На выязным прыёме кіраўніка мясцовай улады жыхары Крупава гаварылі пра прыгажосць мясцін і прасілі дапамогі ў вырашэнні некаторых пытанняў

02 Ноября 2019 2096
На гэтым тыдні, у сераду, старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложэчнік правёў першы выязны прыём грамадзян. Прыём праходзіў у аграгарадку Крупава.

Дарэчы, гэты населены пункт на тэрыторыі Крупаўскага сельсавета па колькасці пражываючых з’яўляецца другім. У Малэйкаўшчызне пражывае 836 чалавек, у Крупаве – 625, у Гудах – 522. 

Перавага Крупава – у яго размяшчэнні: ад цэнтра Ліды кіламетраў сем шляху, а на машыне яны пераадольваюцца за лічаныя хвіліны.

Крупава – той унікальны населены пункт, які мае старажытную гісторыю (толькі адзін з доказаў: мясцовы касцёл быў заснаваны ў 1450 годзе і з’яўляецца адным з найстаражытнейшых каталіцкіх храмаў Лідчыны), і разам з тым тут ёсць выгоды, характэрныя для горада: асфальтаваныя дарогі, газазабеспячэнне, водаправод… Вось якраз апошні і пракладзены не па ўсіх вуліцах. І гэта стварае праблемы тым крупаўчанам, якія жывуць па вуліцы Азёрнай (дарэчы, найстарэйшай вуліцы аграгарадка).

Раней тут амаль у кожным двары былі студні, запоўненыя крынічнай сцюдзёнай вадой у любую пару года. Але цяпер сітуацыя змянілася – студні пачалі мялець. Можна шукаць прычыны гэтага ў праведзенай меліярацыі або змене клімату з яго маласнежнымі зімамі і засушлівым летам, але факт застаецца фактам: бываюць перыяды, калі недахоп вады адчуваецца. Няхай гэта праблема не тычыцца кожнага гаспадара, але яна ёсць. І нават калі сітуацыя сёння не крытычная, хто ведае, як станецца заўтра. Нішто ж не гаворыць пра тое, што падземных крыніц стане больш і знаходзіць іх будзе лягчэй.

З просьбай аб тым, каб па вуліцы быў пракладзены водаправод, а людзі ўжо самі падключыліся да яго, звярнулася да кіраўніка раёна мясцовая жыхарка Алена Гельвей. Дарэчы, дом у Крупаве сям’я Алены Віктараўны (пасля вяртання з Германіі) спачатку купіла “пад дачу”. А пасля, ацаніўшы перавагі размяшчэння вёскі, прыгажосць мясцін, возера, якое бачна з вокнаў дома, увогуле пераехалі сюды на пастаяннае месца жыхарства. Так што для дзяцей сям’і Гельвей Крупава – малая радзіма.

Гучала на прыёме і пытанне аб магчымасці пераносу паштовага аддзялення ў іншае памяшканне – цяпер пошта арандуе памяшканне ў ААТ “Лідахлебапрадукт” у вёсцы Навіцкія, і кіраўніцтва РВПС спрабавала яшчэ год таму знайсці іншае месца для аддзялення непасрэдна ў Крупаве. На жаль, з-за дарагой арэнды не атрымалася перавесці пошту ў адзін будынак з магазінам. 

Гэтыя і іншыя пытанні, агучаныя крупаўчанкай ад імя жыхароў аграгарадка, будуць вывучаны.

Старшыня райвыканкама Сяргей Ложэчнік у ходзе прыёму, на якім прысутнічаў і старшыня Крупаўскага сельскага Савета Руслан Мельнік, зазначыў, што ў пытанні водазабеспячэння насельніцтва трэба думаць не толькі аб самой наяўнасці вады, але і аб яе якасці. 

Падчас размовы з журналістам “Лідскай газеты” Алена Гельвей зазначыла, што з боку Сяргея Ложэчніка яна ўбачыла разуменне праблемы і зычлівае стаўленне да сябе як прадстаўніцы грамадскасці. І шкадавала, што на момант размовы са старшынёй райвыканкама не прыгадала іншае пытанне, з якім хацела звярнуцца да яго.

– Раней у нашым аграгарадку пад Новы год заўсёды ўпрыгожвалі ёлку, і людзі былі задаволены, прыходзілі пад яе, было так весела. А ў апошнія гады ёлку не ставяць, – сказала Алена Віктараўна. – Так хацелася б, каб добрая традыцыя вярнулася.

*  *  *

Пасля завяршэння прыёму, які праходзіў у Крупаўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа, Сяргей Ложэчнік наведаў музей навучальнай установы “Час. Падзеі. Людзі”, дзе невялікую пазнавальную экскурсію правёў настаўнік гісторыі, былы дырэктар школы Іван Гівойна.

Але не толькі пра цікавыя экспанаты ішла размова. Скарыстаўшыся магчымасцю, прадстаўнікі школы звярнуліся да кіраўніка раёна з просьбай аказаць дапамогу ў рамонце даху над будынкам, у якім размяшчаюцца музей і кабінет працоўнага навучання. Для таго каб вырашэнне праблемы скранулася з месца, кіраўнік раёна даручыў найперш дакладна пралічыць аб’ём работы для вызначэння яе кошту.

Сяргей Ложэчнік пабываў таксама ў школьнай спартыўнай зале, дзе цікавіўся наяўнасцю інвентара для заняткаў фізкультурай, магчымасцю дзяцей займацца ў спартыўных секцыях. Кіраўнік раёна наведаў і іншыя сацыяльныя аб’екты аграгарадка.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться