Груша, якая злучае пакаленні: гісторыя старога дрэва на нашым участку
12 Октября 2025
625
Груша, якая расце ў нас на прысядзібным участку, больш за паўстагоддзя. Дрэва ўжо было вялікім, калі мы з мужам 35 гадоў назад пажаніліся і сталі жыць у яго бацькоўскай хаце. Мы аднавілі не толькі дом, але і ўчастак. На ім з’явіліся газон, па прыкладу свекрыві – кветкі (праўда, я больш схіляюся да ружаў), значна меншую плошчу пачаў займаць агарод. Са старых дрэў засталіся толькі два – яблыня “белы наліў”, якая буяе квецценню праз год, і груша. Назву яе я спачатку не ведала, бо ўсе родныя называлі яе проста груша. Потым звярнула ўвагу, што нейкая “падробка” пад плады нашага дрэва нават зімой прадаецца ў супермаркеце і мае назву “канферэнцыя”. Зайшла ў інтэрнэт, зверыла. Так і ёсць, менавіта, “канферэнцыя” расце на нашым участку. 
Хтосьці лічыць, што пладовыя дрэвы былых сартоў аджылі сваё. Зараз разнастайны выбар саджанцаў, якія маюць шмат станоўчых якасцей: нізкарослыя, садавіна доўга захоўваецца, ды і смак непаганы. Усё гэта так. Але колькі клопату я маю з маладзенькімі дрэвамі, якія пасадзілі каля дома! Колькі апрацоўваю ад казуркаў і ад хвароб! А груша стаіць маналітам. Догляд з нашага боку – абрэзка галін і пабелка ствала. Апрацоўцы яе падвергнуць складана – высокая. Затое плады натуральныя. Можа іх не так шмат, як было раней, аднак нам хапае. Кожная груша важыць больш за 200 грамаў, а нярэдка бывае, што і паўкілаграма. Плады доўга захоўваюцца і ад “лёжкі” становяцца яшчэ больш сакавітымі. Дарэчы, вялікае, але “худое” дрэва зусім не дае ценю на агарод, хоць і размяшчаецца сярод градаў. Добра растуць пад ім і буракі, і морква, і нават памідоры, і перцы. Вядома, глебу імкнемся ўгнойваць.
Безумоўна, усё мае свой век. Некалі настане той час, калі старое дрэва прыйдзецца спілаваць. Будзе шкада. І не толькі таму, што не паспрабуем смачнай, натуральнай садавіны. Знікне яшчэ адзін масток сувязі, які перакінуўся да нас ад продкаў.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.






