Моцевічы: дачнікі - налева, вяскоўцы - направа (фота)
Добра гэта ці не, але ў жыцці вёскі Моцевічы Пескаўскага сельсавета, як, дарэчы, і многіх іншых вёсачак, што знаходзяцца ў прывабных зонах на берагах рэчак, апошнім часам адбываюцца змены. Моцевічы цяпер ці то вёска, ці то дачна-рэкрэацыйны пасёлак, бо хаты тут раскупляюць гараджане, каб наязджаць на адпачынак летам. Ясна адно – аддаленая ад раённага цэнтра вёска стала прывабнай для людзей.
Мясціны тут, канешне ж, жывапіснейшыя: вакол – хвойныя лясы, заліўныя лугі, Нёман... Цешыцца вока і дыхаецца лёгка! Дарога, паабапал якой пасталі ў рад хаты, выцягнулася стужкаю ля берага. Заўважаецца асаблівасць: дамы з левага, прынёманскага, боку амаль усе выкуплены гараджанамі. Незвычайныя, нібыта церамкі, пабудовы радуюць вока і ўпрыгожваюць мясцовасць. А з другога боку ў сваіх хатах жывуць нешматлікія мясцовыя жыхары. Засталася іх сапраўды жменька, ды і тыя ўсе старыя – каму за семдзесят, а каму ўжо і за восемдзесят. Праз адну-дзве хаты – пустыя, сіратліва апусціўшыя долу вочы.
На вуліцы пустынна. Палівае дождж. Ды чамусьці не пакідае пачуццё, што вёска – жывая. Пазней стане зразумела, адкуль з’явілася тое адчуванне... А пакуль трапляем да дома мясцовай старасты Ганны Жэбартовіч. Сустракае ўтульны падворак, на якім, па ўсім відаць, папрацавала гаспадарская рука. Нягледзячы на тое, што жыве жанчына адна, прыязджаюць і дапамагаюць ёй дзеці: два сыны і дачка.

– Моцевічы калісьці былі вялікай вёскай, – кажа Ганна Вікенцьеўна, – 360 жыхароў налічвалася ў той час, калі я працавала ў магазіне. У школе было шмат дзяцей, нават па два класы, “А” і “Б”. Цяпер вось разбіраюць яе па дошках: гляджу і душа баліць. Я ўсё марыла, што ў ёй можа калі-небудзь адкрыюць штосьці накшталт дома для старых. Самі ж бачыце: у нас цяпер толькі старыя. Марыі Яблонскай, Івану Красоцкаму, Лідзіі Гота, Ядзвізе і Браніславу Вершаловічам – за восемдзесят, Яну Обліку і яго жонцы Францішцы пад восемдзесят, за семдзесят Стасі Міклашэвіч, Ніне Шляхтун, Ядзвізе і Ганне Заяц, а таксама сёстрам Ядзвізе і Гэлі Міклашэвіч. Людзі ў старасці спадзяюцца на дзяцей, унукаў, але ў жыцці ўсякае бывае... Адна жанчына ў нашай вёсцы мела пяцярых дзяцей – усіх пахавала, а сёлета сама памярла. Такі лёс.

Год за годам з Моцевіч выязджала ў горад моладзь. Пакуль жылі бацькі, дзеці прыязджалі, хоць зрэдку, а як састарыліся і паўміралі, сказалі: “Няма чаго ехаць на вёску”. Як прыгавор, рэхам адгукаюцца гэтыя словы ў пустых хатах. Але відаць не чуюць згрызотаў сумлення нашчадкі, не трывожацца, а як жа там іх малая радзіма? Як бацькаўшчына, як карані? Няўжо падымецца рука адсячы іх? Чужыя людзі з далечы купляюць хаты і едуць на вёску, каб на зямлі-матухне ды ля бацькі нашага Нёмана спачываць душой, сіл набірацца. А тут – родныя. Ну вось прыклад: у адной з такіх сямей выраслі чацвёра дзяцей. Здаецца, і недалёка ад’ехалі, жывуць у Гродне. Але нават пры жыцці старой маці не надта да яе спяшаліся, спасылаючыся на далечыню, дарагавізну білетаў, працу, занятасць, а цяпер, калі не стала яе і нікога, засталася толькі хата, – і падаўна. Кажуць, не цягне ўжо нас сюды, у кожнага свае сем’і ў горадзе. І толькі самы малодшы бабулін сын ці то сентыментальны, ці то ў спадчыну ад матулі атрымаў дабрыню яе сэрца, заўжды імкнецца дадому. Або – вось яшчэ выпадак, які прыводзіць наша суразмоўца Ганна Вікенцьеўна: “Сын мой малодшы вельмі любіць прыязджаць на вёску. А як надыходзіць час ад’язджаць, кажа: “Яшчэ гадзінку, ну яшчэ хоць гадзінку пабуду...”
Не можа не радаваць той факт, што шмат гараджан апошнім часам сталі і крыху моцевіцкімі. “Вось і мае суседзІ, – расказвае Ганна Жэбартовіч, – калі прыехалі, прыгледзелі месца на беразе Нёмана, ды якраз на маім участку. Няўжо добрым людзям зямлі шкода? Я і адпусціла той кавалак. Яны пабудаваліся, а цяпер жывём як найлепшыя сябры”.

“Добра, што прыехалі да нас людзі, – кажа Ганна Вікенцьеўна, – вёска жыць будзе!” Няхай сабе замест стажкоў сена стаяць на падворках бяседкі ды мангалы. Няхай... Але ж вясковыя хаты не хіляцца долу, падворкі не зарастаюць быллём, а самі вёскі напаўняюцца жыццём. Галоўнае ж, што ў вітку гісторыі, у эры высокіх тэхналогій, людзі не страцілі здольнасці адчуваць прыцягненне зямлі і імкнуцца быць крышачку лепшымі. Ля зямлі нельга інакш.












