічныя лекавыя сродкі, якія ўтрымліваюць актуальныя штамы віруса, рэкамендаваныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя для ўключэння ў склад вакцын для краін Паўночнага паўшар'я ў 2018 годзе, – падкрэслівае Алена Садоўская. – Безумоўна, вакцына не гарантуе, што вы ўвогуле не захварэеце на грып або прастуду, але хвароба будзе працякаць нашмат лягчэй і без ускладненняў”.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.






