Жыхар Слоніма перадаў рэдакцыі восем нумароў газеты «Уперад», выдадзеных у 1943 годзе

09 Апреля 2020 1367
Восенню мінулага года «Лідская газета» адзначыла свой 80-ы дзень нараджэння. Азіраючыся назад, з цеплынёй і вялікай удзячнасцю ўспамінаецца, колькі добрых слоў і віншаванняў было сказана тады ў адрас найстарэйшага друкаванага выдання раёна.

Але яшчэ адзін важны падарунак мы атрымалі цяпер, амаль праз паўгода пасля юбілею: архіў рэдакцыі папоўніўся васьмю нумарамі газеты «Уперад», выдадзенымі ў ваенным 1943 годзе. Прынамсi, яны сталі самымі старымі ў нашым архіве.

Тут трэба адзначыць, як лiстоўкi трапiлi назад на радзiму: iх нам перадаў жыхар Слонiма. «Я працую ў ЖКГ на перапрацоўцы, скажам так. Газеты знайшоў, калі сартаваў макулатуру. Думаю, нейкае мясцовае прадпрыемства расфарміроўвала архіў... Ведаеце, я заўседы сур'ёзна i з разуменнем ставiўся да гiсторыi (сам калекцыянірую паштоўкi), таму, канешне, забраў газеты сабе. Дарэчы, сярод усяго іншага былі таксама ваенныя нумары іншых гродзенскіх раёнак, баранавіцкай газеты. Некалькi гадоў друкаваныя выданнi акуратнымi стосамi ляжалi ў хаце за шклом секцыi. Неяк у размове з калекцыянерам з Гродна я абмовіўся аб сваёй знаходцы, ён вельмі зацікавіўся і нават набыў у мяне некалькі ваенных газет, сярод якіх, дарэчы, была «Уперад». Але я рады, што некаторыя нумары ў мяне ўсё ж такi захавалiся i вярнуліся непасрэдна ў рэдакцыю, бо гэта частка вашай гісторыі», – адзначыў сланiмчанiн. 

8 нумароў, 8 лiстовак, якiя распавядаюць аб ваенным лiхалеццi. Самым цiкавым для нас i для жыхароў раёна з'яўляецца нумар, у якім змешчаны артыкул пад назвай «Мёртвы горад» – пра Ліду ў 1943-м. Дарэчы, для гістарычна-мастацкага музея гэты нумар таксама з'яўляецца знакавым, бо ён стаў першым экспанатам музея. Яго ў фонды перадаў у 1959 годзе былы рэдактар ​​ «Уперад» Драгун.

– Вы сталі ўладальнікамі сапраўднага скарбу! – са шчырым захапленнем кажа старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Валынец. – Мы вам зайздросцiм, бо некаторых нумароў няма нават у нас.

Пра газету цяжка пiсаць – яе трэба чытаць, трымаць у руках i адчуваць водар друкарскай фарбы... Нумары «Уперад», якія нам удалося набыць, каштоўныя тым, што выходзілі на Лiдчыне ў ваенныя гады, што іх трымалі ў руках тыя людзі, якіх, на жаль, даўно няма ў жывых. Спадзяёмся, у хуткім часе ўбачыць, пагартаць нумары газет зможаце і вы, нашы дарагія чытачы, прыйшоўшы ў рэдакцыю. 

Мы абавязкова дадзім гэтую магчымасць усім жадаючым.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться