Статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь атрымала лідчанка Валянціна Сільвановіч

18 Февраля 2023 1480
Самая высокая адзнака творчасцi людзей, якiя адраджаюць традыцыйныя рамёствы, – гэта статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь. У рэгiёне Панямоння такі статус цяпер маюць 22 умельцы. Гэтаму спадарожнічаюць шматгадовае глыбокае вывучэнне рамяства, выяўленне рэгіянальных асаблівасцей, дасканалае выкананне вырабу, блізкае да аўтэнтычнага арыгіналу.

Валянціна Сільвановіч, майстар па ткацтве аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, з 2018 года з’яўляецца носьбітам нематэрыяльна-культурнай спадчыны элемента “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння”. Напрыканцы 2022 года Валянціна атрымала статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь. 

Калі разглядаеш калекцыю адноўленых ёю ручнікоў, узнікаюць захапленне і адначасова здзіўленне. Для сучаснага чалавека, даўно адарванага ад ручной працы, з’яўляецца загадкай, з дапамогай якога чараўніцтва атрымліваюцца рэчы з мінулага.

Каб дасягнуць такога плённага выніку ў ткацтве, мяне вызвалілі ад іншых абавязкаў майстра з мэтай паглыблення ведаў у ткацкім рамястве і практычнага засваення навыкаў. На дасканалае выкананне  копій аўтэнтычных  узораў  патрэбен час, каб іх расшыфраваць і аднавіць,  – адказвае зацікаўленым турыстам падчас майстар-класа Валянціна. – Носьбіты рамяства, да якіх звярталіся за дапамогай, па прычыне сталага ўзросту не змаглі ясна і пераканаўча растлумачыць некаторыя прынцыпы запраўкі станка ў патрэбнай нам тэхніцы. Мне пашанцавала, што на маім творчым шляху сустрэліся маладыя, апантаныя справай людзі, якія дапамаглі разабрацца ў гэтай нялёгкай справе.

Сапраўды, Валянцінавым працавітасці, уседлівасці і жаданню давесці пачатую   справу да канца можна толькі пазайздросціць. Шмат год, аддадзеныя ткацтву, назапасілі вопыт і прывялі да высокага майстэрства выканаўцы. Даўней сакрэты рамяства вякамі перадавалі з вуснаў у вусны, з рук у рукі. Сучасныя магчымасці захаваць ткацтва дазваляюць выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы, літаратуру, практычныя заняткі навучання рамяству. Як майстар, які прафесійна валодае традыцыйнымі рамёствамі, Валянціна актыўна ўдзельнічае ў правядзенні навучальных курсаў. Яна пастаянны ўдзельнік раённых і абласных мерапрыемстваў і святаў, майстар-класаў па пляценні паясоў на ніце і ткацтве. 

Хочацца дадаць, што Валянціна – аўтар мэтадычнага дапаможніка па ткацтве. Зборнік складаецца з чатырох раздзелаў, дзе чытач паглыбляецца ў самае старажытнае рамяство беларусаў і паступова ўключаецца ў працэс стварэння палатна. Першыя два раздзелы апавядаюць пра сыравіну для ткацтва, інструменты для стварэння пражы, прадзенне і снаванне, складовыя часткі ткацкага станка, падрыхтоўку да працэсу ткацтва. Трэці і чацвёрты раздзелы знаёмяць з тэхнікамі ткацтва, фотагалерэяй традыцыйнага адзення і вырабаў тэкстылю, партрэтаў майстроў-носьбітаў рамяства або іх нашчадкаў. Матэрыялы зборніка могуць зацікавіць не толькі аматараў народнай культуры, але і спецыялістаў, музейных работнікаў і проста людзей, якія вывучаюць традыцыйныя рамёствы Беларусі. 

На думку загадчыка аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алены Шчэлінай, чалавек, які праяўляе свае здольнасці і талент дзеля захавання нашай агульнай культурнай спадчыны, выклікае бязмерную павагу і гонар.  Папулярызацыя традыцыйнага ткацтва ў рэгіёне Панямоння – пачэсны накірунак прыкладнога мастацтва, эстэтычны прадукт нашага часу, які захапляе усё больш насельніцтва і натхняе майстроў на стварэнне новых вырабаў. 

Текст: Ірына ДЫДЫШКА, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культурыІрына ДЫДЫШКА, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться