Наталля Кучынская: «У праект Кодэкса аб культуры яшчэ можна ўнесці прапановы»

23 Марта 2016 1191

На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Наталля Кучынская правяла сустрэчу з работнікамі сферы культуры Лідчыны. Наталля Генадзьеўна ўзначальвае рабочую групу Пастаяннай камісіі, якая займаецца падрыхтоўкай Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь. Тэмай абмеркавання стаў праект будучага Кодэкса.

У пачатку сустрэчы дэпутат адзначыла:

– Я сама выйшла са сферы адукацыі і толькі другі год шчыльна займаюся вывучэннем дзейнасці ў сферы культуры. Тым не менш прыйшла да высновы, што працаваць у культуры вельмі нялёгка. Дзеля таго каб працу зрабіць больш пэўнай, і распрацоўваецца дадзены дакумент – Кодэкс аб культуры. З гатоўнасцю выслухаю ўсе вашы заўвагі і прапановы. Хаця праект дакумента ўжо ёсць, але штосьці ў ім яшчэ можна падправіць.

Наталля Генадзьеўна азнаёміла прысутных з асновай Кодэкса. Дакумент бу-дзе грунтоўным, яго змест складзе больш за дзвесце старонак. З аднаго боку, гэта добра: атрымліваецца свайго роду энцыклапедыя, кіраўніцтва для працы. З другога боку, калі нейкі ўказ, падзаконны дакумент можна з часам падправіць, то зрабіць гэта ў Кодэксе будзе цяжка. Менавіта таму дэпутат і праводзіць такія сустрэчы – каб выслухаць работнікаў культуры і максімальна ўлічыць заўвагі.

Апошнім часам Кодэкс шмат абмяркоўваецца ў беларускіх СМІ. Спектр тэм, паводле якіх вядуцца гарачыя дыскусіі, даволі шырокі. Яны тычацца і археалагічных каштоўнасцей, і правядзення дыскатэк, і пытанняў мецэнацтва...

– Асабліва хвалюе мяне зараз, на стадыі распрацоўкі, пытанне ўліку музейных прадметаў, – адзначыла Наталля Кучынская. – На гэты конт хачу пагаварыць з музейнымі работнікамі.

Са сваім бачаннем праблемы выступілі дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ганна Драб і захавальнік фондаў Наталля Хацяновіч.

20-1

 

Наталля Кучынская папрасіла прысутных выказваць і іншыя свае прапановы. Дарэчы, заўважыла парламентарый, зрабіць гэта можна і ў сетцы Інтэрнэт, дзе ёсць сайт Наталлі Кучынскай (kuchinskaya.house.gov.by). На гэтым рэсурсе ў даступнай форме прадстаўлены праект Кодэкса, там жа можна пачытаць водгукі і, карыстаючыся зваротнай сувяззю, выказаць свае прапановы. Многія з прысутных рыхтаваліся да сустрэчы і ўжо азнаёміліся з праектам Кодэкса. “Прыемна, што столькі ўвагі нададзена менавіта музеям, – адзначыла Ганна Драб. – Лідскія музейшчыкі ўдзячныя вам за гэта. Хацелася б выказаць і свае прапановы... У прыватнасці, у нас узнікае шмат пытанняў наконт вяртання музейных прадметаў, правоў і абавязкаў наведвальнікаў...” Практычна ўсіх прысутных работнікаў культуры хвалявалі пытанні тыпавога штатнага раскладу, заробкаў, пазабюджэтнай дзейнасці, даведзеных планаў выканання асобных паслуг і іншыя... Але, як заўважыла парламентарый, многія з гэтых пытанняў не ўваходзяць у Кодэкс і рэгламентуюцца Міністэрствам культуры. Між тым, Наталля Генадзьеўна паабяцала ўсе іх адрасаваць у міністэрства.

Папрасіў слова Аляксандр Парфенчык, загадчык Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Ён распавёў: некалькі год назад была зроблена вельмі добрая справа – рэканструяваны палац Дамбавецкага, у якім размяшчаецца цэнтр. Сам палац і тая спадчына, якая захавана па сённяшні дзень, – вялізная каштоўнасць, наш набытак. Але яе трэба выкарыстоўваць. Аляксандр Парфенчык запрасіў дэпутата наведаць палац і па магчымасці садзейнічаць наладжванню турыстычных маршрутаў.

Падчас заканчэння сустрэчы Наталля Генадзьеўна звярнулася да прысутных: “Абмяркуйце ў сваіх калектывах яшчэ раз тыя пытанні, якія вас хвалююць, і паведаміце мне на сайце. Усіх выслухаю і ўсім адкажу”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться