Радасць жыве ва ўдзячным сэрцы

21 Августа 2021 2697
На вуліцы – жнівень. Днём яшчэ па-летняму цёпла, а зранку і ўвечары так выразна адчуваецца набліжэннне восеньскай пары: празрыстае, з прахалодай паветра, пах кветак і свежаскошанай збажыны, чародкі птушак на правадах.

Гэтых падказак прыроды, што хутка пройдзе змена пары года, шмат, і ёсць час падрыхтавацца: зрабіць нарыхтоўкі з садавіны і агародніны, своечасова набыць паліва для ацяплення дамоў або праверыць сістэмы цеплазабеспячэння. Будзённыя  клопаты звычайных дзён… І менавіта ў іх адчуваецца сапраўднае жыццё: заканчваецца жніво – значыць, будзем з хлебам, вядзецца будаўніцтва жылля – значыць, хутка наваселлі. А яшчэ добраўпарадкоўваюцца дарогі, рэканструююцца транспартныя развязкі – забяспечыцца камфорт вадзіцелям і пешаходам. У навучальных устаноў і бацькоў вучняў свой клопат: хутка 1 верасня, трэба падрыхтавацца як след… 

Наша жыццё такое разнапланавае, але такое шчасце, што яно ў Беларусі мірнае, што ў краіне працуюць сацыяльныя ўстановы, дзяржавай забяспечваюцца правы грамадзян на працу і адпачынак, што ёсць шмат іншых даброт. Асабліва востра адчуваецца гэта на фоне крызісаў і непакою ў іншых краінах. А тыя меры, што прадпрымаюцца кіраўніцтвам рэспублікі па захаванні міру ў Беларусі, даюць надзею і на далейшае спакойнае, забяспечанае жыццё яе грамадзян. 

Мне не раз даводзілася чуць асабліва пранізлівыя прызнанні ў любові да Беларусі нашых суайчыннікаў, якія параўноўвалі ўмовы побыту на роднай зямлі і ў іншых краінах. Без рамантызму і фанабэрыстасці скажам, што мелі рацыю нашы продкі, калі казалі: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Добра, калі разуменне гэтага ўкладваецца бацькамі, настаўнікамі з малых гадоў. Горш, калі само жыццё гэта скажа (як правіла, гэта адбываецца пасля не аднаго балючага падзення).

А жнівеньскае неба, па якім днём прабягаюць белыя хмаркі, а вечарам запальваюцца бліскучыя зоркі, нагадвае пра хуткую восень,  а яшчэ – пра вечныя каштоўнасці, пра тое, што толькі ва ўдзячным сэрцы могуць быць спакой і радасць. Каму дзякаваць? Гэта рашэнне прымае кожны сам для сябе. 

Я ж удзячная лёсу за тое, што жыву і працую ў роднай краіне, побач з людзьмі і для людзей, многіх з якіх ведаю і цаню за прафесіяналізм у абранай справе, гатоўнасць дзяліцца ведамі і вопытам з іншымі, адкрытасць характару і разважлівасць. Так часта бываюць падставы ганарыцца поспехамі сваіх землякоў і радавацца за іх… Няхай так будзе і надалей.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться