За дапамогай і за жаданнем пазнаёміцца

08 Февраля 2017 1142

На мінулым тыдні асабісты прыём грамадзян правялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Лідскай выбарчай акрузе №55 Андрэй Наумовіч і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Дзятлаўскай выбарчай акрузе №56 Валянцін Міхневіч. Нагадаем, што Андрэй Наумовіч з’яўляецца старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, Валянцін Міхневіч – старшынёй Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы.

З рознымі пытаннямі звярнуліся лідчане на прыём да дэпутатаў. Лілію Казіміраўну Запаснік хвалюе праблема добраўпарадкавання вуліцы Пушкіна, якая размешчана ў прыватным сектары мікрараёна Раслякі. Уладзімір Іосіфавіч Каляда з вуліцы Хасанаўскай скардзіўся на тое, што ў раскладзе руху аўтобуса, які ходзіць па маршруце №11, дапушчаны вялікі перапынак паміж ранішнімі рэйсамі, што вельмі нязручна для людзей, якім патрэбна зранку дабірацца ў раённую паліклініку. Звярталіся лідчане і з пытаннямі працаўладкавання, пенсіённага забеспячэння, аплаты дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Гэтыя і іншыя просьбы, пажаданні, з якімі жыхары горада прыйшлі на прыём, дэпутатамі і іх памочнікамі ўзяты на кантроль.

– У кожнага чалавека сваё пытанне, якое патрабуе глыбокага вывучэння для таго, каб прыняць канчатковае рашэнне па ім, – пракаментаваў у завяршэнне прыёму Андрэй Наумовіч.

Паказальна, што лідчане падчас прыёму не толькі выказвалі тое, што іх непакоіць, але і гаварылі пра сваё жаданне асабіста пазнаёміцца з дэпутатамі і дзякавалі за ўвагу да іх жыццёвых сітуацый.

“Мы разумеем, што не адразу можа вырашыцца пытанне, але дзякуй за добразычлівасць, з якой нас выслухалі, і ёсць надзея, што вынік нашых зваротаў будзе плённым”, – з такой высновай пакідалі лідчане будынак райвыканкама, дзе праходзіў прыём грамадзян.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться