Камень-следавік, дуб-асілак і старажытная царква. Якія яшчэ цуды можна ўбачыць у Бабрах?

09 Октября 2025 4877

Трапіць у вёсачку Бабры Ходараўскага сельсавета не так проста – яна схавалася за густымі, амаль непраходнымі лясамі. Мне прыйшлося праехаць некалькі кіламетраў па глухой гравійнай дарозе, перш чым завітаць у гэты дзіўны адасоблены куток. Краязнаўцы мяркуюць, што менавіта такая “маскіроўка” выратавала мясцовых жыхароў пад час Вялікай Айчыннай вайны, і іх не напаткаў лёс суседзей з Леснікоў, якіх, як і ў Хатыні, немцы спалілі разам з хатамі. 


Дэрэчы, некаторыя тубыльцы лічаць інакш. Напрыклад, 65-гадовая Рэгіна Заяц упэўнена, што яе родная вёсачка знаходзіцца пад заступніцтвам Дзевы Марыі, якая калісьці хадзіла па гэтай зямлі і дапамагала нямоглым. І доказ таму – валун з адбіткам яе ступні, які ў 1920 годзе баброўцы знайшлі на лузе за царкоўнымі могілкамі і прывезлі да храма.  Калі прыглядзецца, то побач са следам жаночай нагі прыблізна 34-га памеру можна ўбачыць яшчэ і маленькі слядок, быццам дзіцячы. Па адной з легенд, шмат стагоддзяў таму сонца так пякло, што растапіла нават камяні, і яны сталі вадкімі. У гэты час ішла па зямлі Багародзіца са сваім маленькім сынам. Ад спёкі яны стаміліся і нават не заўважылі, як ступілі на мяккі камень. Так і засталіся з тых часоў на валуне адбіткі жаночай нагі і дзіцячай. 

Я дакранаюся да шурпатай паверхні валуна і адчуваю, як па пальцах прабягае нібыта ток, а цела ахоплівае незвычайная хваля лагоды. Людзі верылі (і вераць да гэтай пары) у цудадзейную сілу такіх адбіткаў, нават дажджавая вада, якая збіраецца ў выемку следа, лічыцца святой і гаючай.

– Памятаю, як у нашу вёску прыязджаў нейкі знакаміты прафесар са сваім сынам. Хлопчык быў цяжка хворы. Разам з бацькам ён прытуляўся да нашага следавіка і прасіў дапамогі ў Маці Божай, – успамінае мая суразмоўца Рэгіна Заяц, якая жыве ў Бабрах больш за пяцьдзясят гадоў.  

Экспертыза пацвердзіла: следавік, аб якім ідзе гаворка, належыць да перыяду бронзавага веку. Цяпер гэты старажытны камень прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Дарэчы, такіх таямнічых валуноў у нашай краіне некалькі дзясяткаў. Але іх паходжанне навукоўцы тлумачаць па-свойму: існавала строгая забарона на выявы багоў, і каб звярнуцца да бога людзі былі вымушаны шукаць бачныя адзнакі яго прысутнасці. Так пачалі з’яўляцца следавікі. А можа маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што такія камяні служылі алтаром для ахвяраванняў у язычнікаў? Адназначнага меркавання наконт паходжання няма нават сярод гісторыкаў. 

***

Прыйшла пара пазнаёміцца з Рэгінай Заяц, якая стала маім экскурсаводам па вёсачцы. Нарадзілася Рэгіна Расціславаўна ў мястэчку Пяскі, што знаходзілася ў трох кіламетрах ад Баброў, але хутка яе сям’я пераехала ў суседнюю вёску Бабры. 

– Ужо тады паселішча Пяскі лічылася неперспектыўным, а цяпер і ўвогуле знікла з карты Лідскага раёна. Іншая справа Бабры – паўстагоддзе таму гэта быў цудоўны варыянт для жыцця: там і школка, і магазін,  і ферма, куды і ўладкавалася працаваць мая маці,  – успамінае жанчына.   

Але лёс Рэгіны Заяц склаўся так, што доўгі час яна жыла ў Лідзе. Выйшла замуж, нарадзіла сына, працавала рабочай на адным з буйных прадпрыемстваў нашага города. Аднак душа ўсё роўна цягнулася ў вёску. І калі пайшла на пенсію, вырашыла зноў вярнуцца ў родныя Бабры. 

– Тут у мяне і курачкі, і каты, і сабака. Якая-ніякая, але гаспадарка, – жартуе мая суразмоўца. 

ЦІКАВЫ ФАКТ. Некалькі гадоў таму назад Рэгіна Заяц зрабіла падарунак Лідскаму гісторыка-мастацкаму музею, перадаўшы  рэчы сваёй бабулі Вольгі Аляксееўны Гагалушка. 


– Гэта андаракі, кашулі, ручнікі, вытканыя на кроснах, і нават фата, у якой мая бабуля брала шлюб. Многае зроблена рукамі баброўскіх майстрыц, якія валодалі ўнікальнымі тэхнікамі ткацтва і перадавалі іх з пакалення ў пакаленне, – расказвае Рэгіна Расціславаўна.

“Пакуль ідуць набажэнствы, храм жыве”

З акна Рэгіны Заяц адкрываецца дзіўны выгляд на галоўную славутасць у Бабрах – Крыжаўзвіжанскую царкву.  Пабудавана яна з дрэва яшчэ ў 1810 годзе, але добра захавалася да нашых дзён. Многія шукаюць у гэтым патаемны сэнс: як драўляны будынак нават праз 200 гадоў выглядае так, быццам час над ім не мае сілы? Але айцец Леанід Вабішчэвіч (на фота), настаяцель гэтага храма, упэўнены, што проста старажытныя майстры рабілі на вякі: 



– Нашы продкі вельмі баяліся гневу гасподняга, таму да будаўніцтва святынь падыходзілі з асаблівай адказнасцю. Маі прыхаджане расказвалі, што царкву ў Бабрах узводзілі са шматвекавых хвояў, якія спецыяльна прывозілі сюды “з-за Нёмана”, бо лес там быў лепшы. Хвоя – дрэва смалістае, а значыць, наскрозь прасякнута прыродным кансервантам. Нарыхтоўвалі бярвенне зімой, калі ў дрэвах часова спынены рух соку і значна менш умоў для развіцця гнілі і грыбка. 

Вядома, што ў 1829 г. пры Баброўскай царкве дзейнічаў інтэрнат для адзінокіх старых і сірот, у якім жылі 6 чалавек. Крыху пазней над бабінцам царквы надбудавалі званіцу, а пры ўваходзе зрабілі тамбур. Царква агароджана невысокім мурам, з боку якога найлепш захавалася фасадная частка будынка.

Але самае галоўнае тое, што тут практычна ўвесь час праходзілі набажэнствы, за выключэннем савецкага перыяду, калі храм быў гвалтоўна зачынены. Кажуць, што восень 1964-га падзяліла жыццё вяскоўцаў на “да” і “пасля”. Жанчыны як раз трапалі лён, калі прыйшла звестка: партыйныя ўлады прыехалі закрываць  царкву. З цягам часу там зрабілі калгасны склад для захоўвання збожжа.  

Прастаяўшы больш за чатыры дзесяцігоддзі без людскога цяпла, царква пайшла гніллю, прыйшла ў заняпад. Але жыццё ў парафіі, на шчасце, змянілася.  У 1990-х гадах, калі памянялася ўлада, вяскоўцы вырашылі аднавіць храм. Сабралі людзі грошы, набылі неабходныя матэрыялы і дружна ўзяліся за працу: мужчыны перакрывалі страху, латалі сцены, жанчыны фарбавалі і прыбіралі памяшканні. Царкоўнае начынне збіралі хто дзе мог: штосьці рабілі сваімі рукамі або куплялі на ахвяраванні вернікаў. А вось царскую браму, харугвій і некалькі ікон прывезлі з Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі (з успамінаў дачок Марыі Крыпень, на сённяшні час самай сталай жыхаркі вёскі Бабры. – Прым. рэд.). А калі работы былі скончаны, асвяціць царкву прыехаў епіскап Навагрудскі і Лідскі Канстанцін (Гаранавы). 

“Храм будзе жыць да той пары, пакуль у ім праводзяцца набажэнствы”, – словы епіскапа сталі своеасаблівым наказам, які сяляне выконваць па сённяшні час. Дарэчы, цяпер парафія ў Бабрах налічвае ўсяго 12 чалавек, сямёра з каторых – жыхары суседняй вёскі Леснікі. Нягледзячы на гэта, сцежка да святыні ніколі не зарастае – прыхаджане даглядаюць сваю цэркаўку і абавязкова прысутнічаюць на богаслужэннях, якія ўжо 36 гадоў запар адпраўляе настаяцель айцец Леанід Вабішчэвіч.  



Там, дзе чуваць адгалоскі малітваў

Непадалёку ад царквы размешчаны мясцовыя могілкі, дзе адвечным сном спачываюць жыхары не толькі Баброў, але і суседніх Леснікоў. На першы погляд – гэта звычайны вясковы пагост: невялікі па памеры, са старымі і новымі магіламі. Пагост, які заўсёды будзе ўступаць гарадскім у сціпласці і непатрабавальнасці, так як і людзі, што жылі і жывуць у сельскай мясцовасці. Але, як аказалася, гэта адзіныя ў Лідскім раёне могілкі, дзе пры пахаванні крыж ставяць не каля галавы, а ў нагах. Як жа правільна на самой справе?

– Можна ставіць крыж і каля галавы, і каля ног. Усё залежыць ад мясцовых традыцый, – тлумачыць айцец Леанід Вабішчэвіч. – Крыж, усталяваны ў нагах, сімвалізуе апору і вечнае жыццё. Пры ўваскрасенні чалавек, паднімаючыся з магілы, адразу глядзіць на крыж і звяртаецца да Бога. А крыж, усталяваны каля галавы, азначае харугву, якую чалавек панясе пасля ўваскрасення як сімвал перамогі над сатаной. 

– Самае галоўнае, каб шанавалі памяць памерлага. А з якога боку будзе ўсталяваны крыж – не мае асаблівага значэння, – дадае святар.

“Без дуба вёсачка асірацела”

Па левы бок ад царквы можна заўважыць вялікі ўчэпісты пень. На жаль, гэта ўсё, што засталося ад магутнага і развіслага дуба, які таксама быў гонарам баброўцаў. Лічыцца, што яму было столькі ж гадоў, колькі і царкве – больш за дзвесце. Хоць памеры (аж сем метраў пры ахопе!) дазвалялі меркаваць пра яшчэ старэйшы яго ўзрост. 

– Пляцоўка пад дубам заўжды была эпіцэнтрам сялянскага жыцця. Памятаю, як па вечарах мужчыны збіраліся, каб пагутарыць, а на фэст, у Юр’еў дзень, пад шырокай кронай накрывалі сталы і святкавалі.  Ля дуба часта праводзіліся сялянскія сходы, а закаханыя кляліся ў вернасці адзін другому. Нават аўталаўка спынялася менавіта пад гэтым дрэвам, – расказвае Рэгіна Заяц. – Але больш за ўсё мне запомнілася катанне яек на Вялікдзень. Для кожнага сялянскага хлопчыка ці дзяўчынкі было ў радасць паўдзельнічаць у спаборніцтвах. Дзеці прыносілі з сабой некалькі пісанак, а той, каму пашанцуе, мог назбіраць на выхадзе цэлы кошык рознакаляровых яек. 

Дарэчы, з гэтым магутным дубам было звязана шмат іншых традыцый і абрадаў. Напрыклад, калі ў сям’і нараджалася дзіця, то першую ваду пасля яго купання  вылівалі менавіта пад дуб. А калі маленькі хлопчык пытаўся, адкуль ён узяўся, то яму адказвалі: «Ты на гэтым дубочку сядзеў». А яшчэ сяляне хадзілі да дуба за здароўем. Лічылася, што ён можа падзяліцца з чалавекам сваёй моцай і сілай.  

Але ў мінулым годзе дуб спілавалі. Ад магутнага волата, які быў для вяскоўцаў сімвалам вечнасці, застаўся толькі шырокі ўчэпісты пень. 

– Спархнеў наш дубок і раскалоўся на некалькі частак. Таму яго ліквідавалі. З той пары вёска нібы асірацела”, – уздыхае Рэгіна Заяц. 

***

Сапраўды, вёска Бабры, некалі такая гаманкая і шматлюдная, выглядае цяпер сіратліва. Нават не верыцца, што паўстагоддзе таму тут жыло каля дзвюх соцень чалавек, а цяпер не налічыць і дзясятка. Не чуваць больш дзіцячых галасоў, хіба што летам, калі да кагосьці завітаюць унукі ці праўнукі. І думаецца, што гэта сіратлівасць з’явілася яшчэ да таго, як драўляны асілак склаў тут сваю буйную векавую крону.  Урбанізацыя. Гэта яна пазабірала з вёскі ўсю моладзь. А моладзь, у сваю чаргу, забрала да сябе сталых бацькоў, каб клапаціцца аб іх з камфортам. Засталіся ў Бабрах толькі тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без роднага куточка. І Рэгіна Заяц адна з такіх. Мы няспешна крочым з ёй па шырокай вясковай вуліцы, якую раней называлі дядзінцам. Прыпыняемся ля кожнай пустой хаты, заглядваем у цёмныя вокны дамоў, і Рэгіна Расціславаўна расказвае пра гаспадароў. І ні разу я не пачула, што жылі ў Бабрах гультаі ці п’яніцы, злодзеі ці нядобрыя людзі. Кожны жыхар вёскі ў памяці гэтай жанчыны застаўся светлым і шчырым чалавекам. І нават не таму, што так ёсць насамрэч. А таму, што і яна сама – частка гэтай дзіўнай вёсачкі. Мястэчка, якое назаўжды застанецца самым блізкім і дарагім яе сэрцу разам з людзьмі, са здзічэлымі садамі, дзе яблыкі і грушы ўжо няма каму збіраць, з царкоўным званом акурат насупраць яе хаты, які жалобна плача па кожнаму, каго выпраўляюць у апошні шлях…










Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться